Ён неахвотна вылез з-пад коўдры, зрабіў крок. Узяў маю руку, якая ўчапілася ў яго, памацаў пазногці (я якраз толькі што зрабіла цудоўны манікюр) і нечакана сказаў — вельмі сур'ёзна, нібы гаварыў нешта зусім звычайнае:
— Стэла, абяцай мне... абяцай, што... ты не станеш драпежніцай.
— Кі-ім?! — я так здзівілася, што, выпусціўшы Юркаву руку, павярнулася I схапіла яго за плечы, углядаючыся ў твар.— Драпежніцай? Што гэта за прафесія такая, Юраська? Што ты зноў блазнуеш?
Ніводзін прапаведнік не стаяў перад сваёй паствай у тым выглядзе, у якім стаяў зараз ён — худыя валасатыя ногі, сінія штаны, што ледзь не даходзілі да каленяў,— і я рассмяялася, калі ён паўтарыў тым жа голасам, засяроджаным і журботным, нібы ён пільна прыслухоўваўся да нечага, чутнага толькі яму аднаму:
— Стэла, не рабіся драпежніцай!
А я ўжо цягнула яго, не слухаючы, на кухню, запаліла канфорку, гатавала чай, дурэла:
— Не спадзявайся, я буду тыгрыцай для ўсіх тых, хто будзе на цябо квапіцца. Я разарву іх на кавалкі. Я цябе нікому не аддам, хаця ты і не хочаш са мной жаніцца! Ты будзеш маім да самай сваёй смерці!
...Няўжо гэта лёс гаворыць часам нашымі вуснамі, а душа, калі яна чуйная, слухае і разумее? Я нічога не слухала — і нічога не зразумела. Юрка адставіў кубак з чаем і гэтак жа, засяроджана (ліловыя цені з ягонага твару, бляклага ад электрычнасці, не сыходзілі), адгукнуўся:
— Я думаю, што так і будзе.
Божа мой, якая я была дурніца! Нешта, невядомае, вялікае, як незваротнасць, дыктавала нам словы прыгавору, а мы пілі чай, кідаліся тымі словамі, як шклянымі пацеркамі, і яны патанулі, забыліся, закалыхаліся днямі і месяцамі. Усе тры гады жалобы, у час якіх я была як параненая жывёліна і страціла здольнасць разважаць, толькі ўспамінала — заўсёды малюнкамі, эпізодамі — кожную хвіліну, пражытую з Юркам, я не падумала пра сэнс таго, аб чым мы гаварылі ў той вечар. Я бачыла ліловыя цені на ягоным непаголеным твары, карычневую чаінку ў кутку мяккага цёплага рота, якую я зняла пацалункам, пачырванелы кружок скуры каля калена, куды ён паставіў кубак з чаем... Я бачыла, як ён пакутліва закусвае ніжнюю губу і каля белых вострых зубоў скура таксама бялее,— але словы, якія я, аказваецца, запомніла, як запамінае папугай, не ўнікаючы ў іх сэнс, яны ніколі за ўсе гэтыя гады не гучалі ва мне, я іх не разумела — чаму ж яны прыходзяць толькі цяпер, разам з гэтым снегам, які мякка зацярушвае, нібы размываючы напластаванні часу, што абкружылі мяне, замуравалі ўсё былое? Драпежніца... Гэтае слова ўжыла аднойчы і мая паважаная свякроў, Антаніна Дзмітрыеўна, калі гаварыла з Сяргеем, але, перададзенае праз Сяргея, яно выклікала толькі ўсмешку. Я падумала тады: смешна, што Антаніна Дзмітрыеўна можа сказаць мне такое, і недарэчна, таму што ў маіх вачах яна, Антаніна Дзмітрыеўна, была накшталт людаеда, нягледзячы на ўсе яе пяшчотна рамантычныя ролі, якія яна так любіла іграць у апоншія гады. Я не верыла ёй — ніколі не верыла, таму што Сяргей усё ж расказаў мне гісторыю пра тое, як яна, пяшчотная мамачка, выгнала — ці дапамагла выгнаць, гэта адно і тое ж — жанчыну, якую Сяргей, мяркуючы па ягоных паводзінах, усё-ткі. любіў, якая спадзявалася ў другі раз перарабіць сваё жыццё і з-за Сяргея не змагла зрабіць гэтага. Аб'ектыўна я павінна была б дзякаваць свякроў — Сяргей аказаўся «добрай партыяй», паводле слоў маёй мамы...
