— Я цябе заганю дзе Макар цялят не пасвіў.
— А дзе ён не пасвіў?
— Там пабачыш.
Шабовіч дацягнуўся рукой да каструлі, узяў дранік, адкусіў кавалачак, і надзвычайная смаката растала ў роце.
Чурсік не запіхнуў больш два дранікі ў зяпу, еў гэтак жа павольна, як і яго вартаўнік.
Яны як бы спаборнічалі, хто лепш умее смакаваць і такім чынам вышэй ацэніць кулінарнае майстэрства гаспадыні. Калі Чурсік з'еў свае дранікі, Шабовіч дастаў аладку з каструлі і кінуў гаспадару:
— Лаві.
І той злавіў. Адразу, відаць, не падумаў, але потым дайшло: кідае, як сабаку ў яго доме. І стала паліцаю крыўдна, ён злосна пляснуў дранік аб сцяну, пасадзіўшы на шпалеры масляную пляму, і... заплакаў натуральным чынам; не адвярнуўся, не хаваўся, не выціраў слёз. Шабовіч ажно разгубіўся. Усяго чакаў, але што паліцай заплача — ніколі не думаў. Зразумеў Чурсікаў стан і па-чалавечаму пашкадаваў, паспачуваў. Але тут жа злосна тузануў сябе за такую слабасць: рассопліўся! Каб пазбегчы якіх бы ні было слоў з гэтай нагоды, злосна загадаў:
— Ану, тупай у залу!
Высокім словам «зала» называлі той галоўны пакой, дзе прынімалі гасцей, гулялі ў карты; жыў былы селянін па- гарадскому.
Увайшоўшы туды, пасаромлены ўласнымі слязамі і ўзлаваны за іх, за ўніжэнне, гаспадар уедліва спытаў:
— І што загадаеш мне рабіць тут? Гаўкаць? Лізаць табе боты?
— Сядай да стала і не вякай! Распусціў нюні! Наплачашся яшчэ, не спяшайся.
— Наплачамся ўсе. Судзьба... яна...
— Заткніся са сваёй судзьбой.
— Во, і ты яе баішся.
Стол, учора голы, калі гулялі ў карты, быў накрыты адмыслова вытканым палатняным абрусам, але на ім па-ранейшаму стаяла бляшаначка для акуркаў і ляжала калода карт.
Чурсік нейкі час сядзеў, закрыўшы твар далонямі, збіраў свае раскіданыя думкі. Потым апусціў рукі, убачыў карты і як бы ўзрадаваўся, што ёсць занятак. Колькі разоў ператасаваў калоду, потым пачаў задумліва раскладваць пасьянс.
Шабовіч хадзіў па пакоі, заглядваючы ў вокны, аднак не набліжаўся да іх. Мацней, чым упачатку, занепакоіла думка: што зрабіла Хрысціна — зачыніла дом ці пакінула адчыненым! І што лепш у яго становішчы — знаходзіцца пад замком ці мець свабоднае выйсце? Але марны занятак ламаць галаву над тым, што лепш, што горш, не ведаючы, што маеш.
Пайсці праверыць? А калі ў гэтага тыпа ёсць другі пісталет і іншая зброя?
Дзеці назіральныя, і малая, напэўна, звярнула б увагу, што маці, пакідаючы дом, не зачыніла яго. А такой замінкі не чуваць было — здзіўленага голасу Надзечкі. Выходзіць, зачыніла. Па логіцы павінна зачыніць, каб ніхто не ўвайшоў, ніхто не ўбачыў тут яго, Шабовіча: разумная ж жанчына. Ды ад такой нечаканасці любы разумны стане дурнем.
Думкі вірыліся, але ўсё роўна адчуваў страшэнную зморанасць. Ад сытых дранікаў, ці што? Нясцерпна хацелася сесці ці хаця б прытуліцца да вушака, да сцяны. Але ведаў: сядзе — засне. А заснуць нельга ні ў якім разе, нават на секунду. Паліцай сочыць за ім, хоць і заняты картамі. Верыць яму нельга. Дарэмна яны з Іванам ставілі мэту — уцягнуць яго ў сваю арганізацыю. Памыляліся. Не той чалавек. Глядзі, што, можа, наадварот: ён меў заданне прасачыць за імі, таму і пайшоў ахвотна на карцёжную дружбу.
Спыніўся перад сталом.
— Варожыш?
— Хочаш, і табе паваражу? Скажу, чым кончыцца твая авантура?
— Якая авантура?
— Ды гэтая...
— Ну, і гад ты! Ну, і гад! А я лічыў, што ты чалавек. Думалі, паможаш нашым. Ведай жа... Калі ў тваім дурным кацялку сядзіць авантурнае, то раю выкінуць... Нашы ведаюць, да каго я пайшоў.
— Навошта ж ты Хрысціну паслаў?
— Іван ведае. А яму нельга паказвацца ў бальніцы. Цяміш?