— Не памінкі ж!
— Ты, Франак, часамі скажаш — бы пярун у зацірку смальне!
— Не, ты мне скажы — чаму нельга чокацца за гэто?
— Усё не разумееш?
— Кінь, Павел, язык аб зубы біць — Шмігельскаму нігды такого не ўталкуеш!
— Вы ўжэ надто талковыя!
— Ат, цяпер, Уладзік, хоць плач, хоць скач,— прапала твая кляч! Ну, тады будзьмо!
Перакулілі дружна чаркі, крэкнулі і закусілі.
— А помніш, Уладзік, як мы з табой на гарышчы да мёду зімой лазілі?
— А-а, калі яго там стаяў велькі цэбар! Стокілёвы — для прадання на вясну! А мёд зацукраны — на камень! Маці ўбачыла ў ім правал і — у крык! Мы — не прызнавацца, як нас ні дапытвалі! А потым — давай адзін на аднаго валіць, бо Колік шчэ без штонікаў бегаў, на яго ніхто не паверыў бы!
— Ну! А раз туды залажу, а ты, гіцлю, ужэ там з боханам сядзіш і з кастыля мёд на хлеб мажаш! Пасля гэтаго абодва прыціхлі і адзін аднаго не паддавалі.
— Як тыя змоўшчыкі!
— Дак вып'ем за ўсё тое, што перажылі ў гэтым доме!
— Дзеўбанём!
— А ты, бацьку? Калтані хоць крыху! Не сядзі — пануро так!
— Хаты шкадуе!
— Кі-інь, тату, яе шкадаваць! Ці ты такі самы, як наша маці? Прапанаваў калісь ім пераехаць у Гродно да мяне, а яны: «Не дуры, не паеду, бо адкуль там ведаціму, што на вёсцы робіцца!» Га-га-га-га!
— Га-га-га-га!
— А што думаеш? Старым бабам абавязково трэ ведаць, ці Хвядорына ўнучка бегае яшчэ на спатканне ў канопдю з лесніковым сынам, ці той ужэ яе кінуў!
— Альбо — ці доіцца шчэ Тэкліна пярэстая карова, ці запусціласа!
— А табе будзе карціць даведацца, ці вырасла паабапал Верацейкі атава і ці змогуць падагнаць да яе касілку!
— Га-га-га-га!..
6
Зязюлька ў насценным гадзінніку пракукавала і адзінаццаць і дванаццаць разоў, а мужчыны ўсё так балбаталі ды перакульвалі кілішак за кілішкам. Неўзабаве ап'янелі гэтак, што пра старога забыліся цалкам. Лаўрэн, бы праз імглу, чуў, як яго пляменнік, каб памірыць Уладзіка з жонкай, узяўся да маладзіцы падбіваць кліночкі.
— Кіра, навіна па тваёй часці! — закрычаў у бакоўку.— Дзісь раніцой па радыё слухаў на ўласныя вушы, дальбо! Недзе за граніцай адна маладзіца дзіця нарадзіла, а самой шэсць гадоў таму назад чужое сэрцо ўставілі — во баба!
Нявестка не адзывалася.
Гульню Лаўрэнавага пляменніка падхапіў старэйшы сын:
— Такой і медаля не шкада!
— Гэто шчэ не ўсё! — шчодра выкладваў веды Франак.— Ад каго, вы думаеце, перасаджанае сэрцо? Ніколі не здагадаецеса! Ну, здаецеса? Ад мужчыны!
Франак секунду пераможна назіраў, якое ўражанне зрабіла яго навіна.