Пакуль пагаварыла з Таццянай, сцямнела, і цяпер заставалася толькі згатаваць вячэру, перамяніць халат на сукенку, уладкавацца на капапе і чакаць Сяргея.
Я чытала новы раман Гессэ, а ў галаве круціліся яшчэ і лянівыя думкі пра дачку, якую на канікулы забрала ў Маскву маці, і пра мужа, якому паспела разы тры пазваніць на тэлестудыю і крышку пасварыцца — з-за нейкай драбязы. Спакойна цікалі два гадзіннікі, дамавік, мабыць, спаў лагодным сном у нейкім сваім гняздзе за шафай, і раптоўны званок трывожна і злавесна ўварваўся ў цішыню. Званілі з бальніцы. Малады дзявочы голас дзёрзка кінуў:
— Ваш муж прасіў пазваніць. Ён у аперацыйнай. Не хвалюйцеся!
Я ледзь паспела спытаць у яе нумар бальніцы, і яна гахнула трубкай. Тут жа я атрымала і новую вымову — ад дыспетчара таксі, які не разумеў назвы нашай вуліцы...
I толькі амаль у непрытомнасці апрануўшыся, зачыніўшы кватэру і выбегшы на двор, я здзівілася таму, што тэлефонны званок з бальніцы абрынуўся на мяне, як шматтонны вадаспад, пад які трапляе неасцярожны плывец. Прынамсі, я трымалася на нагах, з гарачкі, не болей хвіліны, а пасля знясілена асунулася на драўляную лаву, дзе вечарамі любяць сядзець пенсіянеркі з нашага пад'езда, нястомна перамываючы костачкі бліжнім.
I ўсё ж горача пякло ў грудзях, падступала да сэрца. Што гэта са мной? Няўжо я так баюся страціць Сяргея?
За Сяргеем я — нібы за каменнай сцяной. Так гавораць мне ўсе знаёмыя, так сцвярджае сам Сяргей. Нарэшце, гэта ведаю я і сама. З якога пункту гледжання ні паглядзі — мой шлюб аказаўся ўдалы. Надзіва ўдалы. Проста надзіва.
Што гэта так доўга няма таксі? Колькі там ужо прайшло? Тры хвіліны? Не можа быць! Хутчэй бы давесці ўсё да поўнай яснасці. Усё-ткі ёсць жа нейкая небяспека! Удавой я не хачу заставацца. Ні ў якім разе! Б-р-р! Сяброўкі прыводзяць да цябе лысаватых мужыкоў, якія грэбліва п'юць чай і разважаюць пра вершы Ясеніна, абмацваючы цэпкімі вачыма ўсе падрабязнасці тваёй фігуры і прыкідваючы варыянты сумы тваёй і ягонай жыллёвай плошчы. Тыя ж сяброўкі сякуць вачыма кожны твой рух, а таксама і кожны рух сваіх уласных гаспадароў — калі ты па наіўнасці або глупству адгукнешся на іхнія запрашэнні і пойдзеш святкаваць, скажам, Новы год у кампанію жанатых людзей. ...Не! Ні ўдавой, ні разведзенай быць я не хачу — досыць нагледзелася. Жанчыны дабіваюцца самастойнасці ўсімі сваімі сіламі. Пасля гэтыя барацьбіткі абліваюць слязьмі тваё плячо і гадзінамі вісяць на тваім тэлефоне, молячы памірыць іх са сваімі новымі Атэла, якіх яны ўрэшце кідаюць, каб шукаць чарговую чулую душу. Усе гады свайго шчаслівага сямейнага жыцця я старалася агарадзіць сябе каменнай сцяной: парады вам — калі ласка! Рэцэпты страў, касметыкі, усялякага шытва — калі ласка! Але не хачу я лезці ў вашы душы і не хачу, каб вы лезлі ў маю. Напачатку, праўда, я рабіла такое глупства: мірыла некага, ездзіла, даказвала. Адну чуллівую дамачку з кінастудыі пакідала ў сябе начаваць, суцяшала яе. Халацік свой давала ёй, сарочку начную, супчыкі варыла для яе спецыяльныя — курыныя. Ажно пакуль Светачка не пачала шукаць суцяшэння яшчэ і ў Сярожы. Не, скандалу я не чыніла: не стану ж я даваць хвіліны шчасця цёцям Гашам з лавачкі! Я акуратненька сабрала яе шмоткі — Сярожы дома, дзякуй богу, не было — і далікатна выставіла чамадан за дзверы. Светачка глядзела на мае кіпцюры і маўчала. Вейкі яе так і трапяталіся, наманікюраныя пальчыкі дрыжалі, а твар збялеў, ад чаго ён выглядаў надзіва натхнёным. Божа мой, чаму ёй так падабаўся Сяргей?
