Мае землякі заклапочана ламалі галовы: чаму ў салдат штыкі прывязаны да ствалоў вяровачкамі, а шынялі непадрублены, ад чаго ў іх целяпаюцца ніткі? Чаму ў байцоў кірзавыя боты – няўклюдныя і непрактычныя? Чаму брызентавыя падсумкі і аж так бедныя сёдлы ў кавалерыстаў?
Калі пахаладала, адно афіцэры апраналі кажухі і ўвогуле адзеннем рэзка вылучаліся. Нават сталаваліся асобна ад байцоў.
Дзе ж ленінская роўнасць?
Людзі бачылі польскую армію. Гітлераўцы, разграміўшы Польшчу, у верасні 1939 года на пару тыдняў акупіравалі Гарадзеншчыну – усе ўволю нагледзеліся і на немцаў. У тых і другіх салдат падсумкі, боты, рамяні і сёдлы – з самай лепшай скуры, яшчэ і палакіраванай. Кацялкі, біклажкі сукном нават абцягнутыя, каб у рукі хлопцам не пякло. Мундзіры падцягнутыя, ад чаго салдаты выглядалі бы лялечкі альбо жаніхі. Мала чым ад салдат адрозніваліся і нямецкія афіцэры.
Чаму савецкіх байцоў экіпіравалі гэтак скупа? Абуць у СССР трэба надта многа салдацкіх ног? Затое і рабочых рук у Саветаў куды болей, чым у Польшчы і Германіі, разам узятых! Так мы разважалі паміж сабой.
Але ж ні аднаму савецкаму афіцэру пра гэта не скажы. А так карцела падказаць. Вядома, ад жадання зрабіць лепш. Ды, пачуўшы заўвагі, яны адразу насцярожваліся і рабіліся як бы ворагамі. Альбо падказвалі энкэўсаўцам, такі праўдзіст адразу некуды знікаў.
Калісьці цэлай вёскай у складчыну выпісвалі адну газету і зачытвалі да дзірак. У гэтым людзі адчувалі смак. Аднак да савецкіх газет не цягнула. Усе друкавалі адно і тое ж. Бытта яны гэтак дамаўляліся, бытта атрымалі такую каманду. Бытта пісаў, а потым друкаваў іх адзін чалавек.
У артыкулах выказваліся думкі як бы напаказ. Аднойчы трапіў мне на вочы стары нумар «Правды» за 25 кастрычніка 1938 года, а ў ім эканамістка з зямельнага аддзела Тульскай вобласці В. Далгова пісала: «Я горячо поддерживаю ткачиху Глуховской новоткацкой фабрики Софию Жукову, выступившую с предложением сократить декретный отпуск. Я сама только что вернулась с декретного и на собственном опыте знаю, что срок отпуска можно сократить».
Я быў яшчэ замалады, каб разбірацца ў дародавым і пасляродавым адпачынку жанчын, але фальш і штучнасць такога артыкула адчуў сэрцам. Не паленаваўся нават кавалак газеты з артыкулам пакінуць сабе на памяць.
Цяпер, калі, напрыклад, маладыя заканчвалі тэхнікум, то, паводле газет, абавязкова станавіліся «высокай якасці спецыялістамі».
У маёй мясцовасці спатрэбіліся тэрмінова настаўнікі для новых школ, а іх не было адкуль браць. Аб’явілі набор на трохмесячныя курсы ў Гародню пры настаўніцкім інстытуце. На іх прымалі з сямікласнай адукацыяй, а аднаго (я ведаў яго асабіста) прынялі з пяццю класамі…
Прайшоў вызначаны тэрмін. Усім курсантам выдалі адпаведныя дакументы, яшчэ і надрукавалі ў газетах: “Прынёманскі край, дзякуючы бацькоўскім клопатам савецкай улады і мудраму кіраўніцтву таварыша Сталіна, атрымаў 300 чалавек новых высокаадукаваных педагогаў!”
Паводле прэсы, зерне сяляне цяпер сеялі адно «адборнае». Жылі ў гарадах і сёлах цяпер усе «багата» і «шчасліва». I наогул, апошняе слова выпірала з газет аж да агіднасці. У сувязі з прыходам Чырвонай Арміі для пажылых людзей цяпер настала «шчаслівая старасць». Для іншых – «шчаслівая маладосць», «шчаслівае дзяцінства», а для ўсіх астатніх – «шчаслівае і прывольнае жыццё».