Я часта думаю пра так званую «святую» мацярынскую любоў. Мне не пашанцавала: самаахвярнасць і маёй мамы, і Антаніны Дзмітрыеўны была, як мне здаецца, накшталт любові Габсэка да сваёй ашчаднай кніжкі, куды ён паклаў бы ўсё да ацошняй капейкі. Цікава, як бы паводзіў сябе Габсэк, калі б ягонай ашчаднай кніжцы пагражала небяспека? Ці не так ціха і прыстойна аплёў бы ён павуціннем інтрыгі наіўную правінцыялку, як гэта зрабіла Антаніна Дзмітрыеўна? Ці не з такой бы палёгкай мармытаў эпітафію над прахам Гулякі і Прайдзісвета, якую сачыніла мама, стоячы на агромністых італьянскіх «платформах» перад пустой шафай; яны былі такія трывалыя, тыя «платформы», што не толькі нейкая там пустая шафа, але і землятрус у дзесяць балаў не збіў бы з ног іхнюю ўладальнііцу... Як цяпер бачу: ёй было ў той час... дванаццаць гадоў назад... ёй было сорак шэсць, але яна абхітрыла прыроду па крайняй меры гадоў на дзесяць, а можа, і болей, таму што і на той час у мамы быў жалезны страўнік, нервы, як сталёвыя каітаты, а фігура, як у выкладчыцы танцаў, і яна цвёрда стаяла на сваіх «платформах», а бялявая капа парыка разлічана спадала ёй на вочы, умела маскіруючы лоб, залішне пукаты для маленькага твару. Я сядзела на канапе, аглушаная і голасам, і грудай чамаданаў, якія завалілі ледзь не палову пакоя, і атупела адчувала, як з кожным раскатам бляшанага фальцэту выціскаецца з пакоя, з канапы, з кухні, дзе мы так любілі піць чай, прывід у пацёртых сініх джынсах, з жоўтымі пракуранымі пальцамі. «Можа, так лепей»,— стукнула ў скронях. Я думала пра тое, што дарэмна ўтрымліваць Юркаў прывід у нашай кватэры, ён не зможа існаваць тут, з намі ўсімі; тата, які ляжыць зараз у спальні на адным з ложкаў, выціснуў яго са спальні, а ў сталовай мы амаль што не бывалі: там стаяў сапраўдны гаспадар — гарнітур са светлай карэльскай бярозы, які мама не прамяняла на навамодныя паліроўкі. Цяпер кватэра пераставала быць музеем, маім маўклівым музеем, які я аберагала пасля Юркавай смерці як сваё апошняе прыстанішча, не дапускаючы сюды нікога ні з суседзяў, ні з аднакурсніц і сябровак.
— Я проста геній,— казала тым часам мама, і яе ружовыя шчокі ўздрыгвалі, а чырвань гневу і задаволенасці прабівалася скрозь тонкі грым.— Я паслухала сваёй галавы, а сэрцу, беднаму свайму сэрцу, загадала маўчаць. I не пісала табе, як быццам не ведала пра яго, гэтага... (Тут яна спахапілася і ўсё ж апусціла вейкі.) Пра твайго...
— Мамачка, не трэба.
