— Эх, і мужык быў — што трэба! — глядзеў ён на яе ўлажнымі і вінаватымі вачыма.— Ні Павел, ні гэты Пінкусаў балабол — не пьюць, абодва святыя праведнікі, прысядзь!..
У голасе, у манерах гэтага шэльмы — сына жабінскага мужыка, які цяпер аж у Крынкі ездзіў кожны тыдзень да цырульніка стрыгчы ды пырскаць адэкалонам сваю чорную, як смала, бараду, які столькі жыў у Пецярбургу,— была мужчын-ская прывабнасць. У Рэгіса закахалася нават памешчыца са Шчорсаў ды паклікала дзячка ў прымы. Даведаўшыся, што ён праваслаўны, багатая прыгажуня пайшла ў манастыр. Добрай ад шчасця і сардэчнай Тэклі захацелаея чалавека пашкадаваць. З выразам ласкавай добразычлівасці ва ўсёй сваёй фігуры яна пайшла да табурэткі.
У гэты момант на першым паверсе пачулася ламанне ў дзверы. Спевы, крыкі і патэфон у гасцініцы сціхлі адразу.
— Хто там? — насцярожылася маладзіца.— Пачакайце, айцец Мікалай, толькі гляну, каго сюды позно так нясе!.. Свае просто заходзяць, чужы хтось там!..
Тэкля вылецела з пакоя, а за маладзіцай выйшаў і Рэгіс. З дзвярэй у калідор высунуліся цікавыя галовы і насцярожана прыслухоўваліся. Пастаяў, паслухаў і дзячок.
— Ах, смуродзе, ты зноў прыпёрса?! — кагосьці лаяла Тэкля.
— Пачакай, пагаворым! — прасіў мужчынскі голас.
— Пра што гаварыць нам?!
— Ладно, дарую табе ўсё!..
— А-а, даруеш? — выбухнула Тэкля пасля мінутнага маўчання.— Але ці прасіла цябе гэтаго я?!
— Перастань і паслухай! — цвярдзіў мужчына сваё.— Хату будую ў Бераставіцы! Ужо толькі печы засталосо скласці!.. Хадзем, будзем жыці разам! Кафлі белай купім...
— А потым станеш зубы лічыць мне, як у Празніках?!
— Хай рука адсохне, калі больш на цябе падніму!
— Ве-едаю цябе!.. Толькі так цяпер гаворыш, бо цвярозы!.. А нап'ешса, кепскія людзі ўвядуць у вушы, што з прастытуткай жывеш, і зноў жывёлінай станеш!..
Голас мужчыны стаў катэгарычным:
— Так — не?!
— Не глухі!
— Жонка ты мне ці хто?. А ну, збірайса, ідзі па манаткі, бо магу і ў паліцыю заявіць!
— Ах ты, гніда! — узарвалася Тэкля.— Заяўляй хоць сабе самому Пілсудскаму ў Варшаву, бяжы, а я ўсё роўна да цябе не вярнусо, бо не люблю, чуеш?.. Ха, бегаў па вёсцы, бэсціў апошнімі словамі, выгражаўсо, цяпер — во, адумаўсо!.. Жыці буду з тым, хто мне падабаецца, і там застанусо, дзе сама выберу!
— Ну, ну, памалу!..
— I не палохай, не баюсо, начальнік нада мной знайшоўсо!.. Табе ўжэ раз сказала — каб тваёй нагі тут не было болей, запамятай!.. А цяпер — марш адгэтуль! Уцякай хутко, бо скажу Ільі, то ён цябе раз-два адвадзіць ад Грыбава!
— Ы-ых, знайшла кім палохаць!
Рэгіс пачуў, як Тэкля бразнула дззярыма і грымнула дручком, падпіраючы іх.
6
Пакінуўшы гасцініцу, Юзік у Банадыка Чарнецкага выпіў і павыхваляўся:
— Пачуеце, цётко Банадычыха, як ваш Альяш пішчаць будзе ў маіх руках!.. Чырвоная смала з носа ў яго пацячэ-э!.. Сам у турму сяду, але ён — папомніць мяне!
Старога Чарнецкага якраз не было. Жанчына перапалоха-лася, што замнога прадала госцю гарэлкі.
— Ой, Ёзічак, золатцо, мо не варто збыткаваць так са старого чалавека! Лепш па-харошаму ты мо яго папрасі! Дабром усё на свеце можно зрабіць!
— Што там на дварэ? — Юзік выглянуў у акно.— Халера, цёмно як — дасць хто ў морду, і не будзеш ведаць, з кім сварыцца нават!.. Гэто добро!.. Не-е, цётка Банадычыха, Тэклі мне ён так не аддасць! Ого, дурань такую аддаваць!.. Яна — гаспадарлівая ў мяне, скупая на грошы, і работа ў яе руках аж гарыць!.. Але я яму па адной валасінцы бараду выскубаю, тады і глянуць на маю бабу не пасыкнецца!.. Пачакайце адно, я ж яму, старому лычу!..
Раз'юшыўшы сябе гэтак, саламяны ўдавец выйшаў на дождж ды стаіўся ў цемры каля дрэва.