— Дранікаў з салам хочаш?
Чурсік падняў крышку каструлі.
— Да прадметаў не дакранайся. Цяміш? Пісталет у мяне на баявым узводзе.
— За каго ты мяне лічыш? У нагу сабе не выстралі.
— Не клапаціся.
— Дзе ж мне стаць, каб далей ад прадметаў?
— Там, за плітай і стань. А я тут, каля дзвярэй. Так яно зручней і табе, і мне. Слухай. Адкуль у цябе столькі барахла? Нацягаў ад людзей? Аброцямі і лейцамі не пагрэбаваў. Лейцы табе навошта?
— У мяне брат у Мінску жыў. На Балотнай станцыі рабіў, на конях. Вайна пачалася — у сяло вярнуўся. Збрую прыпас, каб зямлю засяваць. Ды, відаць, на каня не ўзаб'ецца. Нас з роднага сяла ў трыццатым вывезлі з музыкай- галашэннем...
— А-а, дык ты з кулакоў? Усё зразумела. А я хацеў запытаць, што цябе ў паліцыю прывяло. Злосць на Савецкую ўладу?
— Няма ў мяне тае злосці, пра якую ты думаеш. Бачу я злосных. Ты хіба не бачыш іх?
Аднак зямелькі шкада?
І зямелькі не шкада. Я даўно пралетарый.
Ухты-юхты! Пралетарый!
Колькі той зямлі было! Дзевяць дзесяцін. Камення. Два кані. Дзве каровы. Ды я, калі на Балотнай станцыі рабіў, брыгадзірам, у пяць разоў лепей жыў. Дом, бачыш, пабудаваў, калі пашпарт атрымаў.
— Табе пашпарт далі. Свабодным чалавекам зрабілі. А ты ўсё роўна кулаком застаўся. Ворагам нашым лютым пайшоў служыць...
— Ты таксама пайшоў...
Прыраўняў кіёк да ёк.
— Параўняць нельга, гэта я цямлю, як ты кажаш. Але куды каго судзьба завяла.
— Філосаф ты! Што ж яна ўсіх іншых павяла на фронт, у партызаны, у падполле. А толькі такіх, як ты, да фашыстаў.. на паклон да іх. Супраць народа свайго. Пралетарый! Дык я табе скажу, «пралетарый». Кулак — не коні і нават не зямля... у майго бацькі было столькі ж зямлі... Кулак — нутро... нутро ворага свайго народа... Ад сквапнасці да зладзейства — адзін крок. Як у цябе. Ты лейцы збіраў, не маючы каня, каб людзей на іх вешаць.
— Ты што! — спалохана сцяўся Чурсік.— Нікога я не хацеў вешаць.
— Каб загадалі — вешаў бы.
Чурсік раптам ашчэрыўся, павысіў голас.
— А можа, я падаўся туды ад таго, што такія, як ты, ніколі не мелі літасці да мяне. Ты дзіця маё не пашкадуеш.
Дзяўчынка плакала за сцяной.
Шабовічу не спадабалася, што ўвішная гаспадыня залішне доўга валэндаецца з малой. Выходзіла ў прыхожую, брынчэла посудам. Корміць, напэўна, хоць на кухню, дзе смачна пахне смажаным, не прыйшла. Як даць ёй знаць, каб паспяшалася? Малая не павінна бачыць ні яго, ні бацькі. Пастукаць у сцяну? Напалохаеш малую. Не, дзіця ён шкадаваў. Таму і загадаў адвесці яе. І нават стукам не можа спалохаць.
— Не хоча яна ісці да суседзяў.
— А ты знаеш, чаго яна не хоча? Надзька сама сказала, калі мы ў карты гулялі. Бобікам яе дражняць дзеці. Трапна народ ахрысціў вас — бо-бі-кі. Хоць мне здаецца: сабакі павінны пакрыўдзіцца. Сабака — верны звер, не здраджвае. Разумнага пса мясам не пераманіць. А вас за зацірку купілі. А дзіця тваё я шкадую. Ты сам яе не шкадуеш. Ты што думаеш? Ёй і праз дваццаць гадоў прыпомняць, што яна з роду бобікаў.
— Лайся, лайся, пакуль твой верх.
— А ты яшчэ не кідаеш надзеі падмяць мяне?
— Судзьба — яна што вецер. Не знаеш, у які бок паверне.