7.
Увечар, калі ўжо Галена пабегла дадому, да свёкраў, калі ў хаце каторыя сцены — найбліжэй да печы — i столь амаль высахлі, бялеліся чысцінёй, а тая сцяна, што мазалі найназней, цьмяна яшчэ шарэла, пахла сырасцю, Зося памагла маці ўхадзіцца па гаспадарцы, памылася i пераапрапулася.
Ніяк сёння не магла дачакацца цемнаты. Здаецца, занадта доўга заходзіла сёння сонца, што вызірнула i выясніла неба толькі пасля поўдня, занадта доўга трымалася на дварэ светлата. I хоць сёння было клопатна, шмат работы ў хаце, надзіва рана ўхадзіліся, а пасля вярнуліся ў хату бацька ды маці.
Маці адразу ж скеміла, што яна навастрылася ісці на Сяло. Спачатку сачыла за ёю, як яна то садзілася, то падхоплівалася, ішла да куфра i глядзелася ў маленькае люстэрка, зазірала ў вулічнае акно.
— Ох, няўседна! — забурчала маці.— Натамілася ж, ляж, адпачні.
— Я не стамілася,— адказала Зося.— Мне трэба схадзіць на Сяло.
— Кавалер там чакаць будзе?
— Пажартавала Галена, а вы вот верыце, думаеце абы-што... — адказала.— Схаджу да Волькі, нітак чырвоных пазычу.
— Папрасі ў жабрака хлеба...— чагосьці злавала маці.— Пойдзе да Чорных у пазыкі!
Сёння бацька маўчаў. Сядзеў пры стале i маўкліва курыў. Ці напрацаваўся, ці яго гэтак збянтэжыла Галеніна вестка, што іхняя Зося мае ўжо кавалера.
— Сыходнія тыдні вялікага поста, самая жалоба, дык трэба кінуць гэтае вышыванне, гэтыя гульбішчы,— сказала маці, дастаючы з печы гаршчок з астаткамі палуднёвай варанай капусты.
— Як пачнецца скора ў полі работа — дык самі па сабе прападуць тыя гульбішчы, як вы кажаце.
— Вам i ўвесну ды ўлетку ўпынку няма...
Выйшла Зося з хаты, калі павячэралі, калі бацька запаліў на камінку лучыну, a маці, стогнучы, здаецца, ледзь носячы свой вялікі жывот, пачала парадкаваць пасуду.
Вымкнуўшыся на цёмную ўжо вуліцу, супынілася, агледзелася: ці не ідзе следам бацька ці маці? Ці не сунецца хто з Сяла ці з Глінішча? Дзякуй богу, ціха.
Янкавіны зноў, як i пазаўчора, учора, наважыліся спаць. Але не ўсе. Ёй вось не да сну. Азірнулася на хату: праз не завешанае сёння фіранкаю акно ўбачыла: маці i бацька сышліся i стаяць каля печы. Здаецца, гамоняць. Ціха, спакойна, разважна. Можа, i пра яе.
Няхай гавораць. Яна пайшла. Па шарсткаватай — пасля дзённага прыгрэву i цяперашняга марозіку — вуліцы. Аж да Будніка — да павароткі па хутар, на сценку. Парадавалася: каля Буднікавай студні — высокага рыпучага жураўля — нікога няма. Звычайна тут раненька ці позна ўвечар сыходзяцца i стаяць гаспадыні. Прыйдуць па ваду, пабяруць вёдры, але не могуць разысціся, пакуль не перакажуць усе навіны ці каго не абгавораць.
З павароткі звярнула на сценку, са сценкі — да свайго гумна. Як i раней, зрабіла вялікі круг, каб трапіць да сваёй сядзібы. Трэба. Угледзелася: тут Янка ўжо ці яшчэ пяма? Здаецца, няма. I што гэта з ім здарылася? Тыя разы першы прыходзіў, казаў, што шмат чакаў.
Падышла да дзвярэй, што цяпер, на зіму, замкнёныя з сярэдзіны гумна. Яны адчыняюцца толькі летам — укідаць сена. Ля шула дзвярэй варухнуўся цень. Ён, Янка! Ужо тут!
— Во аж калі... — прамовіў з крыўдаю.— Я ўжо, лічы, скалеў чакаючы.
— Выйсці раней не магла,— адказала падыходзячы.
Падышла зусім блізка. Абняў. Яна паслухмяна прыпала да яго грудзіны. Дала вусны — адчула яго халодныя, уладныя губы. I сёння не калючы. Штодзень цяпер голіцца.
Ад пацалунку закружылася галава. Аслаблі ногі. Пайшла-пабегла цяплынь па целе.
«Праўду казала Галена,— падумала,— пацалункі — агонь... Аж палымнее кроў...»
— Дык даўно ўжо чакаеш? — адарвалася, прашаптала.
Не адказаў. Зноў пачаў шукаць губамі яе вусны.
— Пачакай,— папрасіла,— дай перадыхнуць. Надта ж закружылася галава.
— I ў мяне,— прашаптаў.— Як у п'янага.
— І чаму гэта так? — здзівілася.
— А бог яго ведае... — прызнаўся.