У І936 годзе за спробу забойства правакатара Стральчука ў Віленскім акруговым судзе польская ўлада прысудзіла Сяргея Прытыцкага да пакарання смерцю. Але зараз жа сотні тысяч мужыкоў і рабочых – беларусаў, палякаў, яўрэяў, немцаў – выйшлі на вуліцу з патрабаваннем адмяніць смяротны прысуд улюбёнцу народа. Урад прэзідэнта Масціцкага мусіў магутнаму пратэсту падпарадкавацца, але ніводзін чалавек за той спантанны выбух эмоцый не быў пакараны.
Цяпер жа страх было і думаць, каб за каго заступіцца: бунтара такога забралі б адразу, не пакінуўшы і следу. Адначасова з леснікамі, кавалямі, стэльмахамі, беларускай інтэлігенцыяй, якая толькі-толькі нараджалася ды была яшчэ нешматлікай, у Сібір загрымелі асобныя сем’і і былых сябраў КСМЗБ і КПЗБ – таксама без усялякага суда, следства і тлумачэння народу, сваякам, знаёмым.
Напрыклад, з маёй вёскі назаўсёды знік без следу сакратар нашай ячэйкі камсамола Сяргей Лебядзінскі, а яго меншых сясцёр ды братоў – сям’я была надта бедная і шматлікая – праз Сібір жыццё потым раскідала па ўсім свеце, і збіраліся Лебядзінскія да купы гадоў з дваццаць.
З майго Страшава вывезлі тады і сям’ю гімназіста Шуркі Антончыка. Шурка не займаўся палітыкай, нікуды не лез, а ўзрадаваны тым, што гміна плаціла яму за гімназію, старанна вучыўся. Шурка загінуў у лагеры разам з Сяргеем. Яго браты і сёстры, на шчасце, выжылі, але так ніколі і не зразумелі, за што перанеслі столькі пакут.
Хапалі і тых, хто па наіўнасці сваёй не разбіраўся ў новай сітуацыі, неасцярожна прамовіў крамольнае слова ці фразу, як, напрыклад, гарадзенскі Каханоўскі.
У дваццатыя гады гэты выкладчык біялогіі ў гімназіі імя Адама Міцкевіча стварыў для горада сапраўдны заапарк, які і зараз з’яўляецца гонарам гарадзенцаў, бо адзіны ў Беларусі. Пасля вызвалення Ян Каханоўскі выкладаў свой прадмет ужо ў сярэдняй школе, а гарана не мог ім нахваліцца і пры новай уладзе. За добрую працу аддзел народнай асветы нават прэміраваў біёлага пуцёўкай у Мічурынск. Меўся педагог паглядзець там сады, вырашчаныя славутым раслінаводам і селекцыянерам.
Лепш бы той прэміі біёлаг не браў!
Вярнуўся Ян з паездкі, зайшоў у настаўніцкую ды са здзіўленнем сябрам прызнаўся:
– А ведаеце, у тым Мічурынску нічога цікавага не ўбачыў! Амаль такія ж сады пры Польшчы былі ў кожнай павятовай сельскагаспадарчай школе!
Гэтага было дастаткова, каб НКУС арыштаваў яго ў першую ж ноч.
Выпадкаў такіх хапала.
Пакрыўджаныя змагары
Міналі тыдні, месяцы, а кэпэзэбоўцы ўсё больш траплялі пад прэс недаверу і недарэчнай падазронасці. Замест таго, каб даць ім магчымасць наладжваць новае жыццё, аб якім падпольшчыкі так марылі, за што змагаліся і яшчэ не паспелі нават астынуць ад пафасу падпольнай барацьбы, на іх абрынулася абвінавачанне ў скрыўленні лініі партыі, перараджэнні. Новая ўлада, на дзіва, больш слухала тых, хто даносіў на кэпэзэбоўцаў у тайную паліцыю.
I над маёй сям’ёй згусціліся хмары – загаварылі аб нашым вывазе. За лішнюю зямлю. Няважна, што ўлада Пілсудскага цягала мяне за «палітыку» і я спрабаваў уцячы нават у СССР, што бацька за падпольную работу сядзеў тры месяцы ў ваўкавыскай турме. Нас абклалі кулацкім падаткам. Ён быў подлым, бо разлічаны так, каб чалавек ніколі не меў магчымасці яго выплаціць і, такім чынам, даў энкэўсаўцам падставу для абвінавачання ў сабатажы, каб мець зачэпку для высялення ў Сібір як злоснага неплацельшчыка.
Наіўны бацька чуткам такім яшчэ не даваў веры. Думаў, усё ўляжацца і разбяруцца. Таму зацяў зубы ды кідаўся здабываць грошы. Пазычаў, дзе мог, а што меў, прадаваў. Узяўшы мяне з братам, бацька вазіў камяні на новыя аэрадромы ў Свіслачы, Кватарах, Заблудаве, дзе вайсковыя за такі тавар добра плацілі, а камянёў у нас – цэлае поле. З братам Валодзькам ахвотна выбіралі лепшыя кругляшы ды з любоўю абціралі ледзь не кожны каменьчык крысом перад тым, як кінуць на воз. Было такое адчуванне, што сваёй работай мы павялічваем магутнасць СССР і становімся падобнымі да слаўных савецкіх лётчыкаў – статных, жыццярадасных, у сініх мундзірах пад гальштукамі, з новенькімі партупеямі ды малінавымі кубарамі ў пятліцах.
