Ён пакутаваў, ісці ці не ісці яму да Шахрая, усю дарогу, але, выпраўляючыся ў гэтую дарогу, ён ужо ведаў: няма да каго больш ісці яму ў Мінску. Быў яшчэ чалавек, але ён зарокся, што таму чалавеку пакажацца на вочы толькі перад смерцю. I ў аўтобусе ў паўдрымоце яму мроілася, што тая апошняя, абагульняючая ўсё хвіліна ўжо настала і ён, не марудзячы, з прывакзальнай плошчы кінецца на адрасе, які прапісаны ў яго памяці палаючымі літаркамі. Але толькі спыніўся аўтобус, Мацвей, не вагаючыся, пакрочыў да Шахрая. Ён не прызнаваўся ў гэтым нават сабе, але ўвесь час спадзяваўся па нейкі цуд: усё, што адбылося з ім,— сон, насланнё, яму здавалася, што ўсе гэтыя тры гады ён жыў, боўтаўся, плёхаўся ў нейкай цёплай і соннай вадзе, дастаткова выйсці з гэтай вады, ступіць на бераг, на халодны і жорсткі пясок, ён зноў будзе ўсё бачыць, стане відушчым цела, насланнё згіне, пачнецца жыццё, нічым не падобнае на тое, што было раней.
Мяккія абдымкі Шахрая працвярэзілі яго, ён зноў быў у той жа самай ачмуральна цёплай вадзе. Ніхто і нішто не здольныя перамяніць яго лёс. Надзея знікла, і ён раззлаваўся на сябе, на Шахрая, таму і прыдумаў сабе яго, хацеў убачыць на твары Шахрая маску і ўбачыў. А калі папраўдзе, дык Шахрай які быў, такі і застаўся. I зараз, калі абдымаў яго, як і раней, паводзіў сябе, як артыст перад публікай, хаця ніякай публікі не было. Гэта была яшчэ адна прыроджаная, пэўна, рыса Алега Віктаравіча — усюды і ўсім падыгрываць, аддаваць першы ход каму-небудзь іншаму, нават і сярод сяброў паводзіць сябе так, нібыта яго фатаграфуюць зараз. Тут Мацвей зноў спахапіўся, што ён несправядлівы, што ён мо і зайздросціць Алегу Віктаравічу, які заўсёды такі роўны з кожным, але спыніцца ён ужо не мог. Наўмыснай падалася яму і прастата, з якой быў абстаўлены кабінет Шахрая, хаця гэта больш за ўсё і выяўляла ранейшага Алега Віктаравіча, у спартанскай прастаце быў водгук таго часу, у якім пачаў свой шлях Шахрай.
Вандроўнае жыццё па Палессі таксама патрабавала гэтага: нічога лішняга ні за плячыма ў рукзаку, ні ў кішэнях, ні ў кабінеце, ні ў хаце — усе рэчы простыя і прызначэнне іх зразумелае. Менавіта па гэтую прастату і паразуменне і прыйшоў Мацвей да Шахрая. I ўжо як бы сам кабінет Алега Віктаравіча сцвярджаў, што імкнуўся сюды ён недарэмна. Кабінет хаця і быў аглушальна вялізны, але голы, пусты. На адной сцяне, амаль напалову яе,— схема меліярацыі Палесся. А ў самым нізе гэтай схемы была маленькая чорненькая кропачка — Княжбор, макавае зярнятка і вока змяі адначасова, быў, уласна кажучы, сам ён, Мацвей. Яго жыццё, лёс. Мацвею і на самай справе здавалася, што гэтая чорная кропка на вялізным аркушы фотапаперы і ёсць ён. Усё, што ён рабіў, чым жыў, выснавалася, сфакусавалася ў гэтую нямую зрэнкавую кропку. I няма ніякай драмы, таму што такіх кропак на карце мноства. I яго вока абыякава слізгаціць па іх, не спатыкаецца ні сэрца, ні душа, а калі і ўзнікае што ў сэрцы, то нікому гэта і не цікава, ні яму, ні каму-небудзь іншаму — гэта рэха таго, як і дзе ён жыў раней, тая самая геаграфія і крыху біяграфія, якую мае кожны чалавек, мае і па-свойму асвятляе яе. Мацвей адвёў вочы ад карты Палесся, але тры іншыя сцяны былі ўжо зусім голымі. Не загрувашчаны быў паперамі і стол Шахрая. Горка ганчарных дрэнажных трубак — вось і ўсё. I ад гэтых трубак, ад схемы меліярацыі Палесся — пах тарфянікаў, балот, балотных траў — уяўны пах, пры поўнай адсутнасці яго.
I Мацвей зноў абрынуўся на Шахрая. Цяпер ён абвінавачваў яго ў тым, што той умее вось так — адным-двума штрышкамі — стварыць нават паветра сваёй дзейнасці, пазначыць і высветліць тое, чаго няма, што толькі жадаецца. I ў гэтым таксама ўвесь Шахрай, які навідавоку, для старонняга, Мацвей я;а ведаў яго і іншым і паважаў у ім таго іншага, настырнага, які б'е ў адну кропку, імгненна адсякае ўсё, што не тычыцца справы. I Шахрай стаў такім вокамгненна, як толькі яны дайшлі да справы, маслакаватым, грувасткім, нязручным. I Мацвей уздыхнуў з палёгкай, пачуўшы знаёмы голас, убачыўшы знаёмага чалавека.