Я завагалася на імгненне: а раптам тут каханне? Я, можа, так зачарсцвела, што не разумею парыванні кволага сэрца? Пасля я ўспомніла пра Евачку, Яўсцісю і зноў заледзянела, зноў ператварылася ў матрону: Евачку без бацькі не пакінеш. З таго часу сябровак я не заводжу.
Увогуле, жанчын я не люблю. Можа, з таго часу як, стараннямі мамы трапіўшы ў інстытут кінематаграфіі, сутыкнулася з сірэнамі, якія лютавалі не горш, як тыгры. Канешне, я і сама ведала, што апынулася не там, дзе павінна была б апынуцца,— але бяздарнасцей хапала і сярод іх. Мая ўсемагутная мама націскала дзе трэба, і я перапаўзала з курса на курс, а мае інтэлектуальныя, звышразумныя аднакурснікі толькі паціскалі плячыма і хіхікалі, калі я блытала Эйзенштэйна з Эйнштэйнам. Праўда, на апошніх курсах хіхікаць яны сталі меней: па-першае, я займалася як апантаная, а па-другое, кофтачкі і джынсы атрымалі магутную падтрымку.
Гэта быў Ён.
О! Пачынаецца!! Праклятая тэма! Калі толькі прыедзе гэтае дурацкае таксі? Вечна ў нас такія штучкі: ты просіш прыслаць таксі праз дваццаць хвілін, а яно прыязджае праз дзве гадзіны! А ты сядзі, мерзні на холадзе і ўспамінай усё, што ўзбрыдзе ў галаву! Ажно ногі замлелі. Яшчэ снег пачынаецца нібыта. Не, падалося. Мама — тая б падняла на ногі ўвесь таксапарк. Яна дазванілася б ужо да дырэктара. Хаця часу прайшло не так і багата: дзесяць хвілін усяго... Праўда, для мяне мама не варухнула б і пальцам. Не таму, што не любіць мяне,— а адзіна дзеля прынцыпу. Праўда, з ВГІКам яна не ўтрымалася на вышынях сваёй прынцыповасці. Дзецішча як-ніяк. Праўда, і прынцыповасць яе была аднабаковая: ёй хацелася аднаго — каб я была шчаслівая. А дыплом — гэта важкая прыправа для шчасця, цяпер я ў гэтым пераконваюся ўсё болей і болей. Былі, аднак, часы, калі мне не хацелася ні дыплома, ні шчасця, пра якое марыла для мяне мама. Дарэчы, яна многага. так і не ўведала пра той год, калі яе любімая, пяшчотная Стэлачка хадзіла галодная, абшарпаная, таму што ўсе шмоткі, якія мама прысылала з-за мяжы, дзе яны з бацькам пражылі той самы шчаслівы... і горкі для мяне год, і ўсе грошы, якія яны прадбачліва паклалі для мяне на ашчадную кніжку — усе яны пайшлі на дровы для таго агню, які ахоплівае нас, бадай што, адзіны раз у жыцці, калі мы яшчэ падатлівыя для агню, незакарэлыя ні нашы душы, ні нашы крохкія целы...