Падатак, нарэшце, бацька гасіў, але яго за кожным разам павялічвалі, і смяротную гульню трэба было пачынаць спачатку.
Змардаваны ўшчэнт, стары летам 1941 года здаўся. Праз месяц-другі мелася адбыцца з ім расправа. Ды тут з бяды выбавіла нашую сям’ю нямецкая акупацыя.
Але вернемся зноў да першых дзён «вызвалення».
Новая ўлада зблізку
Пацвердзілася тое, што да гэтай пары было толькі чуткамі. Усе, хто да 1939 года ўцёк з-пад панскага ярма ў СССР (уцякалі самыя адчайныя, самыя талковыя і аўтарытэтныя!), – даўно ўжо пілавалі лес у Сібіры.
Да таго, людзі, якія прыйшлі з усходу, аказаліся інтэлектуальна як бы абмежаванымі. Справа ў тым, што ў Заходняй Беларусі пры Польшчы сярэдняя школа давала веды асноў Бібліі, сусветных шэдэўраў літаратуры, валоданне замежнай і лацінскай мовамі гэтак, што выпускнікі свабодна на іх размаўлялі. Побач з матэматыкай, фізікай дасканала вучылі нотнай грамаце, маляванню, розным гуманітарным прадметам. Усё гэта адпаведна фарміравала псіхіку маладога чалавека, ён быў усебакова развіты і меў уласны светапогляд.
У бедных жа савецкіх школах, напрыклад, замежную мову толькі «праходзілі». Да людзей высокаадукаваных выхоўвалася чамусьці знявага, варожая нядобразычлівасць, а слова «інтэлігент» з дабаўленнем «гнілы» служыла лаянкай. Іншых прадметаў там увогуле не ведалі ці выкладалі ўсё наадварот. Адным словам, выпускнікі такіх школ выхаванне атрымлівалі недастатковае і як бы перакошанае, што адразу кідалася ў вочы на прышэльцах.
Вызваліцелі былі лішне недаверлівымі і размаўлялі лозунгамі. У кожным адчувалася пыхлівая самаўпэўненасць у сваёй выключнасці. Яны ўсюды гатовы былі бачыць агентаў замежнай разведкі і на кожным кроку падкрэслівалі, што чалавек савецкі стаіць на галаву вышэй за любога выхадца з буржуазнага грамадства, – гэта ж гаворыць не хто-небудзь, а сам таварыш Сталін, а ён ніколі не памыляецца.
Усё ім не падабалася. I нашая мова. І тое, што бабулі ходзяць да касцёла, царквы, а некаторыя мужчыны, спатыкаючыся, здымаюць адзін перад другім шапкі. І канфігурацыя шапак была не такая. І кепска было, што званы сярод белага дня трызвонілі. Што пасля смерці блізкага чалавека чорную павязку на рукаве носяць цэлы год...
Менавіта непрыняцце тысячы падобных фактаў як бы і давала ім права лічыць сябе на цэлую галаву вышэйшымі за нас.
А ўсе яны былі вялікія мастакі да лаянкі ды ахвотнікі да гарэлкі.
У нашага народа самым ходкім словам, каб выказаць свае адмоўныя адносіны да чаго-небудзь, служыла «халера». Назву гэтай хваробы вар’іравалі на розныя лады. I п’яніцы ў нашых людзей не былі ў пашане. Калі ж выдараўся такі селянін, яго кляймілі ганебным словам – лайдак, і дзяцей ім палохалі. Землякі мае (а як жа!) выпівалі – на Каляды, Вялікдзень, Сёмуху і Новы год. Выпівалі яшчэ на хрэсьбінах ды вяселлях. I пілі толькі кілішкамі.
Хутчэй можна было спаткаць іншапланецяніна ў жніво, сенакос, чым каго пад чаркай.
Прыезджыя напоўнілі адразу крамы скрынямі з таннай гарэлкай, прывезлі звычку піць шклянкамі ды ў любы дзень, як і ў кожную пару года, а за сталом ў такіх выпадках гучаў мат-перамат, ад якога вушы вянулі.
Армія таксама выклікала здзіўленне. З аднаго боку, вялізныя танкі і трактары, што валаклі гарматы. Поўнае неба самалётаў. Але ж, з другога, чаму савецкія аэрапланы лётаюць аж так памалу? З’явіцца на небе эскадрылля чатырохматорных тупарылых бамбардзіроўшчы-каў, то аж забаліць шыя, пакуль перапаўзуць з канца ў канец па небе. Куды ім па хуткасці да самалётаў нямецкіх!