Шымон адразу захінуў сабой Багуславу, якая, спяшаючыся, расцягвала завал. Граф справіўся б з гэтым хутчэй, але дужы суровы мужчына з ружжом уздзейнічае на натоўп куды лепш, чым танклявая дзяўчына з пісталецікам. Мігатлівыя водсветы пажару надавалі смугляваму чалавеку з перабітым носам падабенства з жалезнымі кандацьерамі і ландскнехтамі, сабакамі вайны сярэднявечча.
- Вар’яты!
У адказ у графа паляцеў камень. Спалоханы Баярд іржаў, біў капытамі, кідаўся па двары, таксама спрыяючы таму, што мярзотнікі адбегліся падалей.
На шчасце, дзверы ўдалося вызваліць. З іх адразу вываліліся задыханыя, заперханыя ад дыму людзі - сівы мужчына хіліў да сябе пераляканую немаладую кабету ў каптуры, другі, маладзейшы, хаваў за сабой хлопчыка гадоў дзесяці. Выбег і Давыд, наставіўшы на нападнікаў сапраўдную масайскую дзіду, упрыгожаную пукам рознакаляровых стужак, з шырокім лязом-наканечнікам. Рудыя валасы кніжніка смешна тапырыліся.
- Усё жыццё марыў, каб мяне вызваліў з асаджанага замка рыцар на белым кані, ды яшчэ разам з прыўкраснай дамай!
Этнограф не быў баязліўцам.
- Масевіч, выводзь сваякоў, мы затрымаем гадаў! - крыкнула Багуслава, пад прыкрыццём паваленай на бок лаўкі выхапіла пісталет і стрэлам збіла картуз з высокага хлапца. Шымон прыстроіўся побач і выбіў куляй у бялявага мужыка дручок. Мужык войкнуў і кінуўся прэч, схапіўшыся за руку. Другія нарэшце таксама ўсвядомілі небяспеку і шуганулі ўбакі, хаваючыся за дрэвы.
- Вось так і будзем хадзіць разам на паляванне ў джунглі, - задаволена прамовіў Каганецкі.
Багуслава зноў на хвілю ўявіла - якім можа быць жыццё разам з Шымонам, і ажно туга па тым, няздзейсненым, перахапіла дыханне. Вось яны едуць конна па дарозе, дзесьці высока ў гарах, сонца ўзыходзіць, вакол ціха-ціха, паветра свежае, як сырадой, і так спакойна, так шчасна...
Вецер падхапіў чырвоныя штандары полымя, што высоўваліся з вокнаў блюзнерскага дома, і яны прагна выцягнуліся, загулі... Гарачыня рабілася амаль нясцерпнай, Багуслава адчувала, як ледзь не патрэскваюць ад жару валасы.
- Разыходзьцеся, людзі, Хрыстом Богам прашу! - пракрычаў Каганецкі. - Хопіць на сёння! Ідзіце па дамах, спаць!
Нападнікі бязладна загарлалі з-за плота, брудная лаянка мяшалася з пагрозамі ў бок сацыялістаў, іншаверцаў, іншаземцаў ды іншародцаў. Рэйд па выкараненні вальнадумцаў пагражаў перарасці ў пагром. Ачмурэлыя ад гарэлкі, гвалту і ўсведамлення слушнасці сваёй місіі тубыльцы не жадалі заканчваць начное свята. Багуслава пацэліла ў паходню ў руцэ высокага хлапца ў кажуху, і той ад спалоху і злосці шпурнуў яе ў бок сацыялістаў. Палка, абматаная прасмоленай палаючай анучай, застрала ў галінах ясеня. Адразу ж успыхнулі сухія галінкі і папяровыя лісты, што застралі ў іх, дрэва цяпер нагадвала вогненныя валасы багіні пекла...
І, як на бяду, усчаўся страшэнны вецер... Такі, які ломіць слабыя дрэвы і слабую волю падарожных. Вогненныя аркушы сарваліся з галля і паляцелі ў паветры, быццам лісты са скаргамі да анёльскага войска... Анёлы ж не толькі рахманыя ды замілаваныя. Сярод іх ёсць ваяры з вогненнымі мячамі ў руках, гатовыя да сканчэння свету караць зло.
