Перад тым, як выскачыць з атэлье, Каганецкі, з ружжом за спінай, прыпыніўся, каб сарваць са сцяны партрэт Багуславы.
Вецер збіваў з ног, цемра наплывала на горад, дзе яе было досыць у сэрцах. Сухую лістоту гнала па дарозе, як быццам ратаваліся ад будучага белага патопу зімы казачныя істоты, падобныя да гномаў.
- На адным кані далёка, вядома, не заедзем, - з сумнівам прагаварыў Каганецкі, сядлаючы свайго белага Баярда. - Але за горад як-небудзь выбярэмся, галоўнае - да карчмы дабрацца, там рамізнікі заўсёды спыняюцца.
Калісьці Багуслава разглядала малюнкі ў рыцарскіх раманах і ўяўляла, як, падобна іншым прыўкрасным дамам, стане падарожнічаць на адным кані са сваім рыцарам, гэтак грацыёзна седзячы побач. Рыцар быў, хаця й трохі кульгавы і без латаў, конь меўся, і нават белы, але сядзець удваіх у адным сядле аказалася страшэнна нязручна і мулка. Шымон кінуў на сядло складзеную папону, пасадзіў Багуславу перад сабой, абняў адной рукой:
- Пацярпі...
Патрапаў па шыі каня:
- І ты пацярпі, дарагі... Нейкі час будзе цяжкавата.
Грацыёзнасці відавочна не хапала. Затое збоку выкраданне нявесты
выглядала як належыць, рамантычна.
Чым бліжэй яны пад’язджалі да другога канца горада, дзе месцілася кніжная лаўка, тым больш прыцемак расквечваўся барвовым і памаранчавым, неба пералівалася рознымі колерамі амаль па-святочнаму, але гэта было страшнае свята.
Яны ўжо амаль даехалі да ўскраіны, калі пачуўся адчайны крык:
- Супакойцеся, людзі! Успомніце, што вы не звяры! Што вы робіце, у доме жанчыны, старыя!
У адказ - бязладны гул грубых галасоў.
- Гэта Давыд!
А голас адчайна гарлаў:
- Людзі, суседзі! Дапамажыце! Не сядзіце, як здрайцы, не адседзіцеся па норах сваіх! Усе разам абаронімся!
Не трэба было ні аб чым адно з адным дамаўляцца, тлумачыць, пераконваць. Шымон павярнуў каня...
Першае, што яны пабачылі - языкі полымя высоўваліся з вокнаў, быццам у будынак загналі велізарнага звера, які там цалкам не змяшчаўся. Агонь уладарыў у разбітай вітрыне, ад статуі Мінервы застаўся толькі гіпсавы друз. Яшчэ больш дзіўным і вычварна-святочным рабіла пейзаж, што ўсё навокал было ўсыпанае белымі аркушамі паперы - у краме гандлявалі і канцылярскімі таварамі. Нехта, відаць, забаўляўся, учыняючы штучную завіруху, таму што нават ясень, які рос ля крамы, побач з самай дарогай, быў нібыта ў сумётах: у ягоныя густыя галінкі з сухімі рудаватымі завушніцамі паначаплялася паперы, аркушы трымцелі на вятры, як белыя хустачкі тых, хто хоча здацца на літасць ворага.
Агонь шалеў. Людзі, што стаялі вакол, некаторыя з паходнямі ў руках, пачыналі адыходзіцца падалей. Мяркуючы па не вельмі асэнсаваных тварах, перад “праведнай справай” ачышчальнікаў добра пачаставалі дармовай гарэлкай. Яны тапталіся па разадраных кнігах з абвугленымі старонкамі. Сярод гэтых кніг знаходзіліся, напэўна ж, працы прафесара Каганецкага.
- Так і трэба фармазонам! - віскнуў нехта, але крык не падхапілі. Проста змрочна паглядалі, як бы баючыся таго, што нарабілі.
- Вызваліце дзверы, нягоднікі! - у вакне паказаўся бледны твар Давыда. Вось яно што! Аўтадафе - гэта ўжо зусім не па-людску...
А пажарныя нібыта не бачаць! Ясна, знаку начальства не падае. Кніжная крама трохі наводдаль ад іншых дамоў, спадзяюцца, што згарыць “гняздо вальнадумства” без аніякай шкоды і “ў назіданне” іншым.
У паветры прагучаў стрэл. Людзі заазіраліся...
Белы конь змусіў нападнікаў разарваць кола. На кані прыскакалі двое: мужчына з гнеўным смуглявым тварам, шэрыя вочы яго свяціліся гневам, і дзяўчына з кароткімі чорнымі валасамі, гнуткая і спрытная, як змяюка. Абое саскочылі на зямлю проста перад крамаю, мужчына наставіў на натоўп ружжо:
- Разыдзіцеся! Вы што, на катаргу захацелі? Душагубцамі зрабіцца? Людзей жыўцом паліце?
У разбітай, разрабаванай краме за ягонай спінай вар’яцеў агонь, і прайсці праз яго было немагчыма. А дзверы збоку, якімі карысталіся жыхары дома, чые пакоі месціліся на другім паверсе, былі сапраўды заваленыя - да іх нацягалі ламачча, прыпёрлі перакуленай лаўкай. Багуслава таропка пачала расцягваць завал.
- Гэта таксама сацалісты! Фатографка-курва! - правішчэў голас злева з-за спінаў. - Бі іх!
Граф яшчэ раз стрэліў у паветра, цэлячы вышэй галоваў.
- А ну, разысціся! - грымнуў ён такім голасам, якім, напэўна, звык уціхамірваць дзікіх драпежнікаў. І двухногія драпежнікі горада Б* таксама трохі прыціхлі, пасунуліся назад, той-сёй і заазіраўся, ці праўда не сысці.
- Пан Шымон, злева! - крыкнуў Давыд і шпурнуў з вакна цяжкі прадмет, магчыма, падсвечнік, туды, адкуль таксама пачуўся стрэл - нехта з нападнікаў быў узброены.