Пасля перажыванняў, астуджанасці, сугрэву добрай порцыяй самагонкі і гарачым чараном не адразу прачнуўся, не адразу прыйшоў да памяці.
— Я, Васіль. Я. Шабовіч.
Уміг паліцай выскачыў з-за перагародкі. Быў ён у світэры — грэў прастуджаныя грудзі, у брудных сподніках.
— Ты? Ты?! Як ты?
— Як і ты.
— Цябе адпусцілі?
— Я ўцёк.
— З турмы?
— З турмы.
— Ой, Стасік! — пляснула далонямі Хрысціна.
— Ста-а-сік! — перадражняючы, загаласіў Чурсік.— Пацалуйся са сваім Стасікам. Каго ўпускаеш, разява! — і кінуўся да дзвярэй, сарваў з цвіка кабуру, але, па вазе адчуўшы, што яна пустая, шпурнуў пад стол і сам сагнуўся, быццам яго ўдарылі ў жывот, заенчыў.
— Не галасі. Пісталет твой у мяне. Сядай, пагаворым.
Чурсік паслухмяна і панура сеў на крэсла каля стала.
Хрысціна сунулася ў спальню.
— Ты куды?
— Штаны Васю дам. І валёнкі.
— Штаны дай. Без штаноў — якая ўлада!
Чурсік узняў галаву, здзіўлена паглядзеў на Шабовіча. А той глядзеў у акно: па вуліцы ішлі людзі, спяшаліся на працу, парадак у немцаў строгі.
— Ты яшчэ жартуеш?
— А чаму мне не жартаваць? Прыйшоў у госці...
— У госці...
— Ты не лічыш мяне госцем? Дарэмна.
Хрысціна прынесла штаны і валёнкі, але Чурсік штаны не надзеў, толькі сунуў ногі ў валёнкі, падлога халодная, вярталася нутраное адчуванне холаду, ад якога пачынала калаціць. А ён не хацеў, каб закалаціла так, як у першыя хвіліны, калі ён вярнуўся дадому, не хацеў, каб гэты нахабнік Шабовіч падумаў, што яго трасе ад страху.
Стась абышоў вакол стала і спыніўся перад ім.
— Цябе нябось у легкавушцы везлі? З прабачэннямі. Памыліліся ці сыгралі спектакль?
— Які спектакль? — шчыра не зразумеў Чурсік.
— Ты нас выдаў? Прызнавайся!
Паліцай падхапіўся з крэсла, закрычаў:
— Не выдаваў я! Адкуль я знаў, хто вы! Чорт вас ведае! Думаў — свае людзі.
— Не крычы, дзіця разбудзіш,— знарок шэптам, пагрозлівым шэптам загадаў Стась.— А мы і ёсць свае. Мы — свае! Разумееш?