Не да веры, але ж – рэальны факт!
Хлопцы на ўласныя вочы бачылі, як у цэнтры горада на трыбуне маячылі нямецкія ды савецкія генералы, а перад імі па плошчы валілі танкі ў чарговасці: адзін з крыжам на брані, другі з пяцікутнай зоркай, адзін з крыжам, другі савецкі. Між іншым, у майго сябра Аляксандра Амільяновіча (у 2007 годзе асуджаны ў Польшчы на 4 гады за супрацоўніцтва са Службай бяспекі – рэд.) захаваўся нямецкі фотаальбом з таго часу прафесара Гайнрыха Гофмана пад назвай «Ді гросе дойчэ Фэльдцуг геген Полен» («Паход нямецкіх войск супроць Польшчы»). У ім на фотаздымках выразна відаць, як на трыбуне стаіць фельдмаршал Гудэрыян і галаўкам савецкіх войск у Брэсце Баразянскі са світай, а перад імі валяць стальныя армады дзвюх краін. Альбом я ўбачыў шмат-шмат гадоў пасля вайны. Тады ж у доказ праўдзівасці сваіх слоў былыя падпольшчыкі прынеслі ды з недаўменнем паказвалі аднавяскоўцам нашыя ўлёткі, у якіх была змешчана быццам бы радасная для ўсіх савецкіх людзей вестка. У іх паведамлялася, што ад гэтага часу «дружба народаў Германіі і Савецкага Саюза замацавана крывёю, таму мае ўсе падставы быць вечнай і трывалай».
А як жа трупы гішпанскіх барацьбітоў, што не паспелі нават астынуць?
Як жа нямецкія камуністы, якіх Гітлер кінуў у турмы і канцлагеры?!
Як жа з песняй, якую кэпэзэбоўцы нядаўна спявалі?!
Параход наш ідзе міма прыстані,
Будзем рыбу карміць мы фашыстамі.
Гэта было толькі першае дзіва.
Насуперак усялякай логіцы сяброў Камуністычнай партыі і камсамола Заходняй Беларусі, гэтых летуценнікаў і святых рамантыкаў, прадстаўнікі новай улады бязлітасна адхілілі ад палітычнай ды грамадскай дзейнасці. З такой прычыны, напрыклад, у Народны сход трапіў Міхась Машара, але не знайшлося там месца паэту Максіму Танку.
У былых падпольшчыкаў гэта спарадзіла разгубленасць, а ў тых, хто выхавання меў недастаткова, – азлобленасць, адчай і схільнасць да глупстваў. Толькі гэтым я тлумачу, што некалькі нашых кэсээмзэбоўцаў з Гарадка вывелі з кватэр мясцовых настаўнікаў-палякаў (Брыля, Вэбэра, Яворскага, яшчэ двух чалавек) ды на выгане закалолі штыкамі.
Я не бачыў, як гэта адбывалася. Часамі, калі надыдзе на душу, звяртаюся да паралельнага дакумента.
Перада мной фотаздымак з натуры. Чэхаславацкі майстра зняў, як у 1973 годзе рэакцыя чыніла самасуд у Чылі. Аб’ектыў выразна данёс сцэнку, як два маладыя гіцлі штыкамі колюць пяцярых звязаных інтэлігентаў. Каты з паказной бравадай і з натугай садзяць вастрыё сталі ў жывыя целы, а некалькі ахвяр ужо б’ецца ў перадсмяротных сутаргах на траве.
Мінула ўжо паўстагоддзя, а нявінныя смерці на гарадоцкім выгане ўражваюць бяздушнай жорсткасцю да іх. Выпадак не выходзіць з майго сэрца, а розум падказвае: і там людзей знішчылі ўсяго з-за палітычнай кан’юнктуры.
Тым кэсээмзэбоўцам ніхто з нашай улады за мардэрства не сказаў і кепскага слова. Наадварот, выглядала на тое, што ўчынак такі новай уладзе даспадобы. Але гэта абсалютна нічога не змяніла. З-за прыналежнасці ў мінулым да КСМЗБ і КПЗБ зухаў таго злачынства не ўзялі нават у міліцыю.
Эх, калі б толькі з настаўнікамі быў такі выпадак!
Амаль адначасова злодзей з маёй вёскі Іван Парэмскі забіў паляка, які ўцякаў ад немцаў аж з-пад Варшавы. Іван у ахвяры забраў веласіпед, заплечнік з бедным дарожным пайком. Сцягнуў з няшчаснага нават шкарпэткі, якімі потым хваліўся перад дзяўчатамі.
