Я скамянела гляджу, як нейкі таўстун перабягае дарогу і, адной рукой учапіўшыся ў пушысты ружовы махер, пачынае таропка адлічваць другой грошы, відавочна баючыся, каб Юрка не перадумаў. Я гляджу — а пасля плачу і кідаю ў худы, чорны твар свайго каханага ўсё, што можа падказаць распаленая сонцам і шкадаваннем фантазія:
— Авантурыст! Прахадзімец! Забыўся на сукенку і яшчэ японскі ліфчык — можа, таксама прапануеш, гэта ж таксама дэфіцыт?!
Юрка моўчкі цягне мяне ў бок аўтавакзала — за білетамі, але пры апошніх словах ён ажыўляецца, у стомленых сонцам зрэнках скачуць чарцяняты:
— А што?! На д'ябла табе ліфчык?
...Цётчыны рукі дрыжалі, яна працягнула іх да шкатулкі — да попелу, да жменькі попелу, што застаўся ад Юркавай усмешкі, ад яго касалапай, нейкай развінчанай паходкі, ад кашачых, доўгіх, чуйных пальцаў, ад тоненькага рубчыка, які пакінула на жоўтай ягонай шыі аперацыя горла! Ад хрыплаватага голасу, якім ён іграў у маёй душы, як на паслухмянай скрыпцы! Ад чорных пазногцяў, якія ён грыз, калі нешта абдумваў! Жменька попелу! Позна апраўдвацца за злыя словы, я не змяню той поўхі ў Хіве, я не ў сілах перайначыць ніводнай хвіліны!
— Адкуль вы ведаеце, што нам падсунулі ў гэтай скрыначцы?! I навошта мне — гэта?!
Жанчына схапіла шкатулку, а я смяялася далей і далей, нейкімі чэргамі смеху, усё даўжэйшымі і даўжэйшымі, ажно пакуль барвовае сонца на гарызонце не расплылося на ўсё неба і не кінулася на мяне. Я адбівалася ад сонца, а яно трымала мяне за рукі, пераварочвала, трэсла...
З «Хуткай» мяне выпусцілі раніцай, добра нашпігаваўшы нейкімі ўколамі, ад якіх я стала тупой і вялай, і ўціснулі ў сумку бюлетэнь на цэлы тыдзень. Я ішла па знаёмых вуліцах. Была такая ж ранняя вясна, гэтак жа калаціліся ад холаду голыя галіны каштанаў, зляжалае карычневае лісце ўмерзла ў ранішнія лужыны ў скверыках, і толькі сонца было новым у ружовых, блакітных і шэрых хмарках — яно было бляклым, нейкім нібыта пачарнелым і стомленым, і мне падалося, што яму, сонцу, надакучыла вось так — тысячагоддзе за тысячагоддзем — моўчкі назіраць за пакутамі людзей, за іх надзеямі і шаленствам, за іх дарэмнымі спробамі падпарадкаваць сабе час і абставіны. Каму і навошта было патрэбна, каб загінуў Юрка, а жыць засталася я? Калі ж гэта выпадкова, калі няма лёсу і яму не было наканавана загінуць так рана — то для чаго ўсе нашы парыванні, усё магутнае кіпенне жыцця?!
Юрка разбіўся, улазячы з пажарнай лесвіцы ў акно інтэрнатаўскага пакоя, ключ ад якога згубіла ягоная аднакурсніца, бяздарная травесці Ірэна Славуціч, якую я і цяпер час ад часу бачу на тэлебачанні, калі яна ва ўскалмачаным парыку і хлапчукоўскіх штанах іграе рамантычных юнгаў. Ёй і тады падалося рамантычным, што ў яе закураны, запылены рай амаль што з неба спусціцца анёл — з ясенінскімі кольцамі валасоў, з белазубай усмешкай чорціка, у квяцістай сацінавай кашулі, напрасаванай спецыяльна для паходу ў «Сучаснік», куды мы сабраліся на нейкія кантрабандныя кантрамаркі. Аднаго не ўлічыла гэтая рамантычная асоба — заледзянелага бляшанага падаконніка, за які не ўтрымалася чэпкая Юркава рука з жоўтай жуковінай на пракураным указальным пальцы.
