Калі цыган насіў вядром ваду i выліваў яе ў бочку на калёсах, вяртаўся да студні, я, ужо не баючыся, разглядаў яго — дужага, камлістага, ужо не маладога, з сівізной на скронях, з маршчынамі на лбе. Ён жа за кожным разам жартаваў са мною, а на развітанне запрасіў:
— Прыходзь да нас. З нашымі дзецьмі пагуляеш, мядзведзя ручнога пабачыш, — а калi ўбачыў, што на двор выйшла маці, пакланіўся ёй, таксама запрасіў: — Прыходзьце, гаспадыня, у наш табар. Можа, што купіце сабе. Хустку, матэрыял на сукенку ці блюзку, мужчынскае што альбо дыванчык які... Калі маеце, мы ў вас можам купіць малако, сыр, яйкі...
Маці падзякавала i падакляравала завітаць. Калі госць пакінуў двор, я пацвеліўся з маці:
— Вы казалі, што яны дзяцей забіраюць i звозяць з сабою. А вот не забіраюць.
— Добрых, паслухмяных, чыстых, канечне, не бяруць,— усміхнулася яна,— А вот нягодных, брудных падчышчаюць. Чысты, акуратны гэтыя дні — дык не забралі. Не ўшануешся, зграшыш — забяруць.
Я ўвесь дзень стараўся быць чысты, слухаць маці, з ахвотаю гуляць з малодшымі сястрою i братам. Праўда, крыху засмуціўся, калі маці ўзяла дзесятак-другі яек, сыр, пакінула мяне з дзецьмі, адна пайшла да табара. Вярнулася адтуль не так ужо i хутка, прынесла сабе чорную, з вялікімі чырвонымі кветкамі хустку, бацьку i мне — па кашулі, сястры i брату — ляльку i маленькую самаходную машынку.
Увечар мы таксама, як i ўчора, выйшлі на двор i зноў пазіралі на полымя i ўжо слухалі глухаватую ад далечыні музыку, песні.
Цыганы сёння не маўчалі, весяліліся. Нават праз поле было чуваць, што яны сёння гарэзныя, дзёрзкія: музыка, песні часамі так усходжваліся, віхурыліся, што, здаецца, там хадзіла ходырам зямля.
— Можа, сходзім ды паслухаем? — прамовіў бацька.
— Няёмка,— адказала маці,— чужыя ж людзі...
— Помню, некалі недзе я чытаў,— сказаў бацька i, успамінаючы, загаварыў нечакана вершам:
Я слухаў i сённяшні вечар: цемнаватае, лічы, без зорак неба, блізкае ахаладнелае поле, цёмная сцяна лесу, полымя на дзірване, музыка, песні, мы на хутары — усё здавалася казкаю. Мне вельмі хацелася трапіць туды, дзе было гэтак таямніча, але мы не пайшлі, толькі доўга яшчэ стаялі i слухалі. Пакуль не стала нам холадна ад начной стыласці.
Назаўтра барадаты цыган зноў прыехаў па ваду. Але ўжо не адзін, а з малою, нрыкладна майго ўзросту дзяўчынкаю. Я нямала бачыў ужо цыганскіх дзяцей, але кожны раз не пераставаў здзіўляцца, што яны такія смуглявыя, узімку ды ўлетку легка апранутыя. Во i цяпер, у раннюю стынь, дзяўчынка была толькі ў сукеначцы, босая. Малая, але мела ўжо, як i сталыя, на мочках вушэй завушніцы.
— Ну, чаму не прыйшоў учора да нас? — запытаў мяне госць і, усміхнуўшыся, зноў запрасіў: — Сёння ўвечар прыходзь. Аза,— кіўнуў на дзяўчынку,— наша маленькая красуня, артыстка, прыехала цябе запрасіць. Яна табе спяе i станцуе. I на картах, калі хочаш, пагадае. Вызначыць твой лес, скажа, кім ты будзеш, як складзецца тваё жыццё. Па вачах яе бачу: спадабаўся ты ёй. Адным словам, прыходзь. Сёння апошні дзень мы тут, заўтра ранічкай зноў паедзем у далёкую дарогу і, можа, ніколі больш сюды не вернемся...
Я яшчэ болей збянтэжыўся, а гэтая Аза толькі ўсміхнулася ды стрэльнула то па дзядзьку, то па мне вялікімі хітраватымі чорнымі вачыма i неяк не па-дзіцячаму ўжо, a ісакетліва ўсміхалася, што яе гэтая ўсмешка, позірк аж захвалявалі мяне.
Увечар бацька, маці i мы, дзеці, пайшлі да табара. Прыйшлі паглядзець, калi можна так сказаць, развітальны канцэрт.
Ha дзірване непадалёку лесу гарэла вясёлае вогнішча, языкі ад якога весела імкнуліся ў цемнаватую высь, вакол сядзела шмат старых, маладых цёмнавалосых, апранутых у яркія ўборы цыганоў i цыганак, іхніх дзяцеі, а таксама i ішмала иашых хутаранцаў, што я а ж здзівіўся: бывае, людзі пацвельваюцца з гасцей, складаюць пра ix усякія легенды, а вось самі прыйшлі сюды, каб палюбавацца на спрыт прыроджаных танцораў i спевакоў.
Калі мы падышлі, якраз дужы паджылы цыган, той, што прыходзіў да нас па ваду, вадзіў на прывязі мядзведзя. Мядзведзь, высокі, у кароткіх чырвоных штоніках, у сіняй камізэльцы i чырвоным капелюшы, танцаваў, куляўся цераз галаву, паказваў вясёлага i журботнага чалавека, а пасля зняў капялюш i пайшоў па крузе, збіраючы ад хутаранцаў плату.
Затым пад гітару спявалі дарослыя цыганы i цыганкі. Калі спявалі гарэзна, весела, падрыгваючы ылячыма i выгінаючыся, здаецца, з імі спяваў, весяліўся i не толькі ўвесь хутар, a i свет, калі ж спявалі журботна, з горыччу, нібы скардзячыся на свой пакутлівы лёс, душа нібы сціскалася, хацелася не толькі сумаваць, але i плакаць, Слухаючы гэтыя песні, я не разумеў ніводнага слова, але ўсё роўна сэрца маё перапаўнялася нейкімі дзіўнымі пачуццямі, што былі яшчэ i ад цёмнага неба, лесу, вогнішча, мне хацелася некуды паляцець птушкаю ці ветрам, пападарожнічаць, каб наталіць нейкую незразумелую смагу.
Калі праспявалі сталыя, у круг выбегла Аза. Босая, але, здаецца, у дзесяці рознакаляровых шырокіх знізу сукенках, з вялікімі завушніцамі. Пад музыку яна так хутка, спрытна танцавала, выгіналася, выштукоўвала тоненькімі ручкамі, што здавалася, у яе няма касцей. Сапраўды, яна была ўжо i тады вялікая артыстка.
...Я люблю матчыны песні, песні ўсіх народаў свету, але заўсёды адчуваю незвычайнае ўзрушэнне, калі пачую цыганскі матыў. Чамусьці душа мая тады захвалюецца, мне захочацца ўволю, без ніякага стрымлівання павесяліцца альбо, наадварот, пасмуткаваць, апынуцца там, дзе кібіткі, цёмныя неба i лес, вогнішча, песні, дзе ты запалонены дзівоснымі летуценнямі, шчыры i ўзрушаны.