Крыху.
— Не была, не ведаю. Чакайце ў госці, пакуль!
Я ўладкаваўся на ганку. Зірнуў на Данусін панадворак. У мяне, прызнацца, было добра на душы — я заставаўся верны ўвесь час Данусі, не выкідаў яе з сэрца і цяпер з чыстым сумленнем быццам глядзеў ёй у вочы. Пачаў успамінаць усё спачатку.
Успамінаў да той пары, пакуль мая душа не стала як той аркушок паперы, з якога гумкай сцерлі ўсё, што было напісана, і застаўся толькі след ад літар. Я ўжо нічога больш не мог прыпомніць і адвёў вочы ўбок.
Яшчэ да вайны я даведаўся пра семантычнае значэнне імені Данута. Яно ўтварылася ад лацінскага слова «donata». На жаль, у беларускай мове няма яму адпаведнага сіноніма. Са славянскіх моваў, відаць, найбліжэй па значэнню яму можна сказаць рускае «одаренный» або польскае «obdarzony».
Ты адпавядала свайму імені. Эх, Дануська, кім ты, «одаренная», цяпер была б, каб не вайна?..
Помнік трэба паставіць табе, ці што? А дзе твая магіла?.. Буду на Рыжскім узмор'і, знайду якога-небудзь пісьменніка, дам яму ўсе паперы, фатаграфіі і папрашу, каб кніжку пра цябе напісаў, як ты некалі хацела... Фактычна кніжку пра нас, пра эпоху. Атрымаецца цікавая гісторыя пра барацьбу, каханне і геройства...
На двары гулялі дзеці.
Калісьці мяне, юнака, такія малыя вельмі злавалі. Мне здавалася, што яны залішне крычаць, без прычыны б'юцца, усюды лезуць, і гэта ў іх ад распусты. Толькі цяпер, калі сам стаў бацькам, я зразумеў, што яны бегаюць не ад дрэннага выхавання і дрэнных бацькоў, а што гэта форма іхняга быцця. Яны так гуляюць, для іх гэта таксама важна, як для дарослых работа. Цяпер маё бацькоўскае вуха і вока прыемна лашчаць кожнае дзіцячае слова і рух.
Каля ганка стаяў Міша і звычаем, як гэта робяць і мае дзеці, цёр вуха плячом і засяроджана аб нечым думаў.
За плотам на бервяне сядзеў другі малы, трымаў на каленях талерку і мераў канцом лыжкі, колькі засталося супу.
За кустамі бэзу чуліся ўсхваляваныя галасы:
Віцька-а, ты на гэтым фільме быў?
А пра што там?
Я чатыры сеансы праседзеў і яшчэ сёння пайду. Толькі не хапае трох капеек. У цябе няма?
А дасі каску?
Дам!
Чэснае піянерскае?
Ага!
I пад салютам!
На табе салют!
Бяры капейкі!
Па тратуары ішла пара. Адно пачуццё спляло іхнія рукі, запаліла шчаслівыя іскрынкі ў вачах.
За імі крочыла дзяўчына. Яна гулка стукала абцасамі, а яе сур’ёзныя пухлыя шчокі смешна ўздрыгвалі ў такт крокам.
Скрозь кроны дрэваў ля дарогі жаўцелі сцены нейкага вялізнага будынка без даху. Міма наваленай цэглы і свежаапілаванага дрэва малады рабочы вёз пустую тачку. Таварыш яго ўскочыў у яе і жартам кінуў:
Но-о, кося, вязі-і! Прэндзэй!
Дама несла поўную сетку пакупак. Шукаючы спачування, яна ўсміхнулася мне, паставіла сетку на тратуар, замахала рукамі і, якраз так, як некалі Дануся на лесвіцы ліцэя, паскардзілася:
Уф-ф-ф, цяжка!
Далей ішоў юнак, нёс белы батон. Азірнуўшыся сюды-туды, ён — раз! — і ўтапіў зубы ў край яго. Я нават адчуў у сваім роце хруст скарынкі і смак свежай духмянай булкі.
Нейкая дзяўчына схавалася ў вароты колішняга Залкікдавага панадворку і працірала супрацьсонечныя акуляры. Зрабіць гэта проста на тратуары, бачыце, яна не можа: да выхаду на вуліцу рыхтуецца, бы артыстка на сцэну!