Пасля, прыбраўшы пакой, выходзілі нянечкі, Іванаўна, смачна пазяхаючы, скардзілася на дзяцей:
— Паглядзелі б яны, як кроў чалавечая льецца, можа, маці болей шкадавалі б!
А калі ізноў цішэла, Вася слухаў, як рыпіць за акном сасна.
Соснаў вакол бальніцы было шмат, але яны раслі гуртам, а гэтая, каржакаватая і няўклюдная, узабралася на пагорак, што горбіўся перад палатай, і стаяла там наверсе адна. Калі паднімаўся сівер і гайдаў сосны ўнізе, ёй даставалася найболей: кожную галіну яе выгінала і выкручвала, вяршаліну дробна калаціла, і здавалася, вось-вось пераломіцца жывучы, непакорны ствол. У такія дні буйны калючы вецер, нібыта па даліне, ляцеў па рэчышчы Нёмана і, узвіваючыся ўверх з цясніны, крутымі лютаўскімі завірухамі віраваў па беразе. Пагорак захіляў бальніцу ад завеяў, і толькі ў самую непагадзь, калі неба дакраналася да вяршаліны адзінокай сасны, шаргаталі па шкле акна цяжкія змяістыя снежныя струмені. I заўсёды — ці паднімаўся над сасной ясны марозны маладзік, ці з віскатам неслася над ёй хмара — нешта не то рыпела ў ёй, не то надрыўна кашляла. Можа, гэта вінаватая была нейкая галіна — хворая, напаўссечаная, якая ніяк не хацела паміраць і ўсё чаплялася за мацярынскі ствол, а можа, сама сасна незмаўкальным сваім рыпеннем спрачалася з лёсам, як старая буркатлівая цётка, праклінаючы яго і адначасна скардзячыся яму ж... У такія ночы Васю хацелася ўстаць, пайсці да сасны і суцяшаць яе, прыціснуўшыся галавой да шурпатага карычневага ствала. Ён часцяком чуў, як хворыя суцяшалі адзін аднаго, скардзячыся на куды цяжэйшыя, чым у субяседніка, хваробы. У думках гаворачы з сасной, ён расказваў ёй, што хутка памрэ, таму што ад яго адмовіліся ўсе дактары, не ведаючы, як лячыць ягоную хваробу, што галоўурач Тамаш Кузьміч трымае яго ў палаце проста па дабраце сваёй. Пасля такіх размоў з сасной Вася, падстаўляючы насустрач востраму бліскучаму джалу шпрыца сваю худую, вялую руку, перавязанаю вышэй локця гумавым жгутам, разважліва гаварыў медсястры:
— Навошта дарма на мяне лякарствы траціце? Усё роўна яны не дапамогуць!
— Надта ты што ведаеш, смаркач! — крычала на яго медсястра Саша, напружана ловячы шпрыцам ледзь прыкметную блакітную жылачку на Васінай руцэ.— Рукой рухай, ну!
Вася звыкся з тым, што выклікаў цікаўныя пагляды ў хворых з іншых палат, што незнаёмыя жанчыны часта заглядаюць у бакоўку і прыносяць яму ласункі, шкадуючы яго, суцяшаюць і лашчаць. Па праўдзе кажучы, у бальніцы яму было лепей, чым дзе, таму што тут ён адчуваў сябе важнай персонай, а дома даводзілася хадзіць у школу, рыхтаваць урокі, спадзеючыся на спагаду настаўнікаў, таму што маці не толькі не спачувала яму, а наадварот: кляла сябе і жыццё, варта было прынесці двойку, часта пакідала Васю да позняй ночы на вуліцы.
Ён быў непатрэбным, непажаданым — бальніца ж дала яму адчуванне значнасці: хто б ні прыязджаў сюды, яго абавязкова вялі да Васінага ложка, і з прытоеным гонарам заўважаў хлапчук на тварах старых сівых прафесараў напружаную, пільную ўвагу, нібы ён даваў ім такую загадку, якую кожны з іх прагнуў і не мог адгадаць.