Ах, Юрка, Юрка Амельчанка, белазубы кучаравы блазень! Адзіная фотакартка, якая засталася ад цябе,— гэта настолькі не тое, што жыве ўва мне, што я ніколі не дастаю яе з-пад пажоўклай паперы на дне старога скуранога чамадана, з якім мы аб'ездзілі ў той год усю Сярэднюю Азію, і Салавецкія астравы, і Прыбалтыку... Я не хачу ўспамінаць пра цябе, Юрка, таму што пачынаюцца наноў бясконцыя трызненні тым годам, тым цяплом, якое, яднаючы дваіх, запамінаецца як шчодрае, гарачае і светлае сонца жыцця... трызненні тым духам, які перапаўняў нас, духам вышыні і поклічу — некуды ў невядомае, у неабсяжнае...
Я не люблю цябе ўспамінаць, таму што, не будзь таго года, мне, можа, жылося б намнога лягчэй. Я проста не ведала б, што можа быць такое паміж мужчынам і жанчынай, я думала б, што яны, мужчына і жанчыпа, проста павінны быць саюзнікамі супраць жыцця, каб не даць яму затаптаць цябе, што, нарэшце, дзеці — апраўданне будзённай аднастайнасці нашага існавання. Я, можа б, стала дастойным дзецішчам сваёй мамы — якая, дарэчы, так і лічыць па сённяшні дзень і самазадаволена хваліцца маім сямейным шчасцем перад сваімі старымі сяброўкамі. Сапраўды, чаму б ёй не хваліцца: у нас з Сяргеем за ўсе гэтыя дзесяць гадоў не было ніводнай сваркі — буйной сваркі; дробязі, яны заўсёды бываюць, іх ніхто не абміне, яны не лічацца. Сяргей на студыі, бадай што, самы выпрасаваны, задаволены — нездарма ж я амаль заўсёды сяджу дома. Кіназнаўчыя мае артыкулы, як я даўно сама сабе прызналася,— гэта помесь дамскага шчэбету і кіназнаўчай тэрміналогіі, але мама пра гэта не ведае, яна збірае мае артыкулы і зачытваецца імі, нібы «Адкравеннямі Іаанна». Юрка, відаць, адзіны, хто першым сказаў мне пра гэта, сказаў так, як толькі ён мог сказаць — не пакрыўдзіўшы, а, наадварот, як бы робячы прыемны сюрпрыз:
— Сірэна, кідай ВГІК! Не абяздольвай жаночыя галоўкі — ты ж прыроджаная фея прычосак! Такі талент — і такая ракавая памылка!
Мы сядзелі тады ў вільнюскай «Нерынзе», і грошай у нас заставалася толькі на дзве порцыі салаты і два кубачкі кавы, і Юрка, смеючыся, сціраў мезенцам маршчынку, што, відаць, увесь час збіралася ў мяне паміж бровамі, і гаварыў, што мая эфірная прычоска і маршчынка — рэчы несумяшчальныя. Быў дажджысты, і няўтульны вечар ранняй вясны, голыя галіны каштана хісталіся пад ветрам, і па сцяне над Юркам слізгацелі цёмна-зялёныя і жоўтыя цені, а я думала пра тое, што сёння канчаецца мой «ліпавы» бюлетэнь і заўтра трэба быць на занятках (Юрку ў той час ізноў выгналі з інстытута, але ён не падта гараваў, бо не першы раз яго выганялі за ляноту і прымалі зноў, таму што «такія таленты, як Амельчанка, трэба беражна выхоўваць», гаварыў ягоны прафесар, вядомы ўсяму свету рэжысёр, пасля таго як чарговы раз выгнаў яго з майстэрні).
— Ну, усміхніся ж, мая галубка, мая Суламіта, не думай пра «презренный металл», сёння вечарам на тэлеграфе нам абавязкова адсыплюць звонкую манету, іначай я ўспару жывот, як самурай, Лешчанку! Я яго выручаў, калі ён у Прымор'і ледзь не ажаніўся на афіцыянтцы, якая з-за нейкіх ста рублёў уявіла, што трымае Ляшча на вудзільне! Ён не падвядзе, паглядзіш!