- Княгіня Вольга так знішчыла горад драўлянаў... - нервова прагаварыла Багуслава. - Прывязалі вераб’ям пукі саломы, падпалілі - і ўсе стрэхі ў хуткім часе загарэліся...
- І нейкая вышэйшая справядлівасць у гэтым ёсць... - прамовіў Шымон, назіраючы, як расцвітаюць злавесныя чырвоныя кветкі на дахах дамоў па ўсёй вуліцы.
Вось цяпер звон пажарнай часткі аж захлынаўся, галосячы ва ўсё жалезнае горла... З’явіліся аднекуль і жаўнеры з крыкам: “Разысціся!”.
Але пакуль тое настане, спіна калом стане. Вогненныя вершнікі скакалі над горадам, вецер шалеў, і хаця дзесьці згушчаўся прыцемак, тут было светла, як днём... Пакуль дым не прыбіўся да зямлі, як цмок. Але нават скрозь ягоную смярдзючую завесу бачылася, як дом за домам станавіліся ў вогненныя шыхты.
Нарэшце вогненны парад скончыўся, але гэта было дужа эфектнае заканчэнне - як феерверк у фінале балю. У канцы вуліцы светлы слуп з шумам узняўся ў неба, быццам чарговы прарок удастоіўся размовы з анёламі.
- Завод гарыць!
Пад адчайны перазвон праехала падвода з бочкай, паскакалі конныя пажарныя.
Вуліца ажыла, адкрываліся вокны, дзверы, сплоханыя месцічы выбягалі з дамоў і адчайна прасілі дапамогі, адразу забыўшыся, як толькі што не зважалі на такія ж крыкі.
Вось калі горад Б* горка пашкадаваў, што не захацеў бараніць бліжніх сваіх ад купкі мярзотнікаў, што вырашыў ахвяраваць часткай сваёй душы дзеля абяцаных царскіх кубкаў. Маленькая ранка выявілася перарэзанай артэрыяй... За маўклівую зраду належала заплаціць.
Але плаціць не хацелася нікому. Асабліва начальству - вось нейкія ў мундзірах і паліто, перагаворваюцца, заскокваюць у экіпажы, мітусяцца, вырашаюць, што рабіць, хто акажацца вінаватым.
Бо рахункі былі буйныя: амаль дабудаваны супер-завод, мяркуючы па ўсім, палаў так, што добра, калі падмуркі застануцца. З ім згаралі надзеі на росквіт мястэчка, прыток капіталаў, уласную чыгуначную станцыю, кафэшантаны, тэатры і казіно... І, вядома, на візіт прадстаўніка імператарскай фаміліі, ухвалы з Пецярбурга і Масквы, ордэны і пасады, урачыстую цырымонію і грандыёзны баль, дзеля якога мясцовыя паненкі ўжо развучвалі вальсы, а шляхцюкі замаўлялі сурдуты.
Адчай, як вядома, абвастрае чуццё ў прыняцці рашэнняў. І вінаватыя былі знойдзены.
- Сацыялісты завод падпалілі! Вунь яны, фатографы!
Папраўдзе, фатографка была адна, але галоўнае, егеры гукнулі: “Ату!”
Багуслава ледзь не зарагатала ад абсурду сітуацыі. Бедны Шымон, тэрарызм, аказваецца, заразны, як і лікантропія.
А яна ўжо спадзявалася, што ім зараз, у агульнай паніцы і неразбярысе, удасца ўцячы... І зноў апынуліся ў становішчы абкладзенага звера, тым больш да ўзброеных калацінамі бабаяў мусілі далучыцца жаўнеры.
Ясна было, што іх задаволяць і трупы тэрарыстаў. Ад Ігната Грынявіцкага, які ўзарваў Аляксандра Другога, ім досыць было адной галавы - якую заспіртавалі і паказвалі на допытах сведкам.