...Мінулі лютаўскія мяцеліцы, пасля сакавіцкая цішыня, калі пад белым пульхным снегам пачынае выспяваць таемны цуд прыроды, недаступны чалавечаму воку: ажываюць у халоднай зямлі доўгія нерухомыя карані дрэў, хутчэй пачынае рухацца жыццё ў здранцвелых целах земнаводных. У канцы сакавіка, калі на шэры, ужо будзённы снег, на дрэвы, на каржакаватую сасну лёг густы, жывы, цёплы туман, які за некалькі гадзін растварае ў сабе апошнія сляды зімы, у палату прыйшоў новы чалавек. Суседзі Васі — жоўты, не стары яшчэ Сямёнавіч, хворы на страўнік, і малады хлопец Аляксандр, што пасля аперацыі апендыцыту ляжаў з дранажнай трубкай — з абыякавасцю агледзелі новага чалавека. Худы маленькі стары ў сіняй паласатай піжаме багатырскага памеру і шэрых вельветавых галіфэ, з шырокімі сівымі бровамі і акуратнымі белымі вусамі паздароўкаўся з усімі, сеў на свабодны ложак, асцярожліва адагнуўшы байкавую коўдру. Дастаўшы аднекуль з-пад пахі тугую торбачку, пачаў выкладаць з яе на тумбачку белае далікатнае сала, фіялетавыя цыбуліны і прамаслены кус хлеба.
— Прагаладаўся, пакуль ішоў да гэтай бальніцы,— тлумачыў ён, рэжучы сала.— Раней, бывала, пяць кіламетраў нясешся — не раўнуючы як той воўк. А зараз не тое...
— Но тое! — кусліва адгукнуўся Сямёнавіч, нервова падтыкаючы пад сябе коўдру.— Але ж трымаюць ногі! Чаго ў бальніцу пёрся?
— Ногі — яны, канешне, трымаюць... Але ў грудзях, халера на яго, аскабалак нямецкі застаўся. Як пачну кашляць — кроў свішча.
— Аперацыю, значыць, будуць рабіць,— уступіў у размову Аляксандр.
— Не-е, аперацыю не дам, а няхай падлечаць крыху, каб кроў не йшла. Куды — аперацыю! Сем дзесяткаў хутка, дацягну і без нажа. Ну, чаго вылупіўся, малец? — звярнуў ён позірк на Васю.— На табе сала, пакаштуй з лучынай. Га?
— Не-а,— адказаў Вася.— Я не хачу.
— Чаго там — не хачу! Есці трэба, а то быдта з крыжа зняты. Свіціцца ўвесь. Бяры, ну!
— Яму ўжо, кажуць, нішто не паможа, не старайся,— бліснуў з-над коўдры мутнымі зрэнкамі Сямонавіч.— Куды-ы!
— Маладзейшы ты за мяне, а ўсё роўна стары хрэн! Мальцу ў галаву абы-што ўбіваеш.
— Як гэта — абы-што? — пакрыўдзіўся Сямёнавіч, адкідаючы коўдру з галавы.— Ён і сам тое ведае. А ты тут не смярдзеў бы цыбуляй, а то і так дыхаць няма чым.
— Гэта чалавек смярдзіць, а цыбуля — яна лечыць. Ажно ад сямі хвароб. Чуў?
— Дома і лячыў бы свае хваробы! Бачыш яго — хрэнам называе!
— Хрэн ты і ёсць, а болей ніхто. А што тычыць маёй хваробы, то цыбуля — яна сем лечыць, а ў мяне восьмая... Во як!
Уначы Вася плакаў. Не ад слоў Сямёнавіча — ён прывык да такіх размоў,— а проста за вокнамі тварылася нешта дзіўнае, што закранула яго слабую, даўно здранцвелую істоту. Густы белы туман шчыльна абляпіў сасну, і яна ўжо не скардзілася, не стагнала, а слаба і задаволена ўздыхала, а далёка ўнізе, дзе ляцела вада, гулка стукаюцца адна аб адну лянівыя льдзіны і час ад часу вухкае ўніз пясок з падмытага вадой берага. Нешта тварылася за акном, і хлопчык адчуваў сябе забытым усім светам, не патрэбным нікому: ні Аляксандру, які бесклапотна хроп побач, ні маці, якая за ўвесь час прыйшла ў бальніцу аднойчы і ненадоўга, ні, нарэшце, сасне, якая відавочна задаволеная нечым, незразумелым і недаступным для яго, Васі Шкуцькі, і ўжо не натрэбна ёй слабае яго суцяшэнне... Кулаком затыкаючы рот, каб ніхто не пачуў ягоныя ўсхліпванні, ён адчуваў, як слёзы раз'ядаюць вусны, што патрэскаліся раніцай, і аблізваў іх, але язык таксама быў шурпаты, цяжкі, сухі — і таму хацелася выпаўзці на двор і, стоячы, як шчанюк, на чацвярэньках, хлябтаць цяжкія буйныя кроплі, якія сыпаліся са знямоглага вільготнага куста, што рос пад акном... Але ён баяўся разбудзіць каго-небудзь у палаце, баяўся строгай медсястры Сашы, якая сёння дзяжурыла па бальніцы, і таму ўсё цягнуў і цягнуў на галаву прапахлае лекамі покрыва і падціскаў пад сябе сіняватыя ногі з худымі жоўтымі пяткамі. Роўная вадкая: цемра стаяла ў палаце, ад батарэі ішла цеплыня, і Васю здавалася, што памерці — гэта і значыць вось так ляжаць, задыхаючыся ад духаты і цемры, баючыся паварушыцца і ўсхліпнуць, побач з чужымі, раўнадушнымі да цябе людзьмі!.. Стамляючыся ад плачу, ён высоўваў галаву з-пад покрыва і кожны раз пераконваўся, што ранак яшчэ не наступіў: гэтак жа роўна хроп Аляксандр, гэтак жа курчыўся ў сне Сямёнавіч. Новы, дзед Цімох, і ў сне натужна кашляў, вохкаў і, прачынаючыся, доўга піў ваду, а пасля зноў засыпаў. У грудзях яго ўвесь час нешта булькацела, ірвалася, ад гэтага жах яшчэ мацней апаноўваў Васю, і, перачакаўшы, пакуль дзед не засне, ён зноў выглядаў з-пад падушкі, як чуйны і напалоханы звярок, усё чакаючы дасвецця і слухаючы ноч.
