— Бом!.. Цялям-цялям-цялям!.. Бом!.. Цялям-ця-лям-цялям!..— грамавым акордам дабаўляла эмоцый вялізнымі, як скляпы, горламі літая бронза з вышыні.
Дужыя целаахоўнікі браліся за рукі, бесцырымонна адціскалі ад прарока баб, рабілі ў людской згуртаванай масе праход.
— Чаго тут тырчыш, як жаробная кабыла? — крычалі адчайна, бы на пажары.— А ну, назад!
— Не вышчарай зубы, як на праданне, дай яму дарогу, не бачыш?!
Аднак наўмысная грубасць і сіла не заўсёды дапамагалі. Спраўнейшыя кабеціны кідаліся мужыкам пад рукі, разрывалі заслон і з ашалелым енкам ныралі на зямлю, выдзіралі травінкі і пясок, да якіх дакранулася нага святога. Іншыя дабычу выхоплівалі адна ў адной з рук, вырывалі адна адной валасы, драпалі твары. Дарагую каштоўнасць бабы завязвалі ў хусцінкі, каб занесці яе тым, хто застаўся дома.
Гэтым скарбам бабы потым пасыпалі куточкі сваёй халупы — каб прыйшло ў хату шчасце. Сыпалі на галоўкі дзетак — каб не ўраклі іх злыдні, былі паслухмяныя, не хварэлі і не мачыліся. Пясочкам гэтым пасыпалі нават мужанька, каб не запіваў і не ленаваўся.
Крапілі кароў, свіней, коней і цялятак — каб не браў іх паморак і не шкодзіла дрэннае паветра.
Пырскалі ім Тузікаў і Жучак, каб не шалелі...
Дзіўнымі бываюць выкрутасы чалавечай псіхікі.
Малая дзяўчынка папросіць цябе расказаць байку і з аднолькавым захапленнем будзе слухаць яе сем разоў, хоць ведае, маладая хітруня, што ўсё гэта выдумка. Псіхіка маладога парастка патрабуе запаўняць час гульнёй, нерэальным жыццём, а дзеці, якія пазбаўлены гэтага, вырастаюць непаўнацэннымі, духоўнымі калекамі, а часамі — злачынцамі.
Калі задумаешся над рытуалам, які разыгрывалі нашы непісьменныя сялянкі пры абнаўленні ікон, нараджэнні прарокаў, са святым пясочкам ды свянцонай вадзіцай, пачынае цябе падмываць здагадка — а мо жанчыны тыя былі не такімі ўжо і цёмнымі?! Са здзіўленнем знаходзіш у тых падзеях элементы гульні — нейкую затоеную магутную сілу духа.
То была якаясьці татальная праява духоўнай патрэбнасці, спосаб запаўнення вакуума і форма праяўлення адчаю душы збядаванага народа, які спрабаваў наіўнымі сродкамі выбрацца з маральнага прыгнёту.
То быў апокрыф нястрыманай фантазіі, трызненне людзей, якія трацілі надзею, аднак з апошняй сілы стараліся ўтрымаць яе хоць бы якім-небудзь чынам, бо іначай — што ж тады заставалася?
Іхняя наіўнасць стаяла побач са святасцю.
Маленні, спяванне псалмоў і трапараў на вечарах у Грыбоўшчыне зблізілі паклоннікаў «новага вучэння» і сцэментавалі іх у дружную абшчыну.
Альяшова эліта жыла бесклапотна, прыпяваючы. Каб не трапіць «во искушение дьявольское», каб заглушыць у сабе плоць, змагары за «чысціню веры» ва ўсім свеце прыдумалі розныя схімніцтвы, адмысловыя пасты, накладвалі на сябе жалезныя вярыгі, да ног прывязвалі ды валачылі за сабой пудовыя гіры, цэлую зіму хадзілі босымі, а то — замыкаліся на гады ў сырыя пячоры.