Падобныя Івану тыпы ў суседняй вёсцы Белявічы застрэлілі Пана – так называлі паляка, які прыстаў да мясцовай дзяўчыны ў прымакі адразу пасля сусветнай вайны.
Не хочацца працягваць ганебны спіс выпадкаў самасуду на класавым, палітычным і нацыянальным грунце, якія адбываліся ў першыя дні гэтак званага вызвалення на тэрыторыі да гэтай пары мірнай Заходняй Беларусі амаль у кожнай вёсцы ці мястэчку. Было такое ўражанне, што новыя ўлады падобныя эксцэсы заахвочваюць. I тым не менш, яны адразу заглухлі на фоне падзей больш значных.
У 1940-1941 гадах нечакана, без суда і следства пачаўся гвалтоўны вываз людзей Гарадзеншчыны ў Сібір і Казахстан. Бралі галоўным чынам палякаў. І многа тады вывезлі. Гвалтам адарваны быў ад жыццёвых каранёў кожны дзесяты жыхар Прынёманскага краю. Паводле падлікаў навукоўцаў, усяго з Заходняй Беларусі загрымела на ўсход 400 тысяч чалавек!
Дзесяткі тысяч беларускіх мужыкоў пад камандай энкэўсаўцаў з панятымі прымусілі кожную сям’ю ладавацца з пажыткамі на асобную фурманку ды валачыся на бліжэйшую станцыю. Фурманкамі правілі мясцовыя беларусы. Нашыя мужыкі, вядома, рабілі гэта не па сваёй волі. Тым не менш, і гэты факт паслужыць потым паміж братнімі народамі для новых крыўд і антаганізмаў.
Страшна дзікія сцэны адбываліся тады на Прынёманшчыне. Стаяў роспачлівы лямант і гвалт. Жанчыны рвалі на сабе валасы, а некаторыя здзяйснялі самагубства.
У Сібір адпраўлялі зусім маленькіх дзяцей і знямоглых старых, вырваўшы раптам з цёплых гнёздаў.
Усіх павезлі ў таварных вагонах з закратаванымі калючым дротам аконцамі; павезлі ў дождж, снег і мароз – туды, дзе іх ніхто не чакаў.
Толькі бунту ў нас з-за гэтага не здарылася. Нашыя народныя праўдалюбцы і маралісты як бы яшчэ не прачнуліся. Вельмі нечаканым было ўсё тое і недарэчным, каб у яго нават паверыць.
Разгул НКУС
Адным словам, першы вываз прайшоў у нас не так прыкметна, як таго заслугоўваў. Прычына таму, апрача нечаканасці, – ап’яняючая ўсхваляванасць, першая эйфарыя беларусаў ад уз’яднання, якое раптам звалілася на іхнія галовы, ды водгукі другой сусветнай вайны, што распасцірала ўжо па свеце свае злавесныя крылы.
Яшчэ прычына была тая, што таму, хто хацеў сябе ашукаць, лёгка было знайсці зачэпку для апраўдання, маўляў, перасялялі, галоўным чынам, леснікоў, паштальёнаў, паліцыянтаў, чыноўнікаў, а гэта значыць, людзей у большасці сваёй прыезджых з цэнтральнай Польшчы, якія часта так і не знаходзілі агульнай мовы з мясцовым насельніцтвам. Потым, калі насталі змрочныя дні нямецкай акупацыі, перасяленцам у далёкія краі некаторыя для ачысткі свайго сумлення нават бытта і зайздросцілі.
Вывезеных заадно сем’яў народных умельцаў, кавалёў і стэльмахаў, актывістаў Таварыства беларускай школы (ТБШ) і ўвогуле беларускай інтэлігенцыі ў параўнанні з асаднікамі ды леснікамі было значна менш, а да тэбэшоўцаў сталіністы ў даверлівых людзей паспелі ўжо выклікаць нядобразычлівасць як да нацдэмаў, што азначала – праклятых ворагаў народа. Я і сам, памятаю, не шмат разбіраўся ў беларускіх сацыяльных групах, меў уяўленне аб нацдэмах, як аб нечым агідным ды варожым. Але ўважліваму назіральніку і ў 1940-1941 гадах можна было бачыць няладнае.
Вынеслі бяссудны вырак цэламу пласту народа, выбілі яго з быстрыні нармальнага жыцця, а назаўтра пра гэта – аніякай інфармацыі. Хіба ж так можна?!
У часы Пілсудскага, калі арыштоўвалі людзей, адразу ўсе газеты пісалі пра выпадак: каго ўзялі, за што і на колькі. Яшчэ нават давалі рэпартажы з суда, не абмінаючы вострых ды непрыемных для ўлады момантаў.