Гэты пярсцёнак страшэнна раздражняў мяне спачатку. Юрка адсмейваўся, калі я патрабавала зняць яго, бо цвёрдае кольца мела прывычку ўпівацца мне ў костачку, калі Юрка размашыста крочыў, а я подбегам спяшалася за ім, трымаючыся за руку. Але аднойчы ноччу, калі шалёна выла за акном, і непагадзь абрушвала на сцяну прыступы дажджу і ветру, і мы туліліся ў цёмнай кватэры адно да аднаго, як кацяняты, ён расказаў пра тое, як іх, ленінградскіх дзяцей, вывезлі ў блакаду праз Ладажскае возера і бомба трапіла ў грузавік. Ён сядзеў каля выхавацельніцы, трымаючыся за яе рукі, і жанчына паспела прыкрыць сваім целам яго. і дзяўчынку ўперадзе. Калі Юрку выцягнулі з-пад выхавацельніцы, ён ніяк не хацеў выпусціць мёртвую руку, гэта зрабілі сілком, і ў цэпкіх Юркавых пальцах застаўся смешны псеўдазалаты пярсцёнак. Тады мне было дзіўна, што Юрка расказаў мне пра тое толькі ў хвіліну вялікай душэўнай блізкарці — ён, такі адкрыты і шчодры на сяброў! Пасля я зразумела: сапраўднае пачуццё не выносіць ні сведкаў, ні суддзяў; зразумела, калі бліжэйшыя ягоныя сябры пачалі дзівіцца, чаму гэта ціхманы, добры хлопец пачынае шалець, калі нешта скажуць пра мяне. Ён не выносіў, каб пра мяне гаварылі, ён не жадаў ні хвалы, ні хулы чужых. Сам суддзя і падсудны, ён выносіў прыгавор або прасіў літасці — і ўсё ж у нашым маленькім каралеўстве быў уладаром ён, а я пакорліва ішла і была шчаслівай, што магу трымацца за яго, што паступова ён робіцца апорай майго існавання, што ён — той камень, без якога не можа трымацца хата.
Жанчыны пасмяяліся б з мяне — божа мой, такія разважанні ў век суцэльнай, незваротнай эмансіпацыі! Ахоўніцы строгай маралі жахнуліся б, падслухаўшы такую размову (можа, яны і жахаліся ў свой час, толькі я не ведала пра гэта, таму што нічога і нікога не існавала для мяне ў тыя часы, апроч Юркі);
Я: — Ты толькі паглядзі, якая прычоска ў гэтай дамы — брудны венік вакол твару, дый толькі! Ёй бы лодзь-ледзь падкруціць пасму налева.
Ён: — Слухай, я сур'ёзна табе кажу: не хавай у зямлю сваё прызванне! Ну, хочаш, паступай на курсы, на вячэрнія. Я якраз знайшоў гурток, буду таксама заняты па вечарах...
Я: — Я табе сказала — мама мне не дазволіць! Ды і сама не хачу, каб твая жонка была цырульніцай...
Ён: — А хто табе сказаў, што я вазьму цябе за жонку?
Я: — А чаму б табе і не жаніцца са мною?
Ён: — Ты сексуальна не падыходзіш мне. Я хачу, каб жанчына дрыжала ад страсці, калі я падыходжу да яе, каб яна разрывала мяне кіпцюрамі. А ты — мяшчанка, ты вечна хінешся ў кашулі і прасціны, табе не хапае натуральнасці здаровага, не сапсаванага цывілізацыяй чалавека.
Я: — Распуснік!
