— Палохало на вераб'ёў, аб вішань не аб'ядалі.
— Вераб'і цяпер баяцца?
— О-го! Абсядуць яго ды рагочуць, падлы!
— А-а...
У гэты момант у знаёмым да болю пярэдніку нябожчыцы Ніны выглянула з хаты нявестка, крыкнула:
— Ідзеце снедаць!
2
Жонка сярэдняга сына, Кіра, працавала ў музеі экскурсаводам. Была яна дробненькая, бялявая, у акулярах ды ўсяго надта брыдзілася — гатуючы пельмені, тры разы мяняла ваду, з хлеба зразала скарынку, бялізну свёкра мыла толькі ў гумовых пальчатках, а дома, гідліва крывячы вусны, усё чысціла, чысціла і чысціла.
— Ой, ой, заходзьце хутчэй! — падагнала дзеда з унучкай. Каб, барані божа, не ўляцела на кухню муха, перапалохана махаючы рукамі, падтрымала спіной дзверы ды зараз жа за свёкрам зачыніла.
Снеданне дзеда і ўнучку ўжо чакала.
За сталом расселіся ледзь не двухметровага росту асілкі, Лаўрэ-навы сыны — старэйшы Павел ды сярэдні Уладзік. Побач з імі маячыў надта падобны на дваюрадных братоў пляменнік Лаўрэнаў — Франак Шмігельскі. Сыны ў горадзе круцілі абаранкі «Ікарусаў». Дакладней кажучы, вадзілі іх у дальнія рэйсы. Па горадзе ездзілі толькі першыя два гады. Напрыкрала Уладзіку мінаць усё тых самых міліцыянераў, аб'яўляць тыя самыя прыпынкі — папрасіўся на міжгорад, а следам — старэйшы. I ездзяць рэйсавымі ўжо даўно. Пляменнік ездзіў у зялёнадалінскім калгасе на грузавіку, а жыў у другім канцы вёскі.
— Ну, бацька, прызнавайся,— голадам уздумаў нас замарыць, напэўно!
У голасе сярэдняга сына прагучала штучная бадзёрасць, але Лаўрэн, вядома, гэтай адрабіне фальшу не прыдаў значэння.
Уладзік узяўся наліваць кілішкі.
— Прысаджувайса, тату, пакаштуем зара нашай, маскоўскай,— хопіць усё на тваёй ды на тваёй выягджаць!
— Ага, прапусцім пару чарак у жылы, і ўжэ будзе весялей! — дапамог брату Павел.
Хлопцы да яго прыязджалі часта — садзіць і капаць бульбу, разбіваць агароды, калоць парсюка, рыхтаваць на зіму дровы ды сена, калі яшчэ трымаў карову. Вядома, амаль усю тую бульбу, гародніну, масла, сыры і мёд самі потым з нявесткамі везлі ў горад. Але ж на тое яно расло ды гадавалася.
Лаўрэн з-за гэтага вельмі ганарыўся, што можа дзецям дапамагчы. Няважна, калі харчавацца даводзілася адной капустай, гарохам, панцаком ды бульбай, што найгоршай, якую парсюку пакінуў,— добры шавец заўсёды без ботаў ходзіць.
Звычайна без кашуль, а нявесткі нават у адных купальнічках, увіхаліся ўсе яны вакол будынкаў, адправіўшы старога рыхтаваць гарэлку. Толькі рыхтаваць яе зусім не трэба было — каністра сыноў чакала заўсёды. I Лаўрэн тады здаволена хадзіў сабе з канца ў канец падворка. Гледзячы цераз плот на пругкія, маладыя ды загарэлыя целы сыноў, ён цешыўся, як у іхніх руках, за што б хлопцы ні ўзяліся, спорыцца праца.
О, сыны яго да работы былі заядлыя. Заадно мусілі не адставаць, вядома, і вутлыя жанкі. Ён тады вельмі шкадаваў — эх, не бачыць нябожчыца Нінка.
На гэты раз выйшла зусім іначай.
Хлопцы з нявесткамі і ўнучкай з'явіліся чамусьці на ноч і як бы без дай прычыны. Ні агародніна, ні бульба, ні яблыкі яшчэ не паспелі. Парсюк не вырас — на восень яму вызначаны тэрмін. А па трохлітровым слоіку першага ліпавага мёду і па добрым пляйстры, выразаным са свежым воскам, адаслаў ім праз пляменніка.
Лаўрэн адразу заўважыў — штосьці здарылася.
Кіра, як гэта рабіла кожнае лета і восень, таксама і цяпер найсамперш сунула мужыкам у рукі каму венік, каму фартух, каму ручнік ды прымусіла выганяць з кухні мух. Толькі не падымала вачэй, бытта нешта таіла. Перамываючы потым свёкру бялізну, якой назбіралася многа, чагосьці яшчэ нават і плакала. Выносячы развешваць выкручаныя кашулі на плот, не глядзела свёкру ў вочы...
Лаўрэн падумаў — пасварылася зноў з мужыком, што здаралася ў яе часта. Нінка ў такіх выпадках адразу прыставала да ўнукаў з роспытамі ды абаіх мірыла. А ён і на гэты раз не стаў умешвацца — хіба ж разбярэш цяперашніх маладых? Падзьмуцца, падзьмуцца, ды самі да ладу дойдуць.
Як толькі паўставалі, адразу і прыляцеў гэты самы гунцвот, Франак Шмігельскі. Лаўрэн зноў ні аб чым кепскім не падумаў, бо прызвычаіўся, што даўно стаў нікому не патрэбны і госці цяпер заглядалі ў яго дом, калі адно з горада прыязджалі сыны. Франак сёння меў адгул, паспеў ужо недзе выпіць. Адразу паклікаў Уладзіка з Паўлам на двор, і хлопцы пачалі паміж сабой — шу-шу! шу-шу! шу-шу!.. Затым вярнуліся ў хату. Зноў зашушукалі ды зверавата азіраліся, бытта ім бацька перашкаджаў.
Што ж, шафёры, вядома.
Лаўрэн даўно прызвычаіўся, што хлопцы кожны раз мелі аб чым паміж сабой гаварыць — то пра запчасткі, то пра падаражанне бензіну, то пра аб'езды на дарогах — доўгія і выбоістыя, то пра выпадкі на шашы, то пра «ўрэдных гаішнікаў», якія так і прыдзіраюцца да шафёраў, то пра капрызных пасажыраў. Таму і на гэты раз не прыдаў значэння іхняй змове. Забраў цішэчкам унучку і павёў на двор частаваць ласункам.
3
Лаўрэн прысеў да стала, і сярэдні сын узняў кілішак: