— I Алесь наш, здаецца, пакутуе...
— Вот дзе чалавек! — пазайздросціла.— Разумны, культурны! Відаць, многа-многа ўсяго ведае.
— Многа.
— Толькі ж надта ён спакойны i ціхі. Зусім не ганарлівы, як Гарбук ці Дзежка, просты.
Прамаўчаў. Што ён мог сказаць кепскага пра брата?
— Карова ваша ацялілася? — запытала яна.
— Ага.
Пагаварылі пра вясковыя навіны. Зноў пачалі цалавацца.
— Зоська,— прашаптаў, ціснучы колькі хапала сіл.— Я прышлю пасля вялікадня сватоў. Добра?
— Рана ж яшчэ. Колькі мы там хадзілі разам.
— Хіба я цябе не ведаю ці ты мяне не ведаеш?
— Ну, сяроўна...
— Дык прыедуць другія. Нашы каторыя ці з Налібак. Альбо з Дзераўной.
— Я за нікога чужога не пайду.
— A калі багаты які прыедзе?
— I за багатага не найду.
— А за мяне?
— Пайду, калі мяне любіць будзеш. Як ніколі-ніколі не крыкнеш на мяне, рукі не падымеш. Калі век увесь Зоськаю, як цяпер, будзеш называць.
— I не крыкну, i рукі не падыму,— задакляраваў.— Я пагавару са сваімі, каб адразу пасля вялікадня прыслалі сватоў да вас...
— Але ж тата добрага пасагу мне не дасць,— ціха сказала.— Самае вялікае — дзве дзесяціны зямлі.
— Я не пра пасаг, Зоська, думаю. А пра цябе.
Спадабалася ёй. Аддана прыпала, надоўга дала вусны. Цалаваліся датуль, пакуль не задыхнуліся ў пацалунку.
— Будзем жывыя — усё нажывём...— сказаў.
— А пра Апельку Гарбацэвічаву бацька твой нічога больш не гаворыць? — запытала. Ён расказаў ёй ужо раней пра тую гутарку, што адбылася некалі на Шубіне між бацькам i суседам Гарбацэвічам.
— Не. А вашы пра Віцю нічога не гаварылі?
— Не,— адказала,— а хоць бы i гаварылі, думалі што, але я за яго ніколі не пайду. Можа, i неблагі ён хлопец, ціхі, спакойны, мухі не зачэпіць, але ж недарэка. Кажуць, ён не то баба, не то мужчына.
— Як уломіць бацьку i прышле сватоў, дык вашы, можа, i пагоняцца на яго зямлю?
— Можа, i пагоняцца. Але я не паганюся... Hiколі!!!
— Ну, глядзі...
— Гляджу... Сам ты, можа, на Анельчын пасаг пагонішся! А яна ў пасаг не дзве дзесяціны прынясе. Можа, i тры разы па дзве...