«Трэція свяшчэннікі» і не думалі іх паўтараць.
Тэкля нават прывезла да Альяша з Празнікаў свой сіні, размаляваны белымі ўзорамі куфар з кофтамі ды сукенкамі і клапацілася аб старым, як самая верная жонка.
Непрыкметна ля кожнага апостала з'явілася «святая сястра». Апосталы ад гэтага нібы памаладзелі і не вельмі цяпер спяшаліся з вёскі, каб «прыдбаць новыя душы».
Альяш меў ужо пад семдзесят. Ён быў няздольны, каб зразумець, якая навісла над яго абшчынай пагроза і куды ўсё гэта вядзе. Ніхто не заўважыў, калі ў Грыбоўшчыне ўсё пайшло перакосам.
Каля гуранскай дарогі на пагорку стаялі спарахнелыя крыжы ды расло з дзесятак рыжабокіх ядлоўчыкаў — стройных, бытта кіпарысы. Між копчыкаў і ядлоўцу слалася па пяску, і ўпарта выстойвала супроць ветра, гарачыні, сушы, і нават замацоўвала сваё існаванне нейкая зялёная і сакавітая раслінка-ўюнок. Тут спрадвеку хавалі дзяцей, якія нараджаліся нежывымі.
Аднаго разу ў Грыбоўшчыну брыло аднекуль чалавек сорак багамолаў ды багамолак, яны спыніліся пад спарахнелай крыжавінай. Пілігрымы на копчыках памаліліся, папалуднава-лі. Тады жанчыны расплялі косы, схадзілі да калодзежа і ў бутэльках з-пад малака прынеслі вады. Затым мужчыны паклаліся, а багамолкі сталі мыць ім ногі. Выцершы кавалерам ступакі распушчанымі валасамі, багамолкі дружна пазнімалі сукенкі...
Хутаранскія цёткі падышлі і аслупянелі ад таго, што ўбачылі: на багамолках іх напарнікі ехалі ў рай! Прыйшоўшы ў сябе ад жаху і абурэння, гуранскія бабы выпусцілі з рук кошыкі ды з віскам кінуліся назад.
— Што яны робяць там, распутнікі, дзеці ж глядзяць! — уляцелі цёткі са скаргай у вёску.
Хапіўшы, што трапіла ў рукі — калы, пугі,— мужчыны рынуліся да могілак. Сяляне потым дзівіліся,— як іх ні дубасілі, ні кідалі аб зямлю, пілігрымы толькі непрытомна нешта мармыталі ды хрысціліся.
За Бераставіцай у Рамуцеўцах сектанты, якія адкалоліся ад Альяша, таксама выкінулі лозунг: «Далоў сорам!»
Ноччу зборышча рамуцеўцаў клала ў балейку раздзетага мужыка ці жанчыну ды пад ліхаманкавыя малітвы і завыванні чэрпалі з балейкі ваду і пілі.
Раптам адкалоліся ад Альяша самыя верныя яго багамолы ў Цялушках пад Гайнаўкай. Цялушкінцы аб'явілі сябе анёламі. Яны складчынай купілі аж шэсць царкоўных званоў, пачапілі пасярэдзіне вёскі на дубовыя перакладзіны і па іхняму перазвону збягаліся на сустрэчу са святым духам у хату, празваную чамусьці «каўчэгам».
Потым голыя маршыравалі па вуліцы. Ад незвычайнага карнавалу шалелі цялушкінскія сабакі. Жучкі ды Тузікі не пазнавалі сваіх гаспадароў. Са ўздыбленай на спінах поўсцю наравілі яны ўхапіць іх за ягадзіцы, што выклікала надта ж вялікую весялосць у вясковае дзетвары.
Зрэшты, так было не толькі на Гродзеншчыне. Здушаныя сацыяльным і нацыянальным прыгнётам людзі спарадзілі выбух рэлігійнага псіхозу, якога не было даўно. Захлынула хваля дзікага сектанцтва!