Лаўрэн аніяк з-пад сябе чамусьці не мог выняць рук.
Бытта іх хто звязаў! I жонка ўжо з прытворнай нездаволенасцю, як Нінка гэта часамі любіла рабіць, накінулася:
«Шчэ і мармыча! Э-э, маруда ты старая, не калупайса, бы сляпы ў торбе, хутчэй, бо свярбець перастане!»
Тут ён і прачнуўся ды вельмі пашкадаваў, чаму ўсё адбылося не наяве.
У гэты дзень настала нядзеля. Лаўрэн хвіліну паваляўся ў ложку, паўспамінаў прыемны сон, цяжка ўздыхнуў ды прымусіў сябе ўстаць, хоць было яшчэ даволі рана. Для гаспадара, каторы стане цяпер тут жыць, мусова было ў агародзе прарэдзіць моркву, абматыкаваць ды падвязаць да колікаў памідоры: ну і што, калі есці будуць іншыя людзі — паміраць збірайся, а жыта сей.
Яшчэ трэба было насекчы бацвіння, прысыпаць мукой ды накарміць парсюка, каб не пішчаў, заадно і сыпануць што-небудзь курам. Пару штыкецін меўся прыладзіць, бо выпадалі з прасла — свінні лычамі выважылі.
Падняўся і таму рана, бо гэтак уставаў усё жыццё — іначай не мог. Так уставаў і да калгаса. Потым, калі выбралі старшынёй, затым, як узялі на ферму падвозчыкам, навалілася на яго столькі клопату, што не хапала і дня.
Неўзабаве ўвялі тэхніку.
Аднак і па-ранейшаму людзі не сядзелі склаўшы рукі. Вакол Лаўрэна, бы тыя мурашы, увіхаліся зялёнадалінцы, заражаючы дзейнасцю і яго. Не заўважаў нават, як надыходзіў і вечар. З Нінай яны на гэта крыўдаваць і не думалі, бо зазубрылі сабе з малога, што кожны чалавек нараджаецца двойчы: калі выбіраецца з чэрава маці на божы свет і калі ўцягнецца ў нейкую справу. А ўцягнутыя абое былі ў справу незвычайную.
Нялёгкая сялянская праца — не пазбаўленая элементаў рызыкі, бо залежыць і ад надвор'я, насення, пары года, інтуіцыі, нават — звычайнага чалавечага шчасця. Менавіта таму і фізічная праца часта бывае творчай, бо справа не ў фізіялогіі работы, а ў тым, ці нясе ў сабе навізну дзеяння альбо складаецца з адных паўтораў.
Работа іх ап'яняла, а дзень кожны рабіла да краёў напоўненым ды значным. Лаўрэн тады быў упэўнены, што ва ўсім свеце не магло быць занятку больш важнага і цікавага, чым — яго. Пад вечар агортвала адная прага — хутчэй дапасці да пасцелі і забыцца да раніцы ў салодкім сне, каб заўтра акунуцца па самыя вушы ў любімы занятак зноў.
Стала куды горш, як адышоў на пенсію, а пасля — калі апыпуўся на хутары адзін.
Тады лёс першы раз ударыў Лаўрэна пад дых.
Згарэла Ніна, і адразу не стала каму яго даводзіць да злосці — не было з кім нават пасварыцца. Прывалакваўся вечарам дамоў, а ніхто ўжо не накідваўся, што навалок на кухню з ботамі гразі, што са склепа дастаў задробную бульбу на вячэру. Не папракаў ніхто, што не зрабіў новага памяла для хлебнай печы, не захапіў на пошце фанернай скрыначкі для пасылак сынам, не запасіў дранак на распал, і гэта зрабіў не так, тое — не гэтак.
Цяпер навалілася адзінота.
Калі яшчэ жылі на вёсцы сваякі, да Лаўрэна зрэдку заглядвалі хоць яны, і было з кім абмяняцца сяды-тады словам. Зараз настаў час, калі за выключэннем знямоглае жончынай сястры, Марыі, прыкаванай да пасцелі, акрамя яе Франака, нікога з родных не засталося — гасцей больш не меў. Хіба што прыпаўзаў патрымаць парсючка, покуль Лаўрэн вылажыць, Аляксей, празваны па-вулічнаму Амэрыканец, ён жа — Рубдваццаць. Чалавек гэты не грэбаваў ніякай бруднай работай, быў закаранелым п'яніцам і «канфідэнтам»[2] яшчэ польскай паліцыі. Праз легіянера Куксу выдаваў паліцыі і Лаўрэна з братам Юзікам ды бацькам, але мазгі меў да таго зруйнаваныя гарэлкай, што нічога ўжо не памятаў.
