— Ладно вам!.. Кажу — памаўчыце! — крыкнуў на іх Альяш.— Пра што мы?.. Ага!.. Свечку аднясі ў канец вёскі, і агні будуць, як зерне, а — да якіх-небудзь Плянтаў, то ўжэ і не ўбачыш яе нават адсюль! А сонцо — ого!.. Заедзь у Крынкі, і Гарадок нават, ці ў Кранштат той, і ўсюду яно свеціць аднолькаво і грэе так, хоць і там здаецца ўсё такім малым! Недарма людзі называюць яго — божым вокам!
— Правільно айцец Ілья гаворыць! — узрадаваўся Давідзюк.— Нават заедзь у Амерыку, і ў ёй гэтак жа грэе, а ўзнімеш галаву такі ж маленькі кружочак, бы ў Грыбоўшчыне, і гэтаксамо слепіць вочы, што трэ зажмурваць!
Зала ажывілася, людзі пачалі прапаведніка дапаўняць, і ніхто не заўважыў, што адхіліліся ад тэмы.
— А паглядзі, як летам прыпякае!
— О! толькі засні, паспрабуй, пасля сёмухі на сонцы — так і згарыш!
— Летам — печ страшная!
— Нават конь — які ўжэ вынослівы — і ён не вытрывае на спякоце, а прэцца ў які-небудзь куст!..
I ў царкве паміж людзьмі ўжо не стала насцярожанасці, хоць сярод слухачоў было многа чужых. Дзядзькі загаварылі, бы ў суседа на прызбе.
— Прыдумано ўсё богам ры-ыхтык! — запэўніў Ломнік.— Загаварылі пра коней. Глядзі, якое ў кабылы бывае не густое малако, бо жарабят яна прыводзіць моцнымі і дужымі, выжываюць і так! Але ты вазьмі свінню!.. Парасяты з'яўляюцца на свет хілымі ды голымі, бы мышанята, ды малако ў мацеры — як смятана, і малыя ўжэ праз пару начэй становяцца на ногі!
— Яно, вядомо, прыдумано ўсё вельмі файно! Вада, соль, расліны, сонцо, звёзды з месяцам, каб ноччу свяцілі!.. Усё карыснае,— разважыў Майсак, гладзячы пальцамі бараду.— Але Ляксандар, мне, нашто яшчэ і гэтая зараза — маланка — існуе на белым свеце, як ты думаеш, га?.. Летам, як толькі грымне, так і выглядаеш, ці не курыць дзе твой хлеў альбо абарог!.. От, каб шчэ гэтай бяды мы не ведалі!..
— Нядаўно ў Плянтах, здаецца, і хмар не было, а смальнуло Косці Лавіцкаму ў гумно! — падхапіў іншы дзядзька.— Косця і да царквы легулярне хадзіў і такі зважлівы — дзіця табе не пакрыўдзіць, а сабака яго ўсю зіму ў хляве жыве!..
Давідзюк абвёў вачыма прысутных, пашукаў памочнікаў. Не, чакалі, што скажа ён.
— Бо ў Лавіцкіх ля хутара балота. У балотнай вадзе жалеза много — калісь нават руду з яе варылі. У жалезе — магніт, а магніт прыцягвае перуны!
Мужыкі заклапочана маўчалі. Было відаць, што такое тлумачэнне іх не здавальняла.
— Ляксандар, то няхай білі б у вербы над рэчкай, а то — у будыніну на сушы! — запярэчыў нейкі дзядзька ўслых.
— Але, праўда! — падтрымалі апаненты хорам.
— Дзело гаворыць Ляксандар нам,— зноў пачаў разважаць Альяш.— Пярун — той жа самы магніт! Плянты стаяць на поўнач ад балота, і стрэлка магніта цягне на поўнач, ну? — з пытаннем абвёў стары ўсіх вачыма, ці дайшло да людзей яго тлумачэнне.— Таму і стрэліло туды, а як жа!..
У царкве запанавала поўная пашаны цішыня. Стала выразна чуваць, як дзесьці ў глыбіні залы, дзе панаваў сонны густы змрок, нейкі чалавек усхрапнуў, але ж адразу і прачнуўся ды перапалохана выгукнуў:
— Што?.. Дзе?.. Га?..
Ніхто гэтага і не заўважыў. Украінцы ўсё так жа бяздумна елі вачыма свайго бога. Астатнія мужыкі ўражана ківалі галовамі і бытта адзін аднаму казалі: «Це хале-ера! Недарма Альяш служыў калісь дзеншчыком у афіцэра, трымаў у руках розныя компасы, магнітную справу, ніц не кажы, ве-едае, стары д'ябал!»
— Гэта верно, брацця і сёстры! — сціпла падсумаваў словы прарока Давідзюк.
Адчуваючы, што трэба сказапь яшчэ нешта, і сказаць — надта важнае ды значнае, каб на гэтым скончыць сёння вечар, Альяш закрычаў:
— Перуны — знак гневу божаго!.. У Грыбоўшчыне танцы кожную суботу завялі — збяруцца, і дзеўкі трасуць цыцкамі!.. А свістуны пабяруць папяросы ў зубы ды валэндаюццо па вуліцы, лынды б'юць!.. Яшчэ завялі сабе моду — не святыя кніжкі чытаць, а — пра любоў ды распусту ўсё, хто крыху вучаны!.. Хібо гэто да дабра давядзе?!. Каго ты хочаш ашукаць, бо-ога?!. Унь як перад бурай баляць зубы ці галава, як у баку коле! А перад дажджом як табе косці ломіць?!. А калі мокры снег пачне ляпіць?.. Падзявацца няма куды!..
— Святыя словы кажа айцец Ілья,— паспяшаўся яму дапамагчы Давідзюк.— Прырода — адзіная, і ў ёй усё адно з адным звязано, брацця і сёстры, дзякуй табе, госпадзі, за мудрасць тваю безгранічную! — Апостал памаліўся на ікону спасіцеля.— Айцец Ілья хацеў сказаць, што праз прыроду і мы цесно звязаны з госпадам богам, праз яе ўсявышні нас карае і мілуе!.. Ну і што, калі твой хлеў згарэў, хоць і не ты, а — я грашыў, якая розніца?.. Богаві няма калі разбірацца ў зямной драбязе, і ён не камендант крынкаўскаго пастарунка — Клявітар,— каб чуць што, біць вінавайцу гумай па галаве!.. Мы, людзі,— зярняткі з адной макаўкі, нязначныя і маленькія пясчынкі з адзінага вялікага чалавечаго цела, амін.
— Амін! — пачціва і з пашанай да мудрасці прапаведніка праказаў хор.
— Амант! — сказала Хімка.
— А цяпер, брацця і сёстры, давайце перад сном скажам па тры разы «Ойчэ наш» і «Верую»,. Для чаго нам гэто трэбо? Для таго, каб доўгай і шчырай малітвай разагрэць нашыя халодныя, зачарсцвелыя ў штодзённай суяце сэрцы! Астылыя ў будзённай мітусні душы нашыя інакш не змогуць пранікнуцца любоўю і цёплай верай у госпада бога, у сне не знойдуць яго!
Акрылены апостал упаў на калені ды пачаў чытаць малітву. Па яго прыкладу зашапталі ўсе астатнія.
— Амін! — як заўсёды, першым узняўся Альяш.— Хадзем, бо царкву буду закрываць.
— Амін! — устаючы з каленяў, пачціва сказалі мужыкі хорам, і ад руху паветра неспакойна замільгацелі свечкі.