— Ну, як кажуць палешукі, то будзьма! Келтай і ты, бацьку!
Мужчыны чокнуліся, выпілі.
Ён і нявестка гарэлкі толькі прыгубілі. Лаўрэн да выпівак увогуле ахвочы не быў і кампаніі такой стараўся пазбягаць. Сёння, перад спё-кай, на хлопцаў глядзеў са страхам, як тыя ўліваюць у сябе гэтую агіду.
Сыны і пляменнік былі па-ранейшаму насцярожаныя, бытта збіраліся Лаўрэну аб'явіць аб цяжкай хваробе, якую ўрачы ў яго выявілі, ды ўсё аніяк не адважваліся. Таму некалькі мінут у памяшканні было толькі чуваць, як цыкае насценны гадзіннік, як за ашклёнай, падзіраўленай шашалем чорнай шафкай рытмічна ходзіць белае сэрца маятніка. Прашыпела спружына. Над маятнікам з лёска-там адскочылі дзверцы, і ў шафцы зязюлька сталёвым галаском праказала дзесяць раз «ку-ку!». Ніхто гэтага не заўважыў.
Нарэшце Уладзік кінуў брату:
— То пачынай, ці што?
Старэйшы абурыўся:
— Хітры! Твая выдумка, твой інтарэс, ты і пачынай, а чаго мяне выстаўляеш?
— Ха, па-твойму, усё гэто адзін я прыдумаў? — праскрыпеў асілак крэслам.
— А хто — дзядзя?
— От табе і на-а!!
— Хібо — не?
— Ты ска-ажаш!
Хвіліну панавала папятае маўчанне.
— Тады пайшлі вы ўсе к ядронай мацеры, слабакі! — п'янаваты Франак рубануў паветра рукой: — Ат, дзе маё ні прападала — хай прападзе і на гэты раз!
Грукочучы табурэткай, пад'ехаў да Лаўрэна.
— Во што, дзядзьку, паслухайце, што вам скажу! Мы тут усё з вашымі сынамі дэталёво і падрабязно абмазгавалі, так і гэтак прыкінулі, тое-сёе ўзважылі, там-сям разведалі-разнюхалі ды ўхвалілі — вашу хату, дзядзьку, даўно трэ... Яе ўжэ даўно... Ну, трэбо яе, хочаце ці не хочаце, а даўно-даўно...
Але і пляменніку штосьці не дало гаварыць — зухаваты сваяк і той раптам апёкся і зазлаваў:
— Цьфу, халера, не магу! Зрэшты, да ну-у вас, сваячкі, пад лысую хале-еру! А шчэ займайса тут справамі Маркевічаў, бытто сваіх не хапае!
Адвярнуўшы твар ад пліты, умяшалася нявестка:
— Не слухайце іх, не слухайце! Гэтыя спрытныя махляры і камбінатары ашукваюць вас!
— Чаму ашукваем?
— Хіба — не?
Муж вызверыўся:
— А ты тут хто такая?
— Скажаш, чужая ім?
— Сумняваласа?
— Не, ведаеш!..— уздрыгануў жончын голас.
Святланка ўвесь час пільна сачыла за перапалкай, стараючыся ўлавіць — з-за чаго аж так спрачаюцца дарослыя.
Уладзік збавіў тон: