— Можна да вас?
— Добраму чалавеку — можна.
Яна растварылася, што дух, у цемры сенцаў, а Шабовіч ступіў у хату. За сталом сядзеў барадаты стары ў акулярах у жалезнай аправе і чытаў тоўстую старую кнігу, такой кнігай магла быць толькі Біблія. «Трапіў я, аднак. Калі старавер — вады не дасць»,— незадаволена падумаў Шабовіч, ён з недаверам ставіўся да такіх вось набожных старых, бо добра, з маленства, ведаў маскалёў-старавераў.
Дзед глянуў паверх акуляраў, здавалася, без усялякай цікавасці.
— Добры вечар, бацька.
— Вечар добры, сынок.
Увайшла жанчына з сенцаў, прайшла міма яго ў кут да ложка, села, як святая, высокая, худая, пласкагрудая, даць ёй можна было гадоў сорак, такімі мужападобнымі бываюць векавухі, што не выходзілі замуж, не нараджалі. Сказаў ёй:
— Смела вы, аднак, адчыняеце... у наш час.
— Чалавек, які ўваходзіць праз дзверы,— госць.
Шабовіч наблізіўся да стала.
— Біблія?
— Біблія.
— Мудрая кніга,— вырашыў трохі падльсціць, падмазаць.
— Чытаў?
— Каюся. Не чытаў. Ніхто не параіў ды і не даў самую кнігу. Першы раз бачу.
Стары ўздыхнуў.
— Калі вы не пярэчыце, я сяду.
— Сядай. Лаўку не праседзіш.
Шабовіч сеў на ўслон збоку да стала, але, угледзеўшы, што сеў якраз жа напроціў акна, адсунуўся бліжэй да кута, бліжэй да гаспадара, апынуўся тварам у твар.
— Вас там многа? Хтось на мушцы мяне трымае?
— Што вы! Я адзін. Таварыш мой... жонка... у лесе, раненая.
Стары адарваўся ад кнігі, зняў акуляры — зацікавіўся.
— Бацька, я не знаю, хто вы, што вы думаеце, якому богу моліцеся... зямному. Але я прыйшоў да вас, я кланяюся вам у ногі... І я буду гаварыць, як на споведзі, святую праўду. Як перад богам...
— Я такі ж грэшны, сынок,— уздыхнуў стары.
— Мы з жонкай ідзём з Мінска ў партызанскі атрад. Не проста ідзём — уцякаем. Я ўжо быў арыштаваны немцамі. За што — вы здагадваецеся. Цуд, што вырваўся. Другі арышт — і смерць. І мне і ёй. Дайшлі да вас. А сёння раніцою нейкі сукін сын пальнуў у нас. Раніў Аксану...
— Чакай. Дзе гэта было?
— Ды тут... у лесе, можа, вярсты дзве ў бок Мінска.
— Ён жонку тваю, а ты яго?
Шабовіч угледзеўся ў старога: як той адносіцца да смерці паліцая? Звестка аб смерці Гаўруса абляцела, выходзіць, наваколле, людскі тэлеграф безадказны. Не, у вачах дзеда нічога не адбілася — ні гневу, не спачування, ні ўхвалення. Гэта ўзбадзёрыла. Калі ўжо праўда — то праўда да канца.
— Вайна, дзед, хто — каго.