Генрых Далідовіч
СВОЙ ДОМ
Раман
Падрыхтаванае на падставе: Генрых Далідовіч, Свой дом. Раман, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1992. — 351 с.: 4 л. іл.
ISBN 5-340-00678-6
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Частка першая. БНР
1.
Алесь Нямкевіч замест выбітых шыбін уставіў фанеру (хтосьці надоечы «абстраляў» вокны новай, савецкай, школы ледзяшовымі кавалкамі), ды ў пакой былой прыватнай гімназіі ўсё роўна дзьмуў лютаўскі ветравей, а на падаконніку збіраўся сыпкі, колеру пытляванай мукі, снег.
Бялюткая насыпка не раставала, большала з кожнаю хвілінаю: у будынку які ўжо дзень не было ні электрычнага святла, ні пячнога ацяплення — як казалі, услед за банкаўскімі, паштова-тэлеграфнымі службоўцамі засабатажнічала i старая адміністрацыя на некаторых заводах, фабрыках, на электрастанцыі, а таксама i ў забеспячэнскіх канторах, што давалі гораду вугаль, дровы, харч i фураж. Новыя ўлады аддавалі некага пад рэвалюцыйны трыбунал ці суд, некага ўгаворвалі альбо ўціхамірвалі, замянялі сваімі людзьмі і намагаліся навесці лад, але збоі былі кожны дзень.
Бязладдзе, як бачыў Алесь, пабольшала апошнім часам. I не толькі таму, што набірала моц зіма. Яно ўспыхнула, быццам нейкая эпідэмія, пасля таго, калі бальшавікі спачатку абазвалі Устаноўчы схрод “учарашнім днём рэвалюцыі”, а ў ноч з 6 па 7 студзеня[1] разагналі яго, i з асаблівай злосцю — пазней, калі 28 студзеня кіраўнік савецкай дэлегацыі на перамовах з немцамі ў Брэсце Троцкі адмовіўся падпісваць мір, нечакана і, галоўнае, нібы не бачачы вялікай пагрозы, заявіў, што Савецкая дзяржава вайну спыняе, а сваю армію дэмабілізуе...
Спачатку мала хто паверыў у гэта. Але калі галоўкаверх Крыленка загадаў пакінуць пазіцыі i калі праз Мінск адзін за адным папаўзлі перапоўненыя воінствам эшалоны, усе ўбачылі на свае вочы: так, гэта — праўда.
Хвалявала, ліхаманіла Мінск i тое, што ўжо які час, з 12 студзеня, лічы, над бокам ішла кровапралітная сутычка з польскімі легіёнамі, з якімі, гаварылі, заадно асобныя часці Украінскай i Беларускай рад, а таксама якім нібы сімпатызуюць i немцы. Казалі, пасля таго калі пасланыя савецкім урадам польскія сацыялісты на чале з Уншліхтам не знайшлі адной мовы з Доўбар-Мусніцкім, савецкія войскі пайшлі ў наступленне i пацяснілі легіянераў — тыя гэтымі днямі, ходзяць чуткі, просяць помачы ў немцаў...
Алесь уздыхнуў i перавёў позірк з акна на клас: дзеці, хлопчыкі i дзяўчынкі, сядзелі за сталамі ў паліто, кажушках i шынялях, раз за разам хукалі на адубелыя пальцы i, мусіць, з нецярпеннем чакалі канца змены — былі ўжо ўрокі геаграфіі, рускай мовы, гісторыі арыфметыкі, а вось цяпер, як дазволілі ў Савеце, быў апошні пазакласны ўрок беларускай мовы.
Тутэйшыя, сыны i дочкі мінскіх рабочых, пакаёвак, дворнікаў i дробных служачых, як i дзеці бежанцаў з заходніх абласцей, добра гаварылі па-беларуску, ix толькі трэба было вучыць пісаць без памылак ды вучыць далей, а вось тым, хто жыў да вайны за межамі краю, было нялёгка. Але i гэтыя не пайшлі з урока, сядзелі разам з усімі i надзіва захоплена намагаліся спасцігнуць вельмі блізкую ім i ў той жа час даволі адметную мову.
«Калі не настройваць народ на народ, не бэсціць нечую культуру, дык во, бач, няма ніякіх эксцэсаў...— з любасцю пазіраючы на светлыя, цёмныя галоўкі дзяцей розных нацыянальнасцей, падумаў Алесь.— Вось інтэрнацыяналізм на справе!»
