Махахей яму скажа: «Ты міну пад Палессе падвёў». I адзінае, што можа зрабіць Мацвей, каб напаіць зямлю, выратаваць хлеб,— узарваць шлюз, спусціць сажалку, ім жа выкапаную. I, такім чынам, прызнаць, што ён нічога не будаваў і не ствараў, а па самым пачатку толькі разбураў.
«I за што так... за што?» — гэта ты сам сябе спытай... I бязлітасным будзе Мацвею суд яго сумлення.
ВЯРТАННЕ ТРЭЦЯЕ
«Хроніка дзетдомаўскага саду»
Кружыць, пятляе гэты раман, заманьвае то балотнымі агеньчыкамі, то праменьчыкам ліхтарыка ў руцэ дзетдомаўца, то светлай весняй яблыневай квеценню...
Крытыкі разважаюць: спавядальная проза? поліфанічны шматгалосы раман? свабодная форма? адкрыты раман?.. Як быць са шматлікімі ўстаўленымі навеламі і публіцыстычнымі адступамі. А яшчэ ж, як заведзена ў гэтага пісьменніка,— і ўспаміны, і сны, і міфы... I сам аўтар падкідвае: не люблю сюжэта, ён у мяне не атрымліваецца... I пра артыкул, што некалі чытаў, узгадвае, дзе гаворка пра раман-эсэ, раман-даследаванне...
— Ведаеш, з аднаго боку, прыдумляеш абсалютна ўсё, з другога — прыдумляць нічога не трэба, усё ўжо існуе ў жыцці.
Кружыць гэты раман.
Кружыць аўтар. З першых паслярэвалюцыйных гадоў пераносіць дзеянне ў гады васьмідзесятыя, зноў вяртаецца назад — у вайну, у дзетдомаўскае дзяцінства... То спыніцца перад суроваю ніткай, якой з-за недахопу дроту ахоўвалася граніца ў дваццатыя гады, то прымусіць глынуць сіняга цыгарэтнага дыму ў аднапакаёвай хрушчобе, то, імкнучыся прэч ад здушанасці гарадской кватэры, ад нематы белага аркуша паперы, завядзе на масточак над празрыстай рэчкай, дасць спатоліць смагу бярозавікам...
Кружыць Споўдала, забіты некалі каралём браканьераў Барталамеусам Шпаковічам апошні зубр. Зубр, што бачыў на сваім бясконцым веку апошняга ятвяга. Зубр, які ажыў, рукамі чалавека і ў пакутах чалавечага сумлення адроджаны. Ці то ён вярнуўся з «Песні пра зубра» Мікалая Гусоўскага горды сімвал беларускай зямлі, ці то з запаветнай пушчы выйшаў па бетонку, каб ашчадна ўзяць з рук чалавека цёплы акраец хлеба. Вольны, магутны звер, што прыпяў свінец браканьерскай стрэльбы, прыкрыў сабою сям'ю баброў — бездапаможнае, мірнае, крохкае жыццё...
Але ён яшчэ прыйдзе, ён павінен прыйсці зноў...
Новымі і новымі кругамі разыходзіцца па раману гісторыя дзетдомаўскага саду.
Яблыневага саду. Панскага, што ссеклі пасля рэвалюцыі сяляне. Які зноў пасадзілі пагранічнікі. Знішчылі ў вайну па загаду немцаў. Дзіцячымі, дзетдомаўцаў рукамі адроджанага — кожная яблынька тварам да сонца, да цяпла. I які зноў у адну ноч знішчылі... Пасля чаго пайшло гуляць падапне—колькі б ноччу гэты сад ні высякалі, раніцой ён вырасце зноў, пасля трэціх пеўняў садзяць яго дзетдомаўцы...
Але гэта яшчэ і прыгожы зямны сад — так з мітуслівай гарадской далечыні ўяўляецца аўтару вёска, дзе знаходзіцца яго хата. «Не вёска, а адзіны сад, зялёны шар, маленькі, адасоблены шар зямны, дзе не могуць быць няшчаснымі людзі, дзе ходзіць сыты статак кароў, дзе выспяваюць сакавітыя антонаўкі, дзе рэпаюцца на градах, перабраўшы сонца, памідоры, дзе выцягваецца ў хвастатае сонца гарачая радыска, млеюць, лежачы на баку, гуркі...» Ды яшчэ і песня ад ракі даносіцца. Праўда, гэта казка здалёку, а калі паглядзець на яе пры набліжэнні, яна знікне, рассыплецца.
Разыходзяцца, пашыраюцца кругі. I ўзнікае ў рамане вобраз вечнага саду. За якім і гэты, столькі раз пасаджаны і высечаны, шматпакутны сад, і сяло, і хата, набытая і страчаная, разбураная бяспамяцтвам, і людзі, іх мінулае, сённяшняе і будучае...— вечнае Жыццё.
Але як бы ні кружыў аўтар, як бы ні пятляла ўдзірванелая, зарубцаваная сцежка-рана, нязменна выходзім мы ёю да хаты ў яблыневым садзе і да лёсу двух людзей, што непарыўна паяднаны з гэтай хатай і гэтым садам.
Упершыню лёс Мар'яна Знаўца і Сідара Місцюка перакрыжаваўся ў дваццатыя гады, калі абодва яны былі хлапчукамі-аднагодкамі. Перакрыжаваўся, каб разысціся ў вечным трагічным канфлікце. Два хутары на польскай граніцы. Дзве сям'і: бацька Мар'яна Іван, былы будзёнавец, звязаны з пагранічнікамі: ходзіць на заходні бок з разведкаю, бацька Сідара таксама ходзіць «па той бок» — па кантрабанду. Дзве першыя сустрэчы з Савецкай уладай — начальнікам пагранічнай заставы Трубецкім: маленькі Сідар выхваляецца ладнымі штонікамі — бацька з-за кардону прывёз. Мар'ян жа, як прывязаны, ходзіць за Трубецкім, каб узяў яго той садзіць «пралетарскі, агульнасялянскі» сад.
