— А фі-фі не хо-хо?
— Слу-ухай, будзь чалавекам, Фра-анак! Хоць лішняя капейка кішэню не муляе, але адразу кладу сотню!
Зубасты рот Франака бліснуў на сонцы белізной:
— Пацалуй мяне дзісь, а я цябе — заўтра, добро?
— Файныя грошы кладу, падумай!
— Ні за якія капіталы!
— Шчэ чырвонец набаўлю! Сто дзесяць рублёў будзе — як лёду!
— Не старайса!
— Падажджы, падажджы, прыйдзе коза да воза!..
— Скажы хоць, дзе дастаў?
Франак хітравата міргнуў:
— А-а, зраўнацца хочаш? Толькі на могілках усе роўныя!
— Прызнавайса, Шмігельскі!
— Учора браты з Гродна прывязлі!
— Бачу — нетутэйшая!
— I сын пана Вішпінга такой не насіў, праўда?
— Люкс! Бо — імпарт!
— Ага, фінская, думаеш? Зірні на штамп: «Мадэ ін Бераставіца». О'кэй? Ха-ха-ха-ха!
Фасоніста пахаджваючы перад раздражнёным напарнікам, праспяваў зноў:
Пляменнік толькі цяпер убачыў сваяка.
— А вы куды паўзеце?
Лаўрэн сябе адчуў вельмі вінавата — бытта сцапалі яго на злачынстве.
— На выган мне, Франак...
Хлапец з недаўменнем хвіліну на яго талопіўся.
— Цяпе-ер на вы-ыган?
— Да Нёмана...
Успомніўшы пра намаганні старшыні — абсталяваць на дзядзька-вым хутары каранцін для раёна,— Франак вельмі перапалохаўся:
— Вы што, дзядзьку, прыдумалі?
— Пайду пагляджу, як вада стаіць... Усё адно няма чаго рабіць цяпер дома... Выгледжу добрае месцо і мо крыху кашанкі сабе потым укашу...
— А нашто вам ведаць пра ваду?!. I для чаго кашанка вам патрэбна, хібо ж у вас карова ці конь е? Каго вы ашукаць хочаце? Кіньце, дзядзьку, мне заліваць! I фокусы свае выкіньце, бо тады вам ад сыноў непаздаровіцца, гэто вам гарантую!