— Гэта табе Аксана сказала? — асуджальна свіснуў хлопец.
— Не злуй на яе. Такога нельга не перадаць: ты нібыта сказаў, што Гітлеру морду набілі.
— Дык праўда набілі.
— Дзе? Хто?
— Нашы. У гэтым... у Сталінградзе.
— Хто табе сказаў?
— Хтокала. Людзі гавораць. З атрада перадалі.
— З якога атрада?
Прыкусіў хлопец язык: вырвалася лішняе. Забраў міску і скаціўся па лесвіцы.
Як жа ён можа ляжаць тут, калі там на фронце вунь што робіцца! У Мінску яны наладзілі б феерверк у гонар перамогі. Горача фрыцам стала б. У абед выцягнуў ад Міколы нямнога: гавораць людзі, рот ім не завяжаш, відаць, праўда, калі па дварах навіна лётае. А на змярканні, да вячэры яшчэ, з'явіўся Мікола яшчэ раз, лёг побач і глыбакадумна маўчаў, як стары, толькі на пытанні адказваў. І ў цемры, не бачачы твару яго, Шабовіч адчуваў, што хлопец мае сказаць нешта важнае. Чаму толькі цягне? Наганяе значнасці і сур'ёзнасці? І раптам шэпт у вуха:
— Хочаш, правяду ў атрад?
У Шабовіча перахапіла дыханне.
— У які?
— Там узнаеш — у які.
— Канешне, хачу.
— Пад раніцу выйдзем.
— Не праспіш?
— Я прасплю?! — зусім дзіцячае абурэнне і крыўда: маўляў, я табе такое хачу зрабіць, а ты пра мяне як думаеш!
— Адкуль я ведаю, як ты спіш? Я моцна.
— Бо ты інтэлігент, беларукі.
— Я з такой жа вёскі. І бацька папругі мне не раз даваў.
— Дык то бацька,— ад бацькі хлопец гатовы стрываць усё, матчыны лупцоўкі краналі яго мужчынскую годнасць.
— Пакліч мяне да Аксаны.
— Вочы мокрымі не зробіш ёй? Не люблю бабскіх слёз.
— Не бойся. Аксаніны слёзы дорага каштуюць.
— Што яны каштуюць! Соль адна.
— Соль цяпер дарагая.
Увечары ў сенцах, пасля ў двары загрымеў Ганнін сярдзіты голас. Няцяжка было здагадацца, што зноў ганяе сына.
Да Аксаны яго не паклікалі. Спачатку, здалося яму, у хаце бубніў чужы голас, а потым адразу пагасла газнічка: праз шчыліну ў франтоне ён бачыў гэтую плямку святла ў агароджу. Пайсці сам не адважыўся. Хата, напэўна, зачынена, і Ганна можа паслаць яго... і грубасцю сваёй зробіць балюча Аксане. Не пабаяўся Ганны — пашкадаваў раненую жонку.
Заснуць доўга не ўдавалася. Як можна заснуць, калі заўтра ён дасягне мэты — будзе ў партызанскім атрадзе! Уяўляў сваю сустрэчу з камандзірамі. Падумаў і пра тое, што яму могуць не адразу паверыць. Але калі ён раскажа ўсю сваю эпапею, пра арганізацыю падпольную, пра справы свае і сяброў сваіх... Урэшце, для коннікаў недалёка суседні атрад — Дзядзюлі, дзе так добра знаюць Аксану. Лёгка можна праверыць. Козыр пэўны: спытайце ў Дзядзюлі.