Ваша воласць знаходзіцца ў абшарах Рэспублікі і яе ўрада. Просім Вас кантактаваць з нямецкім камандаваннем, з павятовай радай і выбраць сваю валасную раду, яе старшыню, які будзе ў вас ад імя беларускага ўрада. Заадно пачынайце, на першы погляд, з самага малога, а на справе вельмі важкага: адчыняйце беларускія школы, хаты-чытальні.
Газеты, літаратуру, новыя інструкцыі дашлём пазней.
Старшыня Ашмянскай павятовай рады».
Да ўчарашняга дня Янка нічога не чуў пра тое, што робіцца ў тым жа Мінску, але ўчора даведаўся ад Алеся пра мінскія падзеі, пра БНР. Сказаць шчыра, ён не знаў: добра ўсё гэта ці не, бо, як і бацька, не любіў палітыкі, асцерагаўся яе, намагаючыся быць далей ад таго, дзе ёю пахне. А гэты ліст — палітыка ўжо. Варта было б паказаць яго Алесю, параіцца, але не трэба яго сюды ўблытваць. Хапае яму і там, у Мінску, клопатаў.
— Ну, што скажаш? — запытаў Дзюрэр.
Янка паціснуў плячыма.
— Германская вызвольная армія,— важна адкінуўся ў крэсле і звысоку пачаў прамаўляць Дзюрэр,— спачувае расійскім народам, не замінае ім утварыць сваё самакіраванне. Калі ласка,— развёў рукі,— фарміруйце свой валасны орган, адкрывайце сваю школу. Як перадаюць мне з павета, нямецкія ўлады гатовыя нават выдаць вам пашпарты, пісаныя па-нямецку і па-беларуску.
Янка стаяў, слухаў і не ведаў, што казаць. Гэты новы, чыста палітычны, клопат быў вельмі неспадзяваны, небяспечны.
— Чаму не рады, не дзякуеш? — накінуўся Дзюрэр.— Вы ж, абарыгены, займелі пры нас сваю краіну, свой урад!
— Я, гэр капітан, нічога не разбіраюся ў паліты-
цы,— рашыў прыкінуцца дурнем Янка.— Я зусім малой граматы.
— Ну-ну! — паківаў пальцам Дзюрэр.— Ты — не дурань! Быў у арміі, фельдфебель.
— Але не палітыкаваў. Мне загадвалі — я загадваў...
— Колькі класаў скончыў?
— Толькі дзве зімы вучыўся.
— Як — дзве зімы?
— Тут, пан капітан, такая сістэма,— растлумачыў яму днявальны.— Вучацца толькі зімою, а ў астатні час працуюць на гаспадарцы...
— Чорт вас разбярэ,— паціснуў плячыма Дзюрэр, пазіраючы на Янку.— Ці вы сапраўды ёлупні, ці хітрушчыя, абачлівыя, як і ўсе вясковыя!
— Малаадукаваныя мы...— мямліў сваё Янка.
— Ну, а хто тут у вас як след пісьменны, разбіраецца ў палітыцы?
— Ды Дзежка,— падаткнуў Янка былога валаснога пісара, якога і цяпер, хоць той перад немцамі вярнуўся з фронту паранены, не любілі ў вёсцы. Няхай той праныра пакруціцца перад гэтым Дзюрэрам і сваімі людзьмі, хай на яго будзе іхні гнеў, а калі што якое, няхай яму дастанецца па парку.
— Пакліч яго сюды.
— Добра,— прамовіў Янка і куляю вылецеў з воласці.
Дзяжко, калі пачуў, што яго клічуць, збялеў, але паслухаў, хутка прыпёр да нямецкага начальніка.
— Ты — хто? — нават не павітаўшыся, грозна атакаваў яго Дзюрэр.
Дзяжко — лічы лысы, камлюкаваты, у світцы і вайсковым галіфэ — недаўменна залыпаў вачыма. Баязлівы з начальствам, перад немцамі — удвая.
— Беларус?
— Не,— той мігам закруціў галавою.
— Рускі?
— Не.