Бабы рассмяяліся.
— Так богавы служкі называюццо! — прыняла ўсур'ёз братава пытанне цётка.
— А-а!..— са шкадаваннем працягнуў Валодзька.
— Мушу туды ісці, сынок, бо мне сон такі прысніўса і бог загадвае, каб я служыла дзядзьку Альяшу.
Хімка ўздыхнула з забабоннай пакорнасцю ды зноў звярнулася да сябровак:
— Ах, і сніцца мне, бабы, бытто я анынуласа ў аблаках, але не магу аглянуцца, бо вішу, і баюсо, каб не праваліцца ў бездань. Гляджу — перада мной на хмары якіясь людзі вылежваюццо. Бы на беразе разлягліса і грэюццо на сонейку!..
«Дайце руку, каб я ступіла на цвёрдае!» — прашу іх.
«Не можам,— кажуць.— Пачакай, хутко будзе ісці той, хто падасць!»
I во, а людцы вы мае, бачу нейкую ўжэ цень і чую за сабой пах. Але такі дзіўны арамат, такі дзіўны, што за ім, здаецца, пайшла б на край свету! I цень гэтая і пах блі-ізяцца да мяне памаленьку, блі-ізяцца!.. Хтось падае руку, але не-е, не ба-ачу яго, а чу-ую толькі ўсё той пах, а бачу адну цепь!.. Хтось той сціскае мне моцно руку, сцягувае на хмару, а рука такая сі-ільная, цё-оплая і таксамо пахучая, паху-учая!.. Тады той нехто кажа:
«Ідзі за мной, адно не азірайса ні налево, ні направо, ні назад!»
I мы некуды крочым. Збоч сцежачкі анёлы з залатымі дзідамі стаяць і нам кланяюццо, ластаўкі снуюць. стрыжы вішчаць, буслы лётаюць...
I тут ён раптам мяне пытае:
«Ці памятаеш сваё прозвішча?»
Я думаю, думаю і ніяк не ўспомню прозвішча, нават — дзявочаго. Тады нехто той падводзіць да варот гэтакіх, бы ў Казані былі ля той гімназіі, дзе мой Яшка з вашым Ёзікам вучыўсо, але куды большых, ды з такімі бліскучкамі, як агонь жывы, з вісюлькамі рознымі, і кажа: «Чытай!»
I я чытаю... Толькі адно слово там: «Светач». Першы раз такое слово чую і бачу, дальбо, напісаным... Я адразу прачнуласа, упала на калені і давай бясконца маліцца!
Хімка ў заканчэнне аб'явіла зачараваным малым:
— Сам гасподзь бог, Валодзечка, паказвае мне быць светачам: хадзіць па людзях, насіць ім праўду пра вучэнне прарока, пра грыбоўшчынскаго дзеда Альяша! А мо і ты, калі вырасцеш, станеш некалі такім...
Сахарыха ўздыхнула з зайздрасцю:
— Якая ты, Хімачко, шчаслівая!.. А так табе было цяжко, так трудно, так ты тут кукавала, і так мы цябе шкадавалі ўсе — аж страх і ўспомніць!
Хімка згадзілася:
— Было! Праўду людзі гавораць, што, пазачыняўшы ўсенькія дзверы, усявышні хоць вакенцо для ратунку чалавеку пакіне!
ЧАСТКА ДРУГАЯ
Раздзел першы
Альяш прагнаў манахаў, і тыя вярнуцца пабаяліся. Бацюшку з Вострава, важнаму архірэю і чыноўнікам Гродзенскай кансісторыі паказаў фігу, і гэтыя паны нічога яму не змаглі зрабіць...
Такія звесткі зноў разварушылі сялян, і псіхоз вакол Альяша як бы атрымаў другое дыханне. Цяпер яшчэ больш магутныя патокі жанчын ды мужыкоў хлынулі пехатою, на каленях, фурманкамі ды веласіпедамі па незлічоных дарогах і дарожках Заходняй Беларусі ў Грыбава. Прыбыўшы пад цэркаўку, людзі падалі на калені і спявалі толькі што створаны Паўлам Бельскім новы гімн прароку:
«Ты, Ілья, наш святы страннік, табе слава і прывет! Ты вялікі Хрыста Йзбраннік, служыш богу многа лет! Людзі зблізку і здалёку к табе йдуць, йдуць і йдуць! Няма таго чалавека, які б не быў ужо тут! Наш начальнік у тройцы слаўны, усімі зрымы чалавек! Ты— тварэц усіх непасціжны — Альфа і Амега ў век!..»
Нядаўна з Пярэмышля прывезлі чатыры званы. Хоць браты Кавальскія грошы з Альяша здзерлі немалыя, але, праўда, адлілі іх на славу: з галасамі магутнымі, чыстымі ды звонкімі — мёртвага з магілы падымуць ды падбадзёраць!
Дзядзькі, якім давялося ўзбірацца на званіцу, з-за ляноты мо ніколі не шмаравалі свайго воза, але ложы грыбоўшчынскіх званоў старанна пэцкалі тавотам, а метал з сярэдзіны і з пакатых бакоў выціралі рукавамі світак.
Калі ад вёсачкі аддзялялася цяпер шэрая фігурка самога Альяша, званары хапалі вяроўкі і званы зычна, з вышыні царкоўных вежаў, з урачыстай узнёсласцю абвяшчалі акрузе:
— Ідзе-е!.. Вось ён! Вось ён! Вось ён!.. Згорбленая фігурка старога падыходзіла да цвінтара, і там пачынаўся тады вэрхал. Жанчыны з дзікім віскам кідаліся да Клімовіча, цалавалі яму світку, ногі і брудныя нагавіцы, якіх чалавек ніколі не мяняў і не чысціў.