Я сядзела, і мне бачылася грубая драўляная шкатулка, а прывід быў у дзвярах, і я баялася сустрэцца з ягоным позіркам, таму апускала позірк, а мамін голас біў і біў па галаве:
— I так і здарылася, ён такі не жаніўся. Абышлося без крапіўніку, ты можаш спакойна думаць пра будучае. Хаця ты і хавалася ад усіх, я даведалася... Як мне шкада, што я паддалася спакусе і паехала за тваім бацькам на цэлы год! Я вінна ва ўсім, цябе нельга было пакідаць, бо на такіх, як ты, мая дзяўчынка, на такіх і вешаюцца розныя прахадзімцы... О божа, даруй мне грэх, я такі не ўтрымала язык! Ну, гэты, твой, Смактуноўскі твой, ад якога засталася пустая шафа...
Юркі ўжо не было ў кватэры, а ў мяне не было сіл супраціўляцца бурнай мамінай пяшчоце. Я ўсё маўчала, а яна, пагаварыўшы гадзіны дзве і знямогшыся, ўсё ж рассцяліла канапу, распранула мяне, а мне здавалася, што я пустая знутры, як егіпецкая мумія, а мама песціць і трасе толькі «брэнную абалонку». Яна была спрабавала апеляваць да таты, але ён нешта прамармытаў, паклаў мне на лоб руку і зноў пайшоў да сваіх газет і да сваіх адказных думак, настолькі адказных, што пра іх ніхто з нас не ведаў, і мама засталася сам-насам з нялёгкімі мацярынскімі абавязкамі, тым больш нялёгкімі, што я тупела ад іх усё болей і болей, пакуль стома не адолела мяне канчаткова, і я заснула ўпершыню за многа дзён. Мамін прыезд сапраўды мяне выратаваў: яе клопаты былі такімі магутнымі, што гіпнатызавалі мяне, нібы труса, і я пакорліва глытала нейкія таблеткі, і здавала экзамены, і адпачывала ў Сочы, а праз пяць месяцаў пасля заканчэння інстытута прыйшла працаваць на студыю тэлебачання на Шабалаўку, таму што на кінастудыях хапала геніяў і без мяне. Выпадак звёў нас з Сярожам, але выпадак таксама ходзіць там, дзе яго чакаюць, а муж мой тады чакаў ад Масквы дзівосаў — не казачных, а рэальных: канешне, хіба магла параўнацца са мной, масквічкай, нейкая там правінцыялка, хіба магла кватэра і прапіска ў Маскве (добра, што ў апошпі момант у ім перасіліла развага, у Маскве ён не дабіўся б таго, што ў рэспубліцы) не спакусіць такога чалавека, як Сяргей?
...А можа быць, я грашу на яго, можа, яму проста спадабалася я сама, але калі з'яўляюцца ў жонкі такія здагадкі, то, відаць, вісяць здагадкі не ў пустым паветры, не ў вакууме, а абапіраюцца на рэальны вопыт... А ў жанчыны, якая сядзіць у хаце і служыць сямейнаму цяплу, такі вопыт назірання за ўласным мужам! I ёсць час думаць — калі толькі ахвота думаць, таму што думаць — цяжкая, няўдзячная работа, а апроч таго, і небяспека (ці не таму многія проста баяцца думаць!). Думаць — гэта значыць пакутліва шукаць, параўноўваць сябе і свае ўчынкі з ідэалам, які жыве ўпутры кожнага — прынамсі, кожны ведае, што такое ідэал, і пакутуе, таму што хіба можа чалавек атаясамліваць сябе з тым жа ідэалам? Я таксама баялася думаць — таму што думкі тыя ледзь не завялі мяне ў вар'яцкі дом, мама нездарма баялася хвілін, калі я застывала над кніжкай, нездарма яна так узрадавалася Сяргею, калі ён з'явіўся на гарызонце... Божа мой, атрымліваецца, што і нам Сяргей быў патрэбны, мы заключылі шлюб на ўзаемнай выгодзе і спрабавалі чэсна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы! Канешне, я заўсёды ведала ў глыбіні душы, што за сваім мужам у пекла пайду толькі тады, калі не будзе ніякага іншага выйсця. Якім бы хворым ні быў Сяргей, у якім бы цяжкім стане ён ні знаходзіўся — я нічога не магу зрабіць для яго, хіба што аддаць яму сваю кроў, дый тое немагчыма: у яго кроў другой групы, у мяне — трэцяй. Смешна, але Сяргей бы якраз мяне выратаваў, я ж яго — не змагла б, нават калі б і хацела.
