— Ва ўсіх так кружыцца ці толькі ў нас адных?
— А хто ж яго ведае...
— Ты ж, відаць, цалаваўся, дык ведаеш!
— Уга! Hi з кім я не цалаваўся! — сказаў i ўспомніў: маніць, цалаваўся аднойчы. З братаваю, Ядзяю. На сене. Не было больш грэшнага, але цалаваўся. Утаіў гэты свой грэх. Не асмеліўся прызнацца.
Стаялі абняўшыся. Памаўчалі.
— Раскажы што,— абазвалася.
— Што?
— Ну, што цікавае.
— Я нічога цікавага не ведаю.
— Дык раскажы тады што нецікавае...
— Што?
— Ну, што ты рабіў сёння?
— Работа звыклая... — адказаў.— Парадкавалі ў хляве i ў гумне. А ты? Памазалі хату?
— Памазалі. Дзякуй богу, мел добры трапіўся. Беленькі. Павінна быць у хаце светла.
— Прыйду калі, зірну,— пажартаваў, ведаючы, што яна вельмі ж баіцца, каб ён не зайшоў у хату.
— Цяпер ужо не зойдзеш... — адказала для яго нечакана.
— Чаму?
— Нашы ўжо ведаюць, што мы з табою ходзім.
— Адкуль? — здзівіўся.
— Галена наша сёння сказала.
— Ну i што? — запытаў з хваляваннем.— Крычалі на цябе?
— Не,— адказала.— Але i мама, i тата неяк спахмурнелі...
— Можа, не хочуць, каб іменна я да цябе хадзіў?
— Не. Такога яны не гаварылі.
— Ну што ж. Ведаюць, дык i добра.
— Добра то добра, а мне цяпер няпроста i з хаты выйсці. Ведаюць жа, куды i чаго пайшла...
— Ну i няхай! — мацней прытуліў.— Усё роўна рана ці позна трэба прызнавацца.
— Ваш Алесь з Кацярынаю не памірыўся? — нечакана для самой сябе запытала яна пра старонняе.
— Здаецца, не.
— Нейкі ён дзівак,— прамовіла.— Кажуць, i дзень, i вечар увесь у хаце сядзіць. Чытае, піша нешта. А Кацярына, можа, i наўмысна гэтыя дні па вуліцы i ўдзень, i ўвечар шпацыруе, можа, хоча яго спаткаць. Сустрэла ўчора мяне каля Буднікавай студні. Запыніла. Разгаварыліся. Дык, ведаеш, што яна мне сказала? Кажа: выходзь замуж толькі па каханні. Ніколі не ідзі за нялюбага. Я вот, кажа, некалі не зрабіла так, памылілася, дык цяпер пакутую...