Вось так усё і вызначылася з першых старонак рамана: Мар'ян будзе ўсё жыццё садзіць для людзей сад. Сідар марыць пабудаваць у тым садзе сваю добрую хату.
Праз усе ключавыя і трагічныя моманты нашай гісторыі правядзе пісьменнік сваіх герояў.
Раскулачаць Місцюкоў і рэпрэсіруюць бацьку Мар'яна. Сідар Місцюк і Іван Знавец апыняцца ў адным лагеры. Пачнецца вайна, на прасёлкавай дарозе калона рэпрэсіраваных сустрэнецца з абозам прызыўнікоў, і сашчэпяцца позіркі Сідара і Мар'яна. Але толькі на імгненне. Спікіруюць на дарогу нямецкія самалёты.
На паралелях будуе пісьменнік лёс гэтых герояў. Будзе вяртацца Мар'ян дамоў. Кінецца яму на грудзі, шукаючы паратунку ад сабак, малюпасценькі зайчык. Пасля вызвалення Палесся Місцюк таксама пойдзе з Савецкай Арміяй. Але па дарозе да роднай хаты не жыццё іншага ратаваць яму прыйдзецца, а думаць, як уберагчы сваё,— абложыць яго воўчая зграя. Але не разарвуць ваўкі Місцюка, будзе ён «пазначаны» зграяй. Як свой?..
Абодва яны трапяць на працу ў дзетдом. Знавец — дырэктарам. Місцюк — загадчыкам гаспадаркі. Адзін будзе выцягваць сваіх «шкетаў» у нармальнае жыццё, біцца, каб яны былі сытыя і сагрэтыя, а другі — ціханька падгандлёўваць спісанымі дзетдоумаўскімі трантамі... I ўжо карціць следам за некім, хто пісаў пра «Хроніку...», сказаць пра бясконцую правільнасць Знаўца і няправільнасць Місцюка. Але штосьці ўсё ж спыняе. Мо вось гэтыя думкі Місцюка пра сябе: «Ён прайшоў праз сцены турмы, прыбег сюды, таму што зямля тут да пупа родная яму, яго дыханнем насычана, яго снамі аблашчана. I здавалася яму, самы час яго прыспеў умацавацца на ёй, узяць у свае рукі гэту зямлю і сад». А мо і тое, што ладзіцца ў яго на гэтай зямлі жыццё — і хата харошая, і сям'я моцная, вялікая, і дзеці ў горад не бягуць... Ці тое, што падняў дзіцячы дом, стварыў там сапраўдную гаспадарку, навучыў дзетдомаўцаў шанаваць працу так, што адлучэнне ад гэтай працы стала пакараннем,— не здолеў жа Мар'ян дамагчыся таго ж са сваімі аднавяскоўцамі, калі стаў старшынёю калгаса? I яшчэ рэпліка Місцюка: чужы ты вёсцы. I гэта вялізнае зялёнае яблыка на далоні Мар'яна перад смерцю...
Не столькі процістаянне канкрэтнага лёсу аднаго і другога чалавека цікавіць пісьменніка, колькі проціборства двух светапоглядаў, перакананняў і сродкаў у самаздзяйсненні. Ідэаліст і прагматык? Чалавек, што ўсё жыццё пражыў для людзей, падпарадкоўваў сябе жалезнаму «трэба», і другі — пераконаны, што не трэба лезці на ражон, на раду яму напісана выкручвацца, выплываць з любога віру, трэба толькі помніць бацькоўскі наказ — прыслужвай усім, а служы толькі сабе. Жыццё Мар'яна было вечным чаканнем жыцця, скажа пісьменнік. Місцюк жа перажывае кожную сваю хвіліну; жыць для яго тое ж самае, што перажыць, выжыць.
Здавалася б, па ўстаялай логіцы, Мар'ян з яго Ідэаламі павінен у гэтым процістаянні перамагчы. Але ж у тым і справа, што перамагчы ідэалы могуць, толькі выжывае жыццё. На жаль, далёка не заўсёды яны трывала спалучаюцца, як паказвае вопыт. Дык што ж, той, мінулы час — быў часам Мар'яна, а гэты, наладжаны, павольна бягучы з цьмянаю, сцёртай канфліктнасцю — час Місцюка? I Мар'ян сапраўды чужы, лішні чалавек у вёсцы? Але чаму ж супраціўляецца гэтаму сэрца? Чаму ж так баліць усім ад яго смерці? Чаму ж сыплецца ўсё пасля яе ў вёсцы, нібыта стрыжня пазбавіліся — разбураецца дзіцячы дом, зводзіцца сад, зачыняецца школа?..
-- Віктар Апанасавіч, дык няўжо ж сапраўды час Місцюка? Пры ўсёй жыццёвай устойлівасці яго існавання ён сапраўды перад безвыходнасцю, тупіком — няма ніякай патрэбы ў духоўным развіцці...
- Па шчырасці, такая перспектыва мяне таксама засмучае. Але ж і сапраўды ўсё так — разбураецца жыццёвы ўклад, памірае вёска, мова, школа — сумленне вёскі знікла, засталося толькі — ухапіць, урваць, выціснуць...
...А пісалася, таму што хацелася ў штосьці верыць. Павінна быць у чалавека святло ў канцы тунеля. Надзея. Не першы ж год мы жывём і не апошні па гэтай зямлі. Ну калі-небудзь усё ж задумаемся...
Наталля Ігрунова
Неруш
Раман
Частка першая