Тады мы першы раз апынуліся без грошай, я жахалася з Юркавага легкадумства і шкадавала, што ўцягнулася ў яго авантуры (мама прывучала мяне строга разлічваць кожны рубель, выціскаць з яго ўсё, што можна), і таму я капрызіла, хаця ўжо ведала: пацягні мяне зараз гэты авантурыст у пекла — пайду і, седзячы ў смаляным катле, буду шчаслівая, калі з суседняга варыва будзе выглядаць ягоная кучаравая галава! Хаця, я думаю, Юрка і там бы спакусіў якога-небудзь наглядчыка, так што ўрэшце яны рэзаліся б у карты, а я, «па блату», ціхутка вымятала б з памяшкання смецце або гатавала для іх вячэру. Я адкінула ягоную руку: — Ты хочаш, каб я кінула інстытут? Мама мяне пракляне, і цябе ў першую чаргу. Мне засталося паўтары гады, калі, канешне, ты мне не дапаможаш вылецець.
Я ведала, што, калі я пачну яшчэ і прапускаць заняткі, мне не дапамогуць ніякія заступнікі, хаця па ўсіх «нятворчых» прадметах у мяне былі пяцёркі. Праўда, апошнія мае артыкулы пахвальвалі на семінарах, але курс, відаць, падазраваў, што тут не абышлося без гэтага агульнага любімчыка, без будучага свяціла кіно, які ў гэты момант, схіліўшыся нада мною, як квактуха над куранём, як ні ў чым не бывала разгладжваў мой лоб сваёй кашчавай рукой з чорнымі пазногцямі, стараючыся, каб сіні зашмальцаваны рукаў яго джынсавай курткі не засланяў вочы. На ўказальным пальцы яго была смешная янтарная жуковіна, такі псеўдазалаты пярсцёнак, які быў цесны нават для ягонага кашчэевага пальца, і зараз ён стараўся не закрануць мяне кальцом. Ад рукі моцна пахла табакай і крышку — канцылярскім клеем (мы прыйшлі з паштамта), і мне страшэнна хацелася дакрануцца да яе вуснамі, але я саромелася і, па-другое, не жадала паказаць Юрку, наколькі ён дарагі для мяне. (Навошта баялася? Ці не з-за такой недарэчнай боязі мы атрымліваем на гэтай зямлі не ўсё цяпло і дабрыню, якія нам наканаваны, ці не з-за яе пазбаўляем адно аднаго лепшага, што адпушчана ў жыцці чалавеку?) Прынамсі, я пазбавіла, таму што ён ніколі не баяўся паказацца смешным, не ўмеў разлічыць усё наперад, каб не прагадаць пасля. З самай першай нашай сустрэчы і да свайго апошняга імгнення ён быў самім сабой, такім, якім яму хацелася быць; рабіў тое, што казала яму сэрца... ці не таму жыццё адпусціла яму так мала часу, што такія каралеўскія падарункі нікому не даюцца дарма — а ў Юркі яшчэ быў і талент, вялікі, пагрозлівы талент неймавернага ўздзеяння на чалавечую душу, які даецца толькі мастацтву? Таму, відаць, любому мастаку, акцёру, пісьменніку зайздросцяць куды болей, чым палітыку або філосафу: палітыка і філасофія маюць уплыў на абмежаваную колькасць розумаў, магчымасці ж мастацтва неабмежаваныя. Дзе б я ні слухала Юрку — у рабочых, на студэнцкім вечары ці на вечарынцы — я адчувала — наноў, як разам з прысутнымі мяне ўздымае агромністая хваля, і пачынае не хапаць паветра, і глыбіні чалавечага духу адкрываюцца перада мною так шырока і неабдымна, як адчыняліся яны перад самімі творцамі... Юрка любіў Шэкспіра і Пушкіна, Дантэ і Гётэ — я дзівілася падчас, адкуль у яго, учарашняга