— Залвіца, то як ты жывеш там? — пацікавілася мама, шукаючы ў Валодзькавай галаве.— Гэто ж — ні дзень, ні два і ні тры! Столькі сядзець у той Грыбоўшчыне, столькі выцерпець там!.. Чым займаласа там цэлы год, расказвай!
— Чым усе жоны-міраносіцы,— сціпла адказала Хімка.
Жанчыны памаўчалі.
— Мая меляшкоўская пляменніца апавядала, што моляцца яны ўсе там, у царкве прыслужваюць ды людзей прымаюць! — каб разварушыць сяброўку, уставіла Сахарыха.
— А пэўна ж! Столькі народу валіць кожны дзень, клопат з імі велькі, мабыць? — не адставала цягнуць за язык залвіцу мама.— То расказвай, не маўчы ўжо, мы тут свае ўсе, смяяцца не будзем, як брат твой! Надта разумны.
— Нам званы прывезлі да пачапілі,— загаварыла нарэшце Хімка, і вочы ў яе ўжо загарэліся.— Альяш высвянціў іх, прачытаў малітву такую: «...Госпадзі, як прагучаць гэтыя званы, няхай адступіць змрок і цемра, зло і няшчасце, маланкі і громы, засуха і голад ды знішчальная сіла града...» Далей я забылася... I цяпер, як удараць, як удараць дружно на «Верую», то такая ўрачыстасць — бы на небе, калі часамі прысніцца!.. Бягуць людзі адусюль паглядзець і паслухаць, а радуюццо, а гамоняць, бы дзеці!.. Ні бацюшкі, ні архірэі, ні хто другі, а — самі сабе іх купілі, самі і ўстанавілі! Белавежскі Антанюк з мужчынамі ўзвалакаў іх вяроўкамі!.. Ах, колькі канапляных вяровак парвалі!.. I цяпер яны — бом! бом! бом!.. Адзін тоўсто так, як чмель, а тыя ўсё танчэй, танчэй ды гудуць, бы Яшкаў самалёт у нябеснай высі!.. I, паверце, бабанькі, наўслухаюсо, намалюсо за дзяцей, выплачусо салёнымі слязьмі — выйдзе з мяне гэты ўрэдны сок, ды та-ак мне на душы стане лёгко, та-ак файно, што больш нічого, здаецца, і не трэ!
— Ох, і мне часамі так хочацца некуды пайсці ды адвесці душу! — пазайздросціла ўжо мама ды цяжка ўздыхнула.— Але твой брат ні ва што не верыць, узніме сварку ды не адпусціць!.. А тут шчэ і часу шкода!.. Свіней кормім на праданне... Унь Ігнаты купілі малатарню, трэ і нам падумаць аб ёй...
— Кі-іньце вы, Манька, за Ігнатамі ганяцца!
Хімка хапіла яе ўжо за руку і стала пераконваць:
— У нас прытчу апавядалі, паслухайце адно! Імчаў па дарозе на чацвёрцы коней адзін багаты купец. За ім выехаў купец на тройцы. Едзе сабе і думае: у мяне ж толькі на аднаго каня меней, чаму я павінен адставаць? I не адстае. Тады выягджае купец ужэ толькі парай. Гэты бачыць тройку сівых і думае: у яго ж болей на аднаго каня, чаго я павінен адставаць? Выягджае двуколка, купец у ёй бачыць наперадзе пару ды разважае гэтаксамо: у мяне толькі на аднаго каня меней, усё роўна не адстану!.. I конь яго ад натугі здох, гаспадар зруінаваўсо — вядомо, усяго і было таго багацтва!.. А той, што на чацвёрцы, яшчэ і дзісь егдзіць недзе!.. Падумайце добро, Манька, так і вам — не ўгнацца, мусі, за братам Рыжаго Ігната!
— Мо і праўду ты кажаш...
Мама аж разгубілася і на тую залвіцу, якую калісьці лічыла занішто, нават на вы ніколі не назвала, цяпер паўзіралася з пашанай.
Жанчыны загаварылі пра дзяцей.
