— Не хапай. Так у цябе ненадоўга хопіць сілы. Пакуль я іду сама...
Пакуль... А потым? Ведаў, што неўзабаве яму прыйдзецца несці яе. Але Аксане пра гэта не сказаў.
Заміналі мяшок і вінтоўка, асабліва вінтоўка; ён не служыў у арміі і насіў вінтоўку хіба на ваеннай падрыхтоўцы ў медтэхнікуме, вучэбную, з дзіркай у дуле, без патронаў. Тры абоймы ляжалі ў паліцэйскага ў шынялі. Стась пералажыў іх у сваю кішэню. Хацелася паглядзець пасведчанне. Але не мог павярнуць нябожчыка — лепш не бачыць яго твару, каб не прыдаваўся. Так лягчэй: забіў ворага, не чалавека — як на фронце.
Аксана згадзілася з ім: лепш не бачыць.
— Вечнай памяці яму не будзе. Разумны чалавек праехаў бы міма такіх начлежнікаў. Колькі цяпер блукае па свеце людзей! Дзе ж ім заначаваць? А ён усвоіў фашысцкую формулу: страляй у кожнага падазронага. Стрэліў...
— А ў яго, напэўна, дзеці. Што іх прымушае ісці на такую службу?
— Ненавідзяць уладу нашу.
— За што? У мяне дзядзьку арыштавалі ў трыццаць восьмым. Помніш, як мяне хацелі выключыць з тэхнікума? Добра, што ён жыў далёка, на Урале, і я толькі малая бачыла яго. Ён муляр, завод будаваў...
— Не гавары многа — траціш сілы.
— Не бойся. Сілы ў мяне хопіць.
А крок збівала часцей і часцей, цяжэй павісала на яго руцэ.
Выйшлі ў бор. Але пад соснамі раслі чарніцы, на іх след заставаўся яшчэ больш выразны — зялёная сцежка.
А потым адкрылася поле. Землі тут камяністыя, бедныя, але краявіды незвычайныя. Нехта назваў мясціны тутэйшыя беларускай Швейцарыяй — вядомая з падручнікаў геаграфіі Беларуска-літоўская града. Поле нешырокае, сотні тры-чатыры крокаў, а далей зноў лес, узбіраўся на круты ўзгорак малады бярэзнік. Але поле засеяна азімінай, і на рунь сеў больш густы іней, чым у лесе. Узышло сонца, і поле ажно іскрылася, зіхацела, сляпіла вочы.
«Божа мой, якое яно, жыццё!» — упершыню з душэўным смуткам падумала Аксана.
— На такім полі сцежка ад слядоў будзе відна вунь з той гары, за дзве вярсты.
Паспрабавалі абысці азіміну і выйшлі на торную дарогу, пясчаную. Небяспечна ісці па ёй, але сляды на пяску хутка растаюць. І Шабовіч рызыкнуў. Падхапіў Аксану падпашкі і ўподбег рушыў па дарозе. Прабеглі так да лесу ў падэшвы ўзгорка і... апусціліся на зямлю.
І — дзіўна — ён дыхаў не так цяжка, як Аксана, быццам не ён нёс яе, а яна яго.
— Цяжка табе ісці?
— Цяжка,— шчыра прызналася яна, вінавата ўсміхаючыся засмяглымі вуснамі.— Ногі млеюць, і галава кружыцца.
— Далей не пойдзем.
У вачах яе адбілася здзіўленне: а што будзем рабіць?
— Удзень правядзём разведку. А ўначы я паспрабую дастаць каня і воз. Па-добраму не дадуць — забяру па законах ваеннага часу.
Яны ўглыбіліся ў лес, ледзьве не на вяршыню ўзгорка. У лесе гэтым трапляліся зялёнкі.
— Глядзі, зялёнкі! Так позна.
— Не падабаецца гэта мне. Могуць з'явіцца грыбнікі.
— Гэта не страшныя людзі — дзеці, кабеты,— сказала Аксана.
— Дзеці раззвоняць на ўсю ваколіцу.
— Тыя дзеці, што ходзяць па грыбы, не раззвоняць. Дзеці цяпер разумныя.
Аксана прагна аблізвала вусны. Паліць яе. А дзе дастаць вады на гэтай гары?
— Пайду пашукаю ваду.