Чакаючы з горада гасцей, Лаўрэн яшчэ на тым тыдні купіў у сельмагу для ўнучкі шакаладку, а і сёння памятаў прыемнае хваляванне, з якім ласунак нёс з магазіна дамоў.
Памятаў і цяпло на душы — з ім жыў цэлы тыдзень, пакуль смакалык гэты ляжаў за партрэтам нябожчыцы. Спаў, рыхтаваў страву, еў, карміў парсюка, таптаўся каля сваіх вулляў, а на самай справе выглядваў і выглядваў, ці ўжо не едзе малы анёльчык, не вязе яму радасць. Так цікаваў на дарогу, што — смешна самому сабе прызнацца — аж забалелі на шыі ўсе жылы і цяпер не павярнуць галавы.
Ды вядома, купляючы ўнукам ласункі, якія калісьці палічыў бы распустай і пашкадаваў бы на іх грошай, ставячы гойдалку, маздыгуючы вазок, дзень і ночь выглядаючы на дарозе сваіх, Лаўрэн сам сабе ніколі і не прызнаўся б, што гэтым нібы стараецца падкупіць лёс, які павярнуўся да яго спіною.
Жвавая ўнучка знаёмілася ўжо з Лаўрэнавай гаспадаркай. Шчаслівымі вачыма разглядваючы курэй, рабіла для сябе адкрыццё:
— Дзед, гы, а грэбень толькі ў пеўня!
— ...
— Дзед, хі-хі-хі-хі, глянь, у курыцы — гладкая галава, бачыш? Без грэбеня!
— Бо ў курэй інакш, чым у людзей.
— Чаму?
— ...
— Унь якая бочка тоўстая — як Гітлер! I з вадо-ой! Чаго яна тут стаіць?
— Дажджавая ў яе сцякае з акапа.
— Для чаго-о?
— А калі пажар, адкуль як возьмеш? Хапацца, унучка, тады за калодзежную — позно. У пажар покуль выцягнеш вядро з калодзежа, покуль перальеш, то і згарэць можаш. А так яна ў мяне заўша нападарэндзе стаіць. Калі што і загарыцца — чарпай сабе вядром ды насі на агонь!
— Ы-ы-ых, дз-ед, ты — пажа-арнік?
— Калі жывеш на хутары, то сам сабе і шавец, і жнец, і на дудзе ігрэц.
Малой дзедава тлумачэнне надта спадабалася. Ад навіны яна ўзглянула на старога з захапленнем:
— Гы?!. А дзе твая дуда?
— Так толькі гаворыцца.
— А-а!..— пашкадавала дзяўчынка.— Дзеду, чаму гэты відэлец, што пад хлеўчыкам стаіць, такі вялікі?
— Гэта, дурненькая, вілы. Гной імі выкідваў з-пад каровы, калі шчэ трымаў. Помніш нашу Ластаўку!
— Ну! Баба Ніна з яе малако ў вядро выдушвала!
— Дліла.
— Ага! Дзед, а што такое на сцяне густое так вырасла зялёнае, бы пляцёнкі?
— Дзікі піпаград.
— Віно з яго робіцца?
— З такога — толькі вераб'і п'янеюць.
— А дзікі водкаград дзе расце?
— ...
— А што такое страшнае там?