сельскага культработніка, такое — не, не скажу «захапленне», таму што то было не захапленне, нават не любоў — зноў — банальныя, бяссільныя словы! — не, то было пакутлівае зліццё, падобнае неразрыўнай сувязі геніяльнай музыкі і арганіста са сваім інструментам. Юрка і быў такім інструментам, такім арганістам, арганам, я б сказала, калі б не баялася ўпасці ў красамоўства, сусветнай гармоніі прыроды. Я не надта разбіраюся ў мастацтве, хаця, як-ніяк, пяць гадоў была неяк саўдзельная з ім, і таму думаю, што талент — гэта нібы нейкае акенца, праз якое прырода дыктуе нам свае таямніцы і адкрыцці. Прырода... або нейкая іншая, магутная, пакуль што не вядомая нам, сіла. Ну, няўжо не яна вадзіла рукой семнаццацігадовай Надзі Рушавай, калі дзяўчынка рабіла ілюстрацыі да «Майстра і Маргарыты» Булгакава, ілюстрацыі, ад якіх мароз прабягае па скуры і патрэскваюць валасы? Або, калі ўсё вырашае толькі праца, адкуль у другой Надзі, балерыны Паўлавай, у шаснаццаць гэтая неверагодная пластыка цела? Не, не! Смейцеся з мяне, але гэта яна, прырода, дражніць нас, смяротных людзей, бессмяротнай дасканаласцю сваіх тварэнняў...
...Божа мой, пра што я гавару, пра што думаю, калі мой муж ляжыць у непрытомнасці, і невядома, што з ім такое, і невядома, ці прыйдзе гэтая калымага, ці бегчы на вуліцу і кідацца пад першую ж машыну, бо не надта яны цяпер спыняюцца, гэтыя прыватныя машыны, хаця б ты памірала тут жа, на вуліцы. Асабліва цяпер, познім вечарам. Добры вечар, суседзі! Не, нічога, вам падалося. Проста чакаю.
Сняжынкі плавяцца, падаючы на шчокі. Снегапад, які ён белы і святочны ў іскрыстым святле ліхтароў! Прырода святкуе нейкае сваё свята, і справы няма ёй да нашых радасцей і нягод. Ёсць жа шчаслівыя людзі, якія знаходзяць сябе ў еднасці з ёю! Я — дзіця горада, і мне, магчыма, ніколі не адчуць сябе сам-насам з навакольным, я губляюся, калі не адчуваю вакол выратавальнай цеснаты, а калі я аднойчы апынулася ў полі адна, то ледзь не памерла ад страху. Можа, таму помсціць нам прырода: нашы мускулы сталі нягоднымі, мы развучыліся нармальна раджаць і, каб не дактары... Што да мяне, то я часамі зайздрошчу вольнай, імклівай жаночай паходцы, не сцесненай высачэзнымі абцасамі — так рэдка бачыш яе цяпер! Мая Яўсціся бярэ з мяне прыклад: яна ўжо цікавіцца маркамі духоў і дзеяннем «Ландатону» і перанімае сакрэты жаночай абаяльнасці... Іменна такія «сакрэты» і робяць мяне такой удалай парай (на думку нашых сяброў) гэткаму чалавеку, як Сяргей...
Першыя гады знаёмыя дамы ўсё распытвалі, чым трымаю Сяргея: не піток, па жанчынах не хадок, і іншае, і іншае... Мужчыны ж меркавалі, што ведаюць, у чым сакрэт: «Ды вы на яе самую паглядзіце! Трэба быць дурнем, каб бегаць ад такой жанчыны!» Але ісціна, мне здаецца, была ў іншым: Сяргей ішоў угору, ішоў імкліва і настойліва, і дзеля гэтага «ўгору» ахвяраваў бы ўсімі жанчынамі свету... Мною ахвяроўваць было не трэба: я была якраз той самы «антураж», які адзіна і мог падысці прыстойнаму (проста да жаху прыстойнаму, я б сказала) ягонаму сямейнаму жыццю.
