Ж а б р а к. Падайце, Хрыста радзі, інваліду з Брусілаўскаго прарыву, не забывайце сына ацечаства, воіна шматпакутнаго! (Звоніць цвіком у гільзу ад снарада.)
Камсамолец другі. Прасіце ў тых дзяўчат, дзеду, яны багатыя, а мы свае грошы прапілі!
Ж а б р а к. Калі быў молад, то і на дзевак я меў голад, а пры старасці такой не грэбую ніякой! (Шэпча хлопцу на вуха, рогат.)
Камсамолец першы. Дзеду, а праўда — жонка войта дала вам булку, а вы каменем шыбу войту пабілі?
Ж а б р а к. Не булкай!.. Ой, дзетачкі, ідзеце сабе, бо нічого не зараблю і старая з хаты папрэ! Сястрыцы міласэрныя, ныюць мае раны вецерану з-пад Мукдэпа, гвардзейцу яго ампіратарскаго высочаства, кавалеру георгіяўскіх крыжоў! Пад Сучапамя тры варожыя ланцугі адолеў: адзін рашпілем распілаваў, пад другі падлез, а трэці ланцуг пераскочыў!
Н ю р к а (падлятае). Майсак, з-пад Бельска акаваную Біблію прывалаклі — вялізную, бы пячная засланка!
М а й с а к. На цвінтар выстаў, хай людзі падзівяцца!
Камсамолец другі. Дзядзьку Пятрук, ахвота вам такім глупствам людзям мазгі забіваць?
М а й с а к. Біблію, сынок, пісалі вучаныя людзі. Думаеш, зра час трацілі, паперу марнавалі? Ведаю, што табе трэ. Ты знайшоў сваю праўду і гаворыш — Бога няма. Адкуль табе ведаць, што бог е, калі не перажыў яго? Е ў цябе свая праўда? То нясі яе высоко, дастойно, як нёс Хрыстос, а я буду сваю несці і не мяшаймо адзін аднаму!
Камсамолец другі. У вашай Бібліі гаворыцца, што першымі людзьмі былі Адам і Ева. Адамавы хлопцы пажаніліса і пабудавалі гарады?
М а й с а к. Ну, гаворыцца.
Камсамолец другі.Дзе ж яны набралі жонак і народу ў свае гарады, калі і людзей шчэ не было? Чаму такая брахня ў вашай Бібліі, якую выстаўляеце на цвінтар?
М а й с а к. Калі я ем панцаковую кашу і на зубы трапіць асцюк, то я ж не вывальваю цэлую міску ў цабэрак: выкідваю толькі асцюк. У святым пісанні сказано так і недаступнае нам не зразумець.
Камсамолец першы. А, няма чым крыць, пра кашу загаварылі?! Успомніце, дзядзьку, шчэ пра соль і перац!
М а й с а к. Ат, палітыкуй тут з вамі!.. Міраносіца Нюрка, праз Плянты валяць новыя багамолы, падушацца тут! Ляці і затрымай іх на выгане, покуль з гэтымі справімса! Прарок вось-вось прыйдзе!
Н ю р к а (какетліва). Зноў мне, эх!.. (Знікае.)
М а й с а к (бярэ ад пілігрымаў грошы, выдае паперку). Вам — квіт на тысячу злотых для апраўдання перад вобчаствам. Сам Гасподзь да прасвяціць вашы вумы і сэрцы ачысціць любоўю, амін!
Б а г а м о л ы. Амін! (Валяцца на траву, б'юць яйкі, вымаюць бутэлькі малака, закусваюць, паказваючы адно аднаму ікону божай маці.)
Ж о н к а А н т а н ю к а. О, яна аб'явіласа Альяшу ва сне, загадала, што і як рабіць!.. Хутко ежмо, бо зара і сам тут будзе!..
П і л і п і х а (лямантуе). Бадзюку сабе развялі тутака?! Прысмакі выядаць у святым месцы?! Цыбулькі, рэдзькі з хлебам не хочаце? (Людзі ежу вінавата хаваюць.) Во — так!.. Цяпер слухайце! Ісцяны Бог, чула, як Альяш ноччу гутарыў з Госпадам і дамаўляўсо, каб дождж выпаў! Раненько ўстаю, усё змочано, расце файно — аж буіць! Спатыкаю яго на вуліцы й кажу: «Ілья, я падслухала, падглядзела, усенько ведаю!» А ён хітра: «Хай людзі сабе добры ўраджай маюць!»
Б а н а д ы к (ківае галавой). Альяш пра людзей падумае? Калі спаткаю яго, заўша хачу сказаць добры вечар, бо ў вачах цямнее!
П і л і п і х а. I арэ, і косіць, і тое саме есць, што мы, адно мяса ў рот не бярэ — бы святыя старцы! Усё моліцца за народ!
Камсамолец першы. «Святы Альяш з гары зваліўсо, упаў у Грыбоўшчыну ля нас! I чаго, каб хто спытаўсо!..»
Д а н і л ю к. Зноў смяецеса, збыткуеце з альяшоўцаў? Разумныя надто! Шчэ й кажаце — зямля вакол сонца бегае!
Камсамолец другі. Верціцца, дзядзьку!
Д а н і л ю к. Калі ты такі вумны, то скажы — а на чым яна падвешана?
Камсамольцы (хорам). Як гэто — падвешана?!
Д а н і л ю к. На чым вісіць на небе — на вяроўках ці на які гак жалезны пачэплена?
Камсамолец першы. Нават канапляная вяроўка такі цяжар не вытрывае!
Д а н і л ю к. Тады — на чым? I ад чаго ўсё расце — збажына, ліпы унь? Пухне яно ці знізу яго так што прэ? (Глядзіць, бытта пайшоўшы з казырнога туза.) А, не ведаеце таксамо!