Ён: — Гэта ты распусніца, таму што сама добра ведаеш: напаўзакрытае цела прываблівае куды больш, чым адкрытае. Фрына не саромелася Праксіцеля! Яна ведала: няма ў цела нічога нячыстага.
Я: — Я табе не гетэра, не Фрына і, дзякуй богу, не твая жонка! Голай усё роўна не буду хадзіць перад табой, не спадзявайся!
Ён: — Нібыта ты ўжо зараз не ходзіш голая? Паглядзі на свае міні, на кофтачкі, з якіх ты проста вывальваешся! Мяне ты саромеешся болей, чым усяго свету? Дык хто распуспік, кажы! Паглядзі, якімі вачыма зыркаюць на цябе вунь тыя хлопцы!
I хаця Юрка, як заўсёды, у канцы даказваў адваротнае таму, з чаго пачынаў, ён дабіваўся свайго: спадніца рабілася даўжэйшай, выразы кофтачак меншымі, і ён з палёгкай уздыхаў, што сустрэчных больш не асляпляюць мае дэкальтэ.
Неяк (ізноў была ноч, і тонкі, пяшчотны маладзік зазірнуў у акно, а сіняватыя праменьчыкі зорак, як бы прабіваючы шкло, блішчалі на зломах, а мы моўчкі ляжалі на канапе каторую гадзіну без сну) ён загаварыў, а я баялася паварухнуцца, таму што ўжо ведала цану хвіліне, калі другая душа гаворыць з табой так, нібы нераліваецца ў тваю, гаворыць, раскрываючыся сама перад сабой,— гэта хвіліна адкрыцця ісціны, якую іншыя, можа, адкрылі ўжо сто разоў, але ты назнаеш яе для сябе ўпершыню, дык вось Юрка сказаў мне:
— Думаеш, я Саванарола або раўнівы ўладальнік скарбу, які не хоча, каб нехта бачыў ягоныя таямніцы? Можа быць, я не змагу табе растлумачыць усё поўнасцю, але зразумей, тваё дэкальтэ — гэта твая добраахвотная капітуляцыя. Перад чым? Перад тым, што табе самой не ўласціва. Ты з наіўнай бессаромнасцю, сама над тым не думаючы, падкрэсліваеш усё самае выгаднае ў сваёй фігуры: абцягваеш клубы, выстаўляеш калені. Не перабівай, дрэннае тут тое, што ты хочаш прывабліваць, але сапраўдная, духоўная, прывабнасць жанчыны табе пакуль што не даступна, хаця яна ёсць у табе — не ў прыгожую ж ляльку я закахаўся! Твая ўяўная свабода ад умоўнасці — гэта не свабода раскаванага, прыгожага і, гаворачы мовай царкоўніка, бязгрэшнага цела (якое дазваляе любавацца сваёй дасканаласцю, як часткай прыгожага), а рабства. У табе няма велічы элінак, якія прыходзілі на стадыёны непрыкрытымі, у цябе няма нават прастаты спартсменак трыццатых гадоў, якія горда ішлі па вуліцах у спартыўным маршы. Не перабівай, я ведаю, не ты ў гэтым павінна! Цяпер для вас, жанчын, можна сказаць, залаты век. Хадзі ў чым хочаш і як хочаш. Але гэтую свабоду вы выкарыстоўваеце дзеля таго, каб стаць яшчэ горшымі рабынямі, чым некалі адаліскі. Паглядзі на вуліцу вечарам: там. палкі, батальёны манекенаў. «Сэсоны» на кожнай галаве! Аднолькавыя раскосыя вочы! А ты — адзіная! Зразумей нарэшце: ты — адзі-на-я! I прывабнасць твая ў тым, што іншай такой няма на зямлі: калі ў яе падобныя рысы твару, то няма тваёй усмешкі, калі ж і ўсмешка ў яе падобная да тваёй, то яна не будзе так разгублена азірацца на семінары, як азіраешся ты, не падрыхтаваўшыся да заняткаў...