Няўжо ён усё разлічыў, перш чым падысці да мяне на студыі тэлебачання, там, на Шабалаўцы, у Маскве? Марыя мне гаварыла пасля, што ў яе ён наводзіў даведкі і пачаў так: «Хто тая шыкоўная дзяўчына ў куце, якая не падымае вачэй на прысутных, а трэцюю гадзіну запар сядзіць пад лістом паперы і толькі глядзіць на яго?» Марыя — з тых добрых душ, якія не робяць сакрэтаў з таямніц сваіх бліжніх ні для каго, і таму яна аказала давер навічку-стажору: за пяць хвілін пераказала ўсе асноўныя этапы майго жыцця, і першае, з чаго яна, канешне ж, пачала, быў рамантычны флёр: «У яе тры гады таму назад разбіўся жаніх».
Тры гады вернасці загінуўшаму жаніху — гэта, канешне, аргумент, які ў тыя гады надаваў мне залатое ззянне німбу над галавой. Дый мамачка не давала мне ісці на дно: яна пільна сачыла, каб я не выйшла з дому ў адной камбінацыі або не выпіла замест вады стакан воцатнай эсенцыі. Яна апранала мяне ў такое ж шыкоўнае шмаццё, што і раней, да яе замежнай паездкі, у час якой ад усяго гардэробу засталася толькі спадніца і кофтачка, што былі на мне, і то толькі таму, што без іх мяне не пусцілі б на заняткі.
Мамачка прыехала ўжо тады, калі ад Юркі застаўся толькі попел — жменька попелу, якую выдалі ў простай драўлянай шкатулцы ягонай цётцы. На адваротным баку шкатулкі быў прылеплены нумар і прозвішча, і калі я ўзяла яе ў рукі, ледзь не выпусціла — каробка пахла тым самым канцылярскім клеем, якім пахла Юркава рука са смешным пярсцёнкам там, у кафэ «Нерынга», калі я так хацела пацалаваць і руку, і пярсцёнак, ды пасаромелася таго жадання... На абшарпанай зялёнай лавачцы, дзе мы селі ўдзвюх з цёткай і куды яна асцярожна паставіла шкатулку (адчувалася, што яна не ведае, як трымаць яе і што з ёй рабіць), я сказала, засмяяўшыся: «А можа, варта развеяць попел па ветры, таму што яшчэ невядома, ці ягоны гэта попел, гэтая жменька?!» Цётка, жахнуўшыся, утаропілася на мяне пачырванелымі старэчымі вачыма, а са мной тварылася нешта дзікае: несліся, круціліся ў свядомасці дзень за днём, хвіліна за хвілінай, і кожная з іх крычала і папракала мяне нясказаным добрым словам, асцярожнасцю, бояззю... Вось Хіва — прапалепая сонцам гліна мячэці, і востры пах райхану, і прахалода блакітных узорных кафляў,— а мы з Юркам спрачаемся.
— У нас жа білеты на заўтра. Яшчэ трэба дабірацца да Ташкента!
— Паспеем, гэта я табе кажу! Няўжо ты мне не верыш? Як жа мы паедзем дадому без Самарканда? Я дам тэлеграму... цётцы!
— Мы і так яе абабралі! (Голас у мяне робіцца нейкім істэрычным, дзяўчаты, што праходзяць міма гаманлівай чародкай, змаўкаюць і косяцца ў наш бок.) Паспеем яшчэ ў Самарканд! За жыццё яшчэ сто разоў там будзем! I дзе мы возьмем трыццаць рублёў на білеты?!
У Юркі перайначваецца твар, ён хітры і даверлівы. Ён выхоплівае з сумкі адзінае, што там знаходзіцца, апроч тэрмаса: новенькую махеравую кофту, крык моды, якім толькі што азвалася з-за мяжы мама (дзевяноста рублёў), і ўжо бяжыць з ёю за дзяўчатамі:
— Дзяўчаты, карыстайцеся выпадкам! Трыццаць рублёў — і ўся Хіва будзе ля ног уладальніцы!