Інфармацыі з савецка-фінскай вайны друкаваліся толькі пра гераічныя ўчынкі нашых байцоў, лётчыкаў, камандзіраў. Без канца ішоў пераможны пералік знішчаных дотаў праціўніка, забітых салдат і афіцэраў, а чамусьці фінскія пазіцыі па-ранейшаму заставаліся на тым самым месцы. Чырвоная Армія ўсё тапталася ды тапталася на маленькім Карэльскім перашыйку, хоць і кожнаму школьніку было вядома: у Фінляндыі жыхароў у пяцьдзесят разоў менш, чым у СССР.
Тэксты такія не пераконвалі, а толькі выклікалі падазронасць. Чалавек думаў: эгэ, штосьці тут не так!..
Цяпер ля кіёска можна было назіраць, як дзяўчына з акенца пыталася іншага байца, якую яму даць газету. Той са здзіўленнем адказваў ёй:
– Вядома якую – курыцельную!
Непрыемна гаварыць пра ўсё гэта, але ж – з песні слоў не выкінеш: менавіта з прыходам Чырвонай Арміі да нас, памятаю, людзі Заходняй Беларусі са здзіўленнем даведаліся, што газеты могуць служыць і для такой мэты.
І яшчэ.
На першых старонках у тых газетах абавязкова красаваліся партрэты «Мудрага і Вялікага Правадыра ўсіх народаў». Амаль усе артыкулы заканчваліся яго імем. Якіх толькі эпітэтаў для яго не прыдумвалі газетчыкі: і «вялікі», і «настаўнік», і «кормчы», і «бацька родны ды любімы», і «друг чалавецтва», і «карыфей навукі», і «збаўца чалавецтва»...
Доўга нашыя людзі з гэтага дзівіліся. Нарэшце, знайшлі простае тлумачэнне. Таварыш Сталін – надта заняты чалавек. Ён, вядома, газет не чытае. Ён нават у вочы іх ніколі не бачыць, бо так, бедны, заняты справамі, таму і не ведае, што падхалімы вычаўпляюць. А гэтыя і рады!..
Толькі чаму ў той Маскве, дзе многа, напэўна, разумных людзей, не праб’ецца хто да яго ды не падкажа? Не з’есць жа ЁН чалавека за гэта, а глядзець на такое – брыдка!
Мяне і самога разбірала ахвота – от бы дабрацца як-небудзь да Масквы, прашмыгнуць у Крэмль і падказаць Сталіну! I я ўсё прыдумваў спосабы, як гэта выконваю, як падбіраю словы, якія яму скажу...
Па менскім радыё кожны дзень перадавалася, што сяляне вобласці ўзялі абавязацельствы вырасціць стопудовы ўраджай збожжа з гектара. Дасціпныя мужыкі зараз жа прыкінулі ў галаве, і выйшла – семнаццаць цэнтнераў.
– Як жа так, – здзівіліся, – мы і без ніякіх абавязацельстваў атрымліваем столькі?!
І тым не менш, вера ў міфічную краіну, дзе плывуць малочныя рэчкі, якой кіруе вялікі Чалавек, жаданне хоць ілюзорнага шчасця сабе, дзецям і ўнукам у нашых сялян заглушалі здаровы мужыцкі розум.
Усе сумненні былі кволымі. Людзей агарнуў дзіўны энтузіязм якойсьці паслухмянасці, ён прытупляў у іх нават чалавечнасць. Гіпноз новай улады быў настолькі моцны, што людзі, зведзеныя да нявольнічага падпарадкавання і бяздумнага захаплення, адчувалі сябе нават і праўда шчаслівымі. У іх усё мацней гаварыла чужое іхняму выхаванню і традыцыям продкаў. Яны і не заўважылі, калі пасталі здольнымі на подласць.
Цяпер бачылі галоўнае: новая ўлада – свая. Калі што і не так, можна пацярпець. Маўляў, усей падаплёкі вывезеных і арыштаваных я не ведаю і не хачу ведаць, толькі – дыму без агню не бывае. Ды і трэскі сапраўды ляцяць, калі лес сякуць. Што зробіш, памылкі заўсёды здараліся, асабліва пры вялікай справе. Усё гэта чалавечае, разбяруцца. Напэўна разбяруцца. Бальшавікі – людзі галавастыя, бачыш, якая ў іх тэхніка? Разбяруцца і з маёй сям’ёй! Зразумеюць, нарэшце, што я не з чужога класа, іўсё ўладкуецца! А пакуль што існаваць можна?
Можна! Ну і жыві!
Новыя парадкі ва ўсёй краіне