— Ты ўжо жартуеш, так? Ты — жахлівы індывідуаліст, Юрка...
— Правільна, я індывідуаліст. Прычым сапраўды жахлівы. Я ненавіджу батальён экскурсантаў, які паслухмяна паварочвае галаву ад Веласкеса да Гойі і назад. Я ненавіджу на вакзале пустыя акенцы кас для калектыўных заявак і атупелыя шэрагі адзінак каля кас звычайных. Я не выношу прывітанняў, калі дзеці мілымі галасамі шчабечуць абяцанні добра вучыцца і быць прыстойнымі, абяцанні, напісаныя для іх дарослымі. Я не хачу, каб ты, ты была вытворчасцю «масавай культуры» — крышку Пушкіна, крышку Гогаля, ах, Маркес, ах, Пікасо, фі, Дзюма! I не хачу, каб ты выраджалася ў эстэтку, якая нічога не разумее ў Джойсе, але міла шапоча пра яго на вечарынцы, выстаўляючы мэрылінманроўскі бюст! Мілая, прашу цябе, малю цябе, разумееш, малю: слухайся свайго сэрца, не забівай сама ў сабе чалавека! Ведаеш — найвялікшая каштоўнасць — гэта мы самі! Калі чалавек вырасціць у сабе сапраўднага дасканалага чалавека, калі ён нарэшце зразумее, што ўся праўда жыцця — у ім самім, ён створыць на зямлі сапраўдную чалавечую еднасць. Ты думала калі-небудзь, не так, не мімаходзь, а па-сапраўднаму, якая недарэчнасць у кожнай мяжы, якая аддзяляе, аддаляе людзей адно ад аднаго! Я люблю, калі чалавек працягвае другому руку, паказваючы, што ў ёй няма зброі,— мы забыліся на гэты жэст, мы ж можам працягваць руку і ворагу, прынамсі, працягваць руку не давяраючы. Знак даверу — не давяраючы!
...Стэла, ты не задумалася, што ты — паланянка? Што ты жывеш не так, як патрэбна табе? Як ты можаш жыць?
Думаеш, мой капрыз, мая жорсткасць — паўтараць табе, што прафесія, якую ты выбрала, шыкоўная толькі для тваёй мамы і ўсіх тых, хто прымае чалавека па знешняй вартасці, што гэтая прафесія — не твая? Ты не любіш кіно, роздум над яго магчымасцямі напаўняе тваю галоўку адчаем прымусу — ты хочаш несці такі крыж усё жыццё? Ты можаш выхоўваць свой густ і выхаваць яго, але любоў да сваёй справы — гэтай справы — у цябе адсутнічае. Любоў розуму? Я не веру ў каханне толькі да «высокіх маральных якасцей», каханне або ёсць, або яго няма, і ніхто табе не растлумачыць, адкуль яно ўзялося і куды знікла.
...Упершыню Юрка гаварыў так доўга, а я... я слухала, але пад капец, непрыкметна для сябе, паддаючыся пяшчоце, пачала ціхенька цалаваць яго — спачатку ў скронь, пасля вусны мае натрапілі на калючую шчаку, і ён, нібы спатыкнуўшыся на паўслове, змоўк. У пакоі было светла ад маладзіка, неба ледзь пачало ружавець — пачыналася ранне, і калі я, нахіліушыся, зірнула ў Юркаў твар — ён быў журботна-насмешлівы, ліловыя цені ночы густа ляжалі ў яго пад вачыма, і я, выгнуўшыся, саслізнула з канапы і пацягнула Юрку за руку:
— Ты, канешне, думаеш, што шпурляў бісер... Гэта не так, я ўсё запомніла! Ты маеш рацыю, але давай пап'ём чаю, у мяне перасохла ў роце ад тваіх прамоў!