П а л о с я. У пас пропаведзі чыталі па-польску. Хто патрабаваў ад бацюшкі чытаць па-руску, паліцыя забрала таго ў халодную, сядзіць!
Бацька в а р'я т а. А я на чыгунцы кастылі забіваў! Загадалі мне католікам стаць. «Хіба, — кажу, — веру, бы кашулю можна мяняць?» А яны — з работы праперлі! Ужэ пад татарынам лягчэй было — той хоць веры не чапаў!
Г а л а с ы. Цяжко, Ілья!!! (Бабкі рыдаюць.)
А л ь я ш (думае, цяжка ўздыхае). Мае вы бабы, мужчынкі, чадо мае! Туліцеса, бы бяздомныя авечкі, не ведаеце, якого Бога шукаці! Папы, кудлы, адно грошы з вас дзяруць! Няма ў іх ніякай веры — прапілі яе, прабалявалі! Аднаму мне верце! Я запалю кожнаму звязду ў сэрцы і агонь напоўніць вашыя душы! Я вас вывяду на дарогу, мяне ніхто не ўстрымае! Кіем удару па моры, вада расступіцца, і вы ўсе пройдзеце за мной па сухім!
Г а л а с ы. Вядзі нас, Ілья, у зямлю абетаваную! Столькі да цябе ішлі, не адганяй нас! Бяры душу і рабі з ёй, што хочаш! (Бабкі ў істэрыцы.)
П і с а р (падлятае да прарока). Айцец Ілья! Айцу Мікалаю для Бібліі пра вас ваша слово патрэбно! Вы ж абяцалі, я за вамі бегаю каторы дзень!..
А л ь я ш. Не перашкаджай, лодыр!.. (Ботам пісара адпіхвае.) Ну, хто чаго хоча ад мяне? (На каленях паўзе Макарыха.) Што табе, бабо, баліць?
М а к а р ы х а. Галава, Лаўренц'явіч! Як узялі майго Юлька — не засну!.. Усіх пеўняў на вёсцы галасы вывучыла! Памаліса за мяне, грэшную, твая малітва даходлівая да неба!
А л ь я ш (цісне цётцы скроні). Мусі, паганая кроў застыла пад чэрапам. О, тут, на макаўцы. Ідзі, выздараўлівай ды маліса Богаві. І я буду маліцца за цябе.
М а к ар ы х а. Ы-ы-ых, адразу палегчало!.. Як мне цяпер файно!.. Каб Гасподзь даў табе сілу і здароўе! Усім людзям раскажу! Дай залаценькую ручаньку, я яе — м-м!.. (Хоча пацалаваць.)
I л ь я ш (вырывае далонь). Як смала прыклеіласа!.. Хто яшчэ?
П а л о с я. Ілья, то ж падумай, сыноў я так гадавала, начэй не дасыпаючы, а яны — пабілі нас з мужыком! Каб так грызлі родныя дзеці, дзе калі хто чуў?
А л ь я ш. Зямлі не апісала ім, таму і грызуцца.
П а л о с я. Так жа мы з бацькам шчэ жывыя! Як памрэм, завалакуць нас у яму, хай тады...
А л ь я ш. Не выкручувайса!.. А дачцы прыданаго не даеш? На голую костку і сабака не брэша!
Л ю д з і (хорам). Вядомо, не брэша!!!
А л ь я ш. Няма чаго тут плакацца, Макаліха, не дуры мне галаву — унь людзей колькі чакае! Ну, цяпер хто?
Натоўп дзівіцца, які Альяш мудры. Паміж пацыентаў хвіліну ідзе зацятая спрэчка за чаргу.
С л я п ы. Язэп-грэшны! Невідомы я! (Кладзе галаву прароку на жывот.) Яві цуд, святы старчэ, вылечы — табе слово такое дано!
А л ь я ш (Хімка падае паднос, прарок плюе ў яго ды макае пальцы, каб лячыць сляпога, але спахопліваецца). Э, у цябе, бачу, усё зарасло, я тут ужо не дапамагу! Замного ты грашыў, Язэпе!
С л я п ы (у жахлівай паніцы). Ілья, пачакай, я ж буду маліцца за цябе, усе ночы на каленях выстаю!
А л ь я ш. Я не Хрыстос. Толькі ён мог і такое вылечваць.
С л я п ы. Ой, людзі, я — бачу!.. Не... (Плача.)
А л ь я ш. Нічого ты ўжэ не ўбачыш, не трэ было грашыць.
Н а т о ў п. Ілью не правядзе-еш!!!
Трымаючы сына за рукі, бацька з маці вядуць юнака. Хлапец упіраецца ды смяецца, бытта яго ззаду казычуць.
М а ц і в а р'я т а. Не брыкайса, Пятрук, дзядзько добры, цукерак дасць!
В а р'я т. А от не пайду-у, ха-ха-ха-ха!..
М а ц і в а р'я т а. Ідзі, ідзі, слухайса гэтаго дзядзьку!..
А л ь я ш (хапае з падноса медны крыж). Ва айца, і сына, і духа святаго, амін! Сатана, зыдзі, дай месца чыстаму духаві! (З сілай апускае плашмя цяжкі крыж на галаву хворага. Вар'ят тузаецца, стары апускае крыж зноў.) Сатана, у яму ідзі, там тваё месцо!