Прывалакваўся Аляксей-Амэрыканец ды адразу пачынаў жаліцца на жонку, брыгадзіра, лёс, а думку меў адну — каб дармовым пахмяліцца. Выпіўшы, заводзіў зноў пра тое самае. Прызнаваўся — аж надта ведае пра сваю слабасць, толькі не можа даць сабе рады. Але перажываць з-за гэтага і не думае. Бо чалавек ён таксама, і людзі павінны з ім лічыцца, як з іншымі. У «Амэрыцы», маўляў, існуюць нават спецыяльныя гарады для такіх. У тых гарадах стаяць на кожнай вуліцы цыстэрны з гарэлкай ды кашы з закускай — падыходзь з кубачкам ды пі колькі ўлезе. I ніхто на цябе не тыкае пальцам.
Паблажліва слухаючы ненармальнага, Лаўрэн дзівіўся — да чаго можна дайсці! А той усё трэліў сваё: «Во як у Амэрыцы, а ў нас? Адно прыгубіш дзе — і родная жонка пілуе ўжо. Брыгадзір не вітаецца. Бабы пальцам вытыкаюць. I каго? Чалавека, што столькі выцерпеў!» I тут ён зноў браўся разувацца: «Пасля вайны, калі мы з тваімі шваграмі ад дажджу на балоце хаваліса, пярун у мяне смальнуў і палец на назе адваліўсо! Во, паглядзі, Лаўрэн!»
Але візіт скончанага лайдака ды яго байкі давалі хоць сякі-такі занятак.
Тады ён і пачаў баяцца прыходу бяссонных восеньскіх ды зімовых ранкаў — сырых і халодных, цёмных і нудных, цяжкіх і даўзёрных — бы Алекшыцкая грэбля. У такія гадзіны Лаўрэн, як той прывід, сноўдаўся з канца ў канец падворка, ні да чаго не дакранаючыся, покуль не сутонела, а рухомыя сілуэты на дарозе, якая вяла ў вёску, яго не супакойвалі.
То былі самыя цяжкія дні ў яго жыцці.
Аднак два гады падтрымлівала і грэла яго надзея — прыйдзе пара і, як ва ўзнагароду за цярпенне ды вернасць, прыедуць, абавязкова з'явяцца яго хлопцы з нявесткамі і ўнукамі, напоўняць сялібу гоманам, мітуснёй і мільганнем родных твараў, мускулістых маладых рук і ног.
А во — адымалі бязлітасна ў яго і гэта.
Няўмольны лёс ударыў пад дых другі раз.
2
У нядзелю зноў стыла празрыстая цішыня, і дзень гэтаксама пачынаўся з вялікай ахвотай. Ціхай радасцю на траве іскрылі мільярды расінак. Чырлікалі ва-ўсю бадзёрыя жаўрукі. Пышна квітнелі купчастыя ліпы, бзынчалі ды цягуча гулі пчолы. П'яніў перастаялы язмін, а за хутарам раскошна буялі, аж захлыналіся сваімі сокамі буракі. Але ў Лаўрэна штыкеціны, якія ён узяўся прыбіваць, валіліся з рук, пальцы не хацелі трымаць малатка і цвікоў. Патрэбна была толькі зачэпка, каб занятак кінуў.
Зачэпка неўзабаве знайшлася.
Каля плота стаяла доўгая лава са шрамамі старых парэзаў. Лаўрэн выпадкова зыркнуў на яе і ўбачыў пакінутыя ўнучкай гліняныя чаропкі з пяском, вянок з валошак ды ліст лопуху. Паклаўшы на слуп малаток і цвікі, ён апусціўся на лаву і са скупой расчуленасцю дакрануўся да Святланчыных цацак.
Да падвялага ўжо лопуху чорнай ніткай былі прышытыя адмысловым узорам жоўценькія пялёсткі курынай слепаты. Лаўрэн з умільнай цікавасцю прыгледзеўся да «вышывання» і толькі цяпер успомніў, як Святланка яму снілася сёння. Успомніў выразна, бытта ўсё адбывалася наяве.
Снілася яму, што ўнучцы яшчэ два з паловай годзікі і яна прыстала да Нінкі: «Баба-а, ляцець хацу!»
[2] Даносчык (польск.).