Акордам да легенды пра разгром духавенства альяшоўца-мі прагучала ў нашай хаце апавяданне Хімкі.
Цётка з'явілаея ў Страшаве, каб даведацца, ці не прыйшло ад дзяцей пісьмо. Збегліся суседкі, засыпалі Хімку пытаннямі, адно гаварыць яна не вельмі спяшалася. Поўная шчодрай дабраты, унутранага здавальнення і радасці, наша цётка сядзела на лаве з заціснутай моцна ў кулаку ўсё той жа карункавай хусцінкай ды таямніча ўсміхалася.
Хімку ўвогуле нельга было пазнаць! Некуды падзяваліся згорбленасць і гатоўнасць усім паслужыць. Яна сядзела з пачуццём уласнай годнасці, твар і рукі зрабіліся ў яе белымі, нібы ўвесь свой век жыла яна ў горадзе і ў дастатку. Нават адзенне на ёй было ахайнае і адпрасаванае.
— А-а, паявіласа-такі? — увайшоў у хату бацька.— Ну, здраствуй!.. То і ты, кажуць, праславіласа ў вайне з кудламі?! — не без гонару заўважыў ён, дараваўшы ўжо сястры нават тое, што яна вазіла прэзідэнту кужаль.— Малайчы-ына!.. Я з панамі ваюю, а ты — з папамі ды архірэямі! Ото ж узяліса мы з табой парадкі наводзіць! А-а, і не ведаў, і не думаў, што такая ты ў нас нарадзіласа заядлая!
— Якая ўжэ е,— сціпла развяла рукі сястра.
Адпусціўшы Хімцы пару шпілек за тое, што яна вось ужо цэлы год прымушае брата абрабляць яе землю, робіць яго сваім арандатарам, бацька пахваліў зноў:
— Так кудлатых разагнаць, такую ганьбу на іх наклікаць, хто б падумаў!.. Ведаеш, на вёсцы пра гэто цяпер толькі і гавораць! А-а, малайчыны!
Бацька прайшоўся сюды-туды па хаце. Вакол сядзелі бабы, і мужчынская годнасць не дазваляла з сястрой уступаць у інтымную размову — адклаў на пасля.
— Інцярэсно, а што далей думаеце вы рабіць? — зацікавіўся ён.— Папы ў спакоі не пакіну-уць вас!
— На ўсё воля божая.
— Ну, ну, надзейса на яго! Зрэшты, кажуць, у вас там цудаў многа бывае?
— Чаму не, здараюццо.
— То звадзіла б туды і мяне, паказала б! Дальбо, столькі пражыу на свеце, вайну праваяваў, а ніводнага шчэ не бачыў!
— Каб заслужыць цуд, трэ быць чыстым і дастойным. А ты? Калі свой лоб перажагнаў? Як мама цябе лупцавалі!.. Да споведзі і да прычасця калі хадзіў? Перад жаніцьбай, бо бацюшко шлюбу не даў бы!.. Ты ні ва што не верыш, нічого і не ўбачыш, нават каб туды і прыйшоў! Думаеш — не? Бачыла, прыходзяць туды такія!..
— А як паверу?
— Бог шчодры, хапае ў яго святых дароў іншым, то хопіць і табе.
— Эт, такія казкі я ўжо не раз чуў ад вашаго брата, багамола! Але ты зрабі мне такі цуд, каб яго ўгледзеў кожны!
— Усе не могуць быць дастойнымі ў бога.
— А ты ж толькі што гаварыла, што ён шчодры і міласці ў яго — мяшкамі, і ўсім хопіць!
— Я пра адно кажу, а ты — пра другое.
— А-а, як ты выкручвацца навучыласа! Бачу, недармо яны цябе там трымалі, недарма хлеб у іх ела!
— Ела, што бог паслаў.
— I Евангелля начыталася, бачу, а разумееш ты ў ім много? От, паўтараеш завучанае, як папугай, бы тую малітву!
— Евангелля — кніжка царкоўная, яе мудрасць святым духам запячатана, кожнаму яе нельга разумець.
— Толькі —твайму Альяшу!
— Ілье — адкрыто.
Бацька раптам адумаўся, што спрачацца з такімі — дарэмная трата часу.
— Ат, чорт вас, дуралеяў, разбярэ! — нецярпліва махнуў ён рукой і пайшоў.
На гэты раз Хімка і брывом не павяла, што ўгнявіла брата.
Бабы засталіся самі.