Выпадак ходзіць там, дзе яго чакаюць,— калі гэта не так, то чаму я, падсвядома, заўсёды чакала ад жыцця нейкага такога ж падвоху, які адбыўся аднойчы? Які адбыўся зараз? Сяргея, майго асцярожнага, прадбачлівага Сяргея, збілі на горкі яблык нейкія хуліганы, ад якіх ён заўсёды трымаўся далей, чым ад якой метагалактыкі. Што гэта — выпадковасць? А калі — расплата?
Але ў чым я вінаватая, у чым?! Крык — «за што?» — гэта сляпы, атавістычны крык, які чалавек кідае ночы і цьмянаму жаху, які гняздзіцца ў ягонай крыві. Заўсёды ёсць — «за што?». Заўсёды за віной ідзе расплата.
Мае мілыя, утульныя, нявінныя іпастасі — добрай жонкі, дабрачыннай маці, прыстойнай жанчыны,— чаму вы знікаеце ад мяне з такой маланкавай хуткасцю, і вашы бляклыя абрысы здалёку глядзяць на мяне дакорліва і крыўдліва, як пакінутыя дзеці? Вы адступаеце перад магутнай хадой — чаго? Вочы, вочы сочаць за мной адусюль: вочы маёй дарагой мамачкі, вочы Антаніны Дзмітрыеўны, а самае галоўнае — блішчаць у белай цемры першага снегападу Юркавы зрэнкі.
«Стэла, не рабіся драпежніцай!» Ты што ж, прарокам быў, Юраська, га? Таму што драпежніца — не абавязкова тая, што рве мяса на бліжнім. Драпежніца — яшчэ і тая, якая дазваляе гэта рабіць, якая жыве за кошт таго, чужога мяса — няхай сабе ёй прыносяць мяса на прыгожай талерцы...
Калі Юркава смерць была ягонай расплатай за тое, што жыў ён згодна са сваім сэрцам — як я ўжо казала, жыў па-каралеўску — бо Ікар сам сабе дазволіў узляцець, і ўзляцеў, і бачыў сонца зблізку, а такое могуць дазволіць сабе нямногія... то другі раз падыходзіць да мяне расплата. За што? За тое, што я не магу ўзляцець да сонца?
Не, я няздольная на нодзвігі — я не з тых, каму ляцець да сонца...
Але ёсць жа ў кожнага свая вышыня — ці ўзнімалася я на яе? Ці спрабавала падняцца?
Не помню.
Здаецца, не спрабавала.
Калісьці ў інстытуце я здавала залік па антычнаму мастацтву. Трапілася мне тады, як цяпер помню, Немезіда — багіня пакарання. О, як яна карала смельчакоў, якія спрабавалі змагацца з рокам! Праметэй, Сізіф, які спрабаваў перахітрыць смерць, шчаслівец лёсу — Палікрат... А Крэз? А брат Сізіфа Салманей, які хацеў быць богам?
Ці не караеш ты, Немезіда, таксама і тых, хто н е з а х а ц е ў быць богам?!
Ішла па лесе, па лесе цёмным і спакойным, як балота,— і ўперадзе зачырванелася полымя, такое гарачае і зыркае, што здалёку апякала гарачыня.
Юрка быў тым полымем — цяпер разумею.