Сахарышынага Ёзіка і Кірылішынага Валодзьку якраз трымалі ў турме. Бабы пачалі Хімцы зайздросціць, што яна ў лепшым становішчы, бо хто ведае, мо Яшка яе ў Саветах ужо і ў камісарах ходзіць, і волю людскую мае, а іхнія хлопцы — гніюць на цэментавых падлогах ваўкавыскай турмы. А калі нават і вернуцца, то што іх у гэтым Страшаве добрага чакае? У турме яны, кажуць, не марнуюць час, адны адных нечаму вучаць хоць...
— На тыдзень па два разы хаджу ў пракляты Ваўкавыск! — паскардзілася Кірыліха.— Ногі да каленяў стаптала, толькі да сына не дапускаюць. Камендант турмы кажа:
«Не дуры, бабо, нам галавы, ён шчэ пад следствам ўсё, і ні з кім бачыцца яму не дазволено!.. Не трэба было дазваляць, каб выступаў супроць уласці!..»
Так ні разу і не паказалі, ні пісьма не перадалі!.. Ці хоць ведае мой Валодзька, што гэтак для яго стараюсо?..
— А маго Ёзіка, кажуць, надто білі! — заплакала Сахарыха.— Паб'юць, паб'юць, а тады шчэ й вады ў нос наліваюць!.. Пальцы прышчымляюць у дзвярах!.. Здаецца, каб можно было, увесь гэты збытак на сябе ўзяла б, хай бы яму палегчало б — кожную жылачку яму з сябе выпарала б!.. Толькі што ты, цёмная баба, можаш! Ноччу не магу спаці, хоць ты што хочаш!.. I ў рот нічого не лезе!.. Калі ўсе палягуць, стану на калені перад іконай мацеры божай і малюсо, малюсо, малюсо ды плачу...
Хімка ўздыхнула:
— Доля мацярынская — не дай бог! Недарма моляцца дзве Марыі!.. У нас пра мацярок вельмі добро гаварыў прапаведнік з Ліды,— сабралася яна расказваць зноў.— У нейкім там царстве пасадзілі ў цямніцу хлапца. Маці пайшла таксама па начальству, а самы галоўны ёй і кажа:
«Не хадзі, не дуры нам галавы, бо ніц не дапаможа! Выйшаў царскі ўказ, заўтра ў дванаццаць гадзін ударыць вялікі звон і сына тваго на пляцу смерцю пакараюць!»
Маці гэтаксама, як вы, плакала, убіваласа, ноччу галавы да падушкі не прытуліла, а раніцой падумала так — уратаваць зусім яго не магу, але хоць пару хвілінак сыну дарую. Узабралася бедная на званіцу, прытаілася ды чакае. Калі кат занёс сякеру над галавой асуджанага і званар ужэ тузануў за вяроўку, каб падаць знак, яна падставіла рукі пад звон. Язык жалезны ўдарыў у мяккое, і звон той, вядомо, не прагучаў. Так маці і трымала рукі, покуль іх не адбіло!..
— Дзіво што рукі падставіла пад тое жалезо! — скрозь слёзы загаварыла цётка Сахарыха.— Тваё дзіця задаволено, яму добро, то і ўсе мацерыны радасці, ўсё шчасце!
Бабы ўсхліпнулі пачырванелымі насамі, пачалі выцірацца ражкамі хусцінак.
Для мяне і брата цётка Хімка была за няньку. Адчуваючы, у якой яна цяпер пашане, я цётку сваю слухаў, напаўняўся гонарам і быў з Хімкай сэрцам. Толькі хлапечае самалюбства мне не дазволіла выказаць сваю любоў Хімцы ўголас — мне ішоў ужо адзінаццаты год. Затое нецярплівы і маладзейшы на тры гады мой брат дачакаўся, калі цётка змоўкне, вырваў сваю галаву з маміных рук і спытаў:
— Цёцю, а вы, праўда, больш у Грыбоўшчыну не вернецеса?
— Пайду, Валодзечка, пайду, дзетка! — паспачувала яму Хімка і прыгарнула пляменніка.
— А-ай, не трэ-эбо больш, я з вамі зноў спаць буду! — узмаліўся ён.
— Дурненькі. Я там у іх — міраносіца. Без мяне ім ніяк не абысціса.
— А што вы там носіце?