Рапіцай ён неяк адразу саслабеў. Ляжаў, чужымі вачыма гледзячы на Сашу, якая дзелавіта шукала свабоднага месца на ягоных руках, даўно сколатых шпрыцамі, на суседзяў, што бразгацелі шклянкамі, на Тамаша Кузьміча, які заклапочана ссунуў бровы ў час ранішняга абходу, калі медсястра падала яму графік тэмператур.
На дварэ быў усё той цвёрды белы туман, ад чаго ў палаце гарэла лямпачка, і па-ранейшаму цмокалі кроплі з гнуткага лазовага куста, але Вася адрачона заплюшчваў вочы, не жадаючы чуць што-небудзь у гэтым магутным, бязлітасна цудоўным свеце, які выкінуў яго, як не патрэбную яму, хворую часцінку, як выкідала чэрствыя кавалкі хлеба Васіна маці. Дзед Цімох заклапочана тупаў каля хлопчыка, аб нечым пытаўся; з жаночай палаты нясмела заглядала цётка Васіліса — маладая яшчэ жанчына са светлым, ласкавым паглядам — ён не адгукаўся, не глядзеў на цукеркі, што ляжалі на тумбачцы. Сварыўся Сямёнавіч, патрабуючы асаблівае, імпартнае, лякарства, лашчыўся да Сашы вясёлы Аляксандр, хрумсцеў цыбулінай дзед Цімох — усё гэта здавалася Васю аддзеленым ад яго, несапраўдным: і ад таго нецікавым.
Пад вечар дзед Цімох прыцягнуў аднекуль відьготную сукаватую палку. Слабы пах сасновай смалы паплыў па пакойчыку, дасягнуў белага як палатно Васінага твару — і хлопчык прыўзняў цяжкія павекі і пацямнелымі, нетутэйшымі вачыма некаторы час назіраў за тым, як дзед, паставіўшы палку паміж ног, асцярожна рэжа пешта сваім бліскучым ножыкам. Зайшла ў палату Саша, пачала сварыцца, пасля, разгледзеўшы дзедаву работу, падабрэла і толькі наказала не надта паказваць кіёк у час абходаў ды не сыпаць на падлогу стружкі.
— Глядзі, чаго я табе зрабіў,— працягнуў на наступную раніцу дзед Цімох свой кіёк.— А, Васіль? Глядзі, цэлы заапарк. Цацку табе. А то, гляджу, зусім ты з намі засумаваў, малец.
На карычнева-мядзянай кары былі ўмела выразаны звяры і птушкі, а збоку, ніжэй,— яхідны профіль Сямёнавіча ў выглядзе ворана. Сямёнавіч быў настолькі падобны, што Вася слаба ўсміхнуўся, і дзед Цімох узрадавана зарагатаў, паказваючы свае старыя, сточаныя зубы:
— Ты толькі не паказвай яму,— ён кіўнуў на пусты ложак Сямёнавіча.— А то згрызе чалавек тую палку, як сухую кілбасу. I шкада яго. Чалавек усё-ткі!
— А гэта што? — праз сілу паказаў Вася на доўгую, дзіўную касцістую рыбіну, што размясціў дзед уздоўж палкі.— Хто гэта?