Павярнуўся i агрубелымі ад холаду нальцамі пачаў крэмзаць на дошцы дамашняе заданне гэтаму класу — дзеці моўчкі перапісвалі яго ў свае сшыткі, папяровыя лісткі, блакноты, на лістоўкі — ва ўсё, што яны i Алесь дасталі для вучобы.
Калі перапісвалі, ён усміхнуўся:
— Усё, сябры. Да пабачэння!
Дзеці — a ў гэтым класе былі падлеткі да дванаццаці гадоў — мігам падскочылі, пахапалі вушанкі, паперыны, загудзелі, і, радыя, як i ўсе навучэнцы ўсіх часоў, што можна вырвацца з класа, пабегаць, пагарэзаваць, а то i трапіць дома ў цяпло i да стала з ежаю, развіталіся i несліся з класа.
Калі выбег апошні навучэнец — самы нізкі, у даўжэзным шынялі — i забыўся зачыніць за сабою дзверы, вось цяпер Алесь дазволіў сабе паднесці да рота бледныя, ужо даволі маршчыністыя рукі i пахукаць на ix. Далоні крыху сагрэў, але вось цела з кожнаю хвілінаю калела ўсё больш i больш. Заадно вельмі хочацца есці. Падумаў: сагрэцца неўзабаве зможа ў гаспадынінай хаце, а вось надзеі на шчодрую яду амаль ніякай: вунь пайшоў ужо другі тыдзень лютага, а яшчэ не далі ні пайка, ні платы за студзень.
На добры толк, можа, варта было б кінуць-рынуць гэты беспрытульны Мінск, палітыку, блуканні у лавбірынце i ехаць у свае Янкавіны, дзе было б нялёгка, але дзе так не галеў бы. Ды i там Волька Супраневіч — тая, хто (апроч маці i сястры) найбольш утрымала ў ім павагу да жаночага роду, спадзяванне на сямейнае шчасце. Ён колькі ўжо разоў клікаў, каб ехала сюды, да брата Петруся (а гэта значыць — i да яго, Алеся), яна ж, адпісваючы лісты, зноў прызнавалася, што кахае, але ехаць у горад не асмельвалася ды шкадавала пакідаць бацьку пры сварлівых нявестках.
У гімназісцкім дворыку аж апякло, прабрала да касцей вячэрнім холадам. Здаецца, ніколі ў жыцці ён так не мёрз, як гэтай зімой.
Прахожых на гэтай, нядаўна Паліцэйскай, а цяпер ужо з новай назвай вуліцы амаль не было. Вунь толькі насустрач, угнуўшы галаву i схаваўшы твар ад ветру, шкрабецца адзінокі мужчына. Ага — Васілевіч.
Бачачы даўняга сябра (а таму цяпер яшчэ цяжэй, бо трэба карміць не толькі сябе, але i жонку ды дзяцей), Алесь аж зморшчыўся ад болю: што нi робіць Сямён, як ні выжыльваецца, але не лягчэй яму, а яшчэ наадварот — усё горш. I на душы цяжка, бо ёй трэба зноў раздвойвацца альбо нават i растройвацца.
Васілевіч ледзь не ўткнуўся ў яго — той, відаць, вельмі спяшаўся сюды з нейкай навіною з клуба рабочай моладзі (а пад гэты клуб новая ўлада рэквізавала палац Скуранога), дзе ён загадваў бібліятэкаю. Падняў галаву — i ў сутонні відаць было: узрушаны. Ён заўсёды быў эмацыянальны, лёгка ўзбуджальны i ранімы. А цяпер — зусім. Лічы, жыве пагалоскамі, якіх кожны дзень процьма. I ўсе, лічы, супраць бальшавікоў i такіх, як ён з Алесем,— «бальшавіцкіх прыхвасняў».
— Ты ідзеш дадому? — забыўшыся павітацца, запытаў Васілевіч.
— Іду хоць куды. Абы сагрэцца,— пажартаваў Алесь, сцягнуў пальчатку i падаў руку.
Васілевіч ткнуў сваю правую, але, мусіць, тут жа i забыўся, што вітаюцца, загаварыў, пра што думаў:
— Хадзем са мною. Да Ландара.
— Чаго? — здзівіўся Алесь.— Патрабаваць пайка i платы?
[1] 1918 года.