Надзея на ратунак пераўтварыла іх, яны напружыліся і схіліліся ў пачцівай паставе. А ён вытрымліваў паўзу, быццам яшчэ думаў, якую магчымасць ім даць і ці даваць увогуле.
Хрысціна не вытрымала:
— Стасік, не мучай ты нас.
— Я вас мучаю? Ха! Скажыце дзякуй.
— Мы табе паклонімся ў ножкі. У нас жа дзіця.
Такое рабскае прыніжэнне не спадабалася. І ўласныя дзеянні асудзіў: не да твару яму цешыцца ўладай над людзьмі ды і час цягнуць неразумна.
— Ну, вось што... калі ў вас засталося штось чалавечае, то слухайце... Зараз ты,— кіўнуў гаспадыні,— пабяжыш у першую бальніцу. Знойдзеш там сястру Каваленку Аксану і скажаш ёй... сама разумееш, як трэба сказаць. Ёй адной! Словы простыя. Але запомні. Не наблытай... «Град. Варыянт трэці. Страла».
— «Град. Варыянт трэці. Страла»,— прашаптала Хрысціна і здзіўлена спытала: — І ўсё?
— І ўсё.
— А калі пра цябе спытае? Дзе ты? Што з табой?
На міг Шабовіч задумаўся.
— Не спытае. А калі спытае, скажы, хто ты. І скажы: ніякай самадзейнасці. І сама... Ніякай самадзейнасці! Цяміш?
— Што я — дурная?!
— Гэта твая каханка? — спытаў Чурсік.
— Гэта мой таварыш па барацьбе з чумой.
— Рызыканты вы.
— А ты жывеш без рызыкі?
— Цяпер дайшло, колькі яе ў мяне, рызыкі. Ратунку няма нікому.
— Ратунак, пан Чурсік, ёсць.
— Які я пан! Пан-жупан!..
— Будзе ў нас час пагаварыць пра тваё панства, пакуль вернецца гаспадыня.
Хрысціна, нырнуўшы ў бакоўку, неверагодна хутка, праз якія дзве-тры мінуты, выскачыла адтуль у сукенцы, у ботах, у цёплай хустцы. Паліто вісела ў прыхожым пакоі, дзе звычайна распраналіся і яны, карцёжнікі. З гэткай жа ўвішнасцю яна апранулася. Стала ў дзвярах.
— Ну, я пайшла,— і яшчэ раз наказала мужу: — Накармі чалавека.
Гэтая яе ўвішнасць і выгляд — быццам узрадавалася, што выходзіць з дому,— не спадабалася Шабовічу. І ён спыніў яе:
— Стоп! Разбудзі дачку і завядзі да суседзяў.
— Навошта? — у вачах яе бліснуў спалох.
— Не хачу мець у заложніках дзіця. Хопіць з мяне паліцая. Цяміш?
Паслухмяна, але ўжо без увішнасці, з нейкай як бы стомленай запаволенасцю жанчына падалася ў спальню.
— А мы з табой схаваемся. Каб яна не бачыла нас. Куды? На кухню?
На цеснай кухні яны апынуліся бліжэй адзін да аднаго, чым у прасторным пакоі. А на пліце, на стале, на паліцах, на падаконніку было нямала цяжкіх прадметаў — скавародак, чыгункоў, ступак, мясарубак. Пліту нядаўна прапалілі. Патыхнула незвычайнай цеплынёй і вельмі апетытнай смажанінай.