— Не крычы так, тату! — ажывіўся на хвіліну Павел ды спакойна і цярпліва растлумачьгў, як дзіцяці:
— Табе яе ў горад перавядуць. Супакойса.
— Хто мне стане яе пераво-одзіць? Што ты мне трэліш дуба смаляного?!
— Зробяць, не хвалюйса! Ад цябе патрабуецца толькі заява і — перавядуць, тату, мы дамовімса. I ў горадзе будзеш кожны месяц яе атрымліваць. Альбо на пошту станеш па яе хадзіць, альбо скажаш і паштарка насіць будзе дамоў. Усё, што належыць,— да адзінай капейкі кожны раз аддадуць. Нават за перасылку — грошыка ніхто не адважыцца вылічыць, бо такі закон. О-о, з пенсіямі ў нас цацкаюццо шчэ больш, чым з палучкай!
Уладзік:
— Ну, тату, дайшло да цябе нарэшце?
Нібы справа старога канчаткова вырашана, шафёр грузавіка бойка прадоўжыў:
— Стасек Балабановіч з Лашы прыягджаў на пабыўку. Два лычы-кі ўжэ выслужыў! Учора за чаркай мне і рыжаму Юрку апавядаў. Усё вылажыў, як на споведзі!.. Толькі, хлопцы, ведайце, гэто — сакрэт на свенты аман!
Франак даверліва прыцішыў голас, нагнуўся да стала:
— Як пусцяць ракету, сярод лета мухі белыя лётаюць! Стэп тады — на два метры снег пакрывае землю! З-за яго ажно нават юртаў не відаць потым зусім! Салдаты пачынаюць у бушлатах ды валёнках хадзіць! А спецыяльныя каманды па стэпе егдзяць ды юрты па парадку раскопваюць, уяўляеце вы сабе такое?
Лаўрэн значна паспакайнеў, хоць і сядзеў, бы пасля пажару ці пасля снежнай лавіны, што таксама і на яго абрынулася сярод летняга пагоднага дня. Сядзеў як спаралізаваны, адчуваючы выразна — супраціўляцца хлопцам не хапае ў яго больш ні сілы, ні аргументаў. Ды і не знаходзіў у сабе больш ніякай ахвоты.
Грошы сынам былі патрэбныя — ён згадзіўся з такой думкай канчаткова. У гэты час уся іхняя задума Лаўрэну пачала здавацца непрыстойнай. Бытта яго лічылі маленькім хлопчыкам і загаворвалі дурненькаму зубы, каб зрабіць па-свойму.
Зрабілася ніякавата. Чамусьці аж пацямнела ў вачах, а горла рап-там сціснула спазма ды захацелася зараўці, як тады, калі хавалі жонку.
Тым часам нястомны Франак байдуніў ужо новую гісторыю:
— Шкада мне, сваячкі, толькі вашага садка — яблыні і грушы ў гэтым року адцвілі добро, на ўсіх дрэвах поўно завязі — садавод з вашаго старого яшчэ той, плёны яго хоць ты на выставу вязі! А мой агарод кратам спадабаўса і спанатравалі, халера на іх, у яго лазіць. Крот такі экскаватар — што хочаш перакапае! А зямля агародная — падушка! Маці каторы месяц ляжыць спаралізаваная — даглядаць загоны прэ мяне. Заглянуў адной раніцы ў агарод, а краты, заразы, парылі і папаролі зноў. Бачу — там капец чарнее, там і там! Эх, ніц не зробіш, халера! Пачухаў сваю патыліцу, уздыхнуў — і давай іх вартаваць. Доўго цікаваў, аж абрыдло. Аднак — заеўса і двух такі сцапаў. А як? Звычайно вельмі! Убачыў — у адным месцы зямля каўбасіцца, я — хутчэй за рыдлёўку! Падляцеў туды ды рыдлёвачкай — раз! раз! раз! — і вывернуў абодвух наверх!
Лаўрэн з крыўдай на сэрцы адчуў, што для хлопцаў сваіх больш не існуе. Гэта калісьці бытаваў з імі адной сям'ёй, і ўсе тады разумелі адзін аднаго з паўслова. Але ж тое было надта даўно — ой, даўно. По-тым хлопцы адпачкаваліся, сталі жыць па-свойму, а ён ездзіў у госці і толькі назіраў. Хай сабе было б і далей так. Ды во — да яго завіталі самі і зрабілі гэтак, што адчувае сябе ўжо госцем ва ўласнай хаце.
— Чорныя цельцы, памерам з гурок, аж блішчаць ад глянцу, а лычыкі, халера на іх, ды пярэднія лапы лапаткамі — ружовыя, бы ў сытых грудных дзяцей! Ах вы, паразіты, што мне з вамі зара рабіць? Зноў чухаю макаўку. Якраз стаяла пустая бочка пад акапам хлеўчыка і трапіла на вочы. Я тых кратоў — пац! пац! — туды пакідаў. Праз два тыдні прыгнаў машыну з Горкаго, заглядваю — пакойнічкі. Во, маеце за сваё! I цяпер агарод расце — ы-ых, расце, аж буіць, хар-р... адно хар-р-р...
Язык у Франака раптам пачаў заплятацца, але ён знайшоў выйсце — цяжкія для вымаўлення словы пачаў дзяліць.
— Толькі, ха-ле-ра, маці кожны вечар прэ паліваць, а гэто мне — нож у сэрцо самае! Маці стар-рая, то стар-рая, але помніць добро, дзе ў яе што па-са-джа-но! О-о, добро помніць, тут яе не пераплюне ніхто! Ведае, што і калі трэ рабіць — пас-прабуй не пас-лу-хай-са, і такі ўзды-ме адра-зу ў хаце тар-ра-р-рам, што шыбы задзвэнгаюць і ты рады не будзеш! Але мне трэ ўжэ ісці!
— Тады — аглаблёвы!
— Давайце каўтнём!
Ні адзін чалавек сіл сваіх не ведае, покуль яму не спатрэбяцца. Затое тады не можа з сябе надзівіцца, які цярплівы і дужы. У гэтым не раз пераконваўся і Лаўрэн. Але якім бы цярплівым ні быў, а вы-трываць кампанію гэтых вясёлых «сваячкоў» больш не змог нават і ён.
У Лаўрэнавай галаве цясніліся зноў нявыказаныя словы крыўды, але ён устаў, нічога не кажучы, абышоў стол ды, не заўважаны нікім, павалокся непаслухмянымі нагамі на двор.
1
Маладыя дамовіліся афармленне пачынаць з панядзелка і пад вечар сабе паехалі.
На развітанне ўнучка папрасіла:
— Дзеда-а, хутчэй да нас прыязджа-ай! У кіно з табой пойдзем, бо мамка нас з Ігарам адных не пускае! З Інкай Пятровай жыве дзед, то ім можна марожанага есці — сколькі Інка з брацікам хоча! З горкі з'язджаць могуць і нават па лужах шлёпаць! Прыязджа-ай, дзеда, мы будзем чакаць!
А ноччу ўнучка снілася.
Затым Лаўрэну здалося, што ляжыць у ложку з Нінай. Ад поўнага і мяккага яе цела зрабілася яму вельмі горача, але і прыемна. Стаіўся, каб прыемнасць прадоўжыць. Жонка капрызна, бы дзяўчынка, папрасіла:
«Ты-ы. пачухай мне пле-ечы!»