— Дык ты за мае шырокія плечы...— пасля гэтых прамых слоў Шахрай трошкі вільнуў убок, загаварыў больш па-сяброўску, амаль з даверам: — Як толькі перабраўся ў Мінск, сеў у крэсла, усе былыя дружбакі згадваюць пра Шахрая, калі ім толькі прыпячэ, калі смажаным запахне. Думаў, хоць ты як чалавек зазірнуў, пагамонім, чарку возьмем.— 1 распаліўшыся: — Адзін, адзін, і выпіць няма з кім. I ты такое ж г..., Мацвей, як і ўсе астатнія. Памыліўся я ў табе. На каго толькі не паглядзіш, адзін і той жа твар: карысць, карысць...
Такі Шахрай быў дзіўны Мацвею: не спадабаўся яму.
— Загналі і вас, Алег Віктаравіч. Неспрыяльны вам мінскі клімат, сябе толькі і памятаеце ва ўсім.
— А ты каго памятаеш?.. Быў у мяне пракурор ваш, па характарыстыку прыходзіў на цябе. Адказаў я яму: «Хай і дэпутат атрымае, што заслужыў. Толькі вы спачатку наведайцеся да яго, паглядзіце, як ён там б'ецца...» Не пасадзяць. Даволі з цябе? За тым ты прыйшоў да заступніка, апекуна?..
— Не за тым, але як прыйшоў, так магу і пайсці.
— I ідзі.
— Не пайду. Слёзы, вочкі вашы насовачкай блакітненькай вытру, а тады і пакрочу... А вы б на маім месцы што б рабілі, да каго б кінуліся, пастаўце сябе на маё месца.
Што ж, рызыкнём, памяняемся месцамі.
— Жартуеце?
— Чаму... Садзіся, садзіся, даражэнькі, вось сюды.
— Так, так, добра,— падтакваў Шахраю Мацвей, калі той вёў яго да крэсла, і, толькі калі сеў, уладкаваўся, даў сабе волю: — Да парога!
Уклаў у гэты крык усё: і боль, і няёмкасць, і пагарду, з якой тут яго сустрэлі, і страх свой, нібыта выклікаў свайго былога начальніка да бар'ера. Але і гэтым напятым крыкам не праняў Шахрая. Той паслужліва скіраваўся да парога і вычакальна застыў там. Мацвей абмяк, і не было ў ім ужо нічога, акрамя тугі:
— Хопіць, пэўна, Алег Віктаравіч, будзем сур'ёзнымі.
— А гэта сур'ёзна, я кожны дзень такі сур'ёзны, а цябе хапіла толькі на паўхвілінкі. Працягвай, працягвай. Пачатак жа ў цябе быў нядрэнны.
Мацвей не разумеў, здзекуецца ён, блазнуе ці гаворыць усё шчыра. Шахрай быў спакойны, і гэтая яго спакойнасць і памяркоўнасць абурылі Мацвея.
— Шапку, шапку далоў,— загадаў Роўда,— I ад дзвярэй адваліцеся, іх падтрымліваць не трэба. Ногі б здагадаліся выцерці, калі перліся сюды. Чаравікі пакажыце, пакажыце чаравікі.
— Я ў пантофлях...
— Добра, што толькі ў пантофлях, а то і ў халаце ўваліліся б... Ну, карацей і самую сутнасць. Ды час не забудзьце засекці. На гадзіннік паглядзіце, толькі непрыкметна, крадком. I шыю згінайце... Што ты на мяне, як на пракурора, вызверыўся. Галаву ніжэй і вочы ў падлогу. Ну, што шыя-выя твая не гнецца? Ты ж прасіцца прыйшоў. Ты ж у мяне во дзе. Я ж твой дабрадзей і заступнік, дык не зыркай жа на мяне буркаламі сваімі. Ну, пачынай, пачынай, голас каб дрыжаў, каб жалоба і скруха ў ім былі, каб працяло мяне, каб я вник и снизошёл. А не то я цябе да намесніка наладжу, а той да загадчыка аддзела...
Мацвей гаварыў, нібы працягваючы жарт і гульню, якую прапанаваў яму Шахрай, але ён ужо адчуваў: гульня скончылася. Яму ўжо быў брыдкі гэты чалавек, які сам прапанаваў гэтую камедыю і сам адмаўляўся ўдзельнічаць у ёй. А Мацвей быў ужо ў ролі, і яму трэба было давесці яе да капца. Усёдазволенасць камедыі, жарту не вымушалі яго стрымліваць сябе, мяцца, давалі хоць і ўяўную, але ўладу. I ён карыстаўся гэтай сваёй уладай смела і без сораму, яму бі.тло прыемна ўладарыць над Шахраем. Наглядаць за яго збянтэжанасцю і замяшаннем. Хоць хвіліна, ды належала яму, ён, на выразу таго ж Шахрая, владел ситуацией, ён таксама здолеў парваць час, разбурыць сувязі і адносіны, якія ён дыктаваў.
— Ну, даражэнькі мой, чаго ж ты там прыліп, давай, не бойся... На паўсагнутых, Алег Віктаравіч, што мне вас вучыць. I пантофлі не губляйце.
— Пераціскаеш, Мацвей Антонавіч.
Як толькі Алег Віктаравіч рушыў на яго, сітуацыя ўжо не вельмі падпарадкоўвалася Мацвею.
— Нічога, праглынеш,— паспрабаваў ён захаваць тую вышыню, што ўжо набраў, але Шахрай выціскаў ужо яго з той вышыні голасам і грувасткасцю сваёй.
— Перайграеш, Мацвейка. А гэта заўсёды небяспечна, як і недайграць.
— А я не хачу іграць, я ўжо нагуляўся ў вашы гульні.
— А ў іх не трэба гуляць, у іх жыць патрэбна.