Гэта ў яго ад голаду. Аслаб. Нічога страшнага, зараз пройдзе, малады, здаровы! — па-мужчынску скупа гаварыў Левандоўскаму ўрач у белым халаце, трымаючы мяне за пульс.
Але ж дзіўна! Ён так выдатна правёў два раунды!
На нервах,— нездаволена буркнуў доктар.— На вайне людзі ў стане нервовага ўзбуджэння без ног нават ходзяць. Нічога тут няма дзіўнага — сіла эмоцый!
Янэк, ну як! — убачыўшы, што я расплюшчыў вочы, з дакорлівым спачуваннем спытаўся трэнер.
Я вінавата нешта прамычаў ды паспрабаваў узняцца з канапы — але дзе там! Цела было нібы чужое, у галаве памутнела зноў.
Ляжаць! — сурова загадаў урач, схапіў мяне за плечы ды прыціснуў да канапы.
Хіба ж у цябе не было чаго есці? — шчыра дзівіўся трэнер.— Твае ж бацькі — гаспадары, маюць зямлю!.. Чаму ты мне не гаварыў ніколі, што галадаеш? Знайшлі б спосаб, каб не галадаў!
Я толькі пакруціў галавой.
Ну, хопіць ляжаць. Уставай і скончы сустрэчу з капралам!
Пра гэта не можа быць і гаворкі! — катэгарычна заявіў доктар і напаў на трэнера:— Вы сваіх спартсменаў хоць бы кармілі перад выступленнямі, інакш пазаганяеце ў сухоты. Гэта ўжо не першы выпадак!
Божа свенты, такую сустрэчу змарнаваць і аддаць пяршын-ства гэтай смярдзючай гарыле! — не ўнімаўся Левандоўскі, у адчаі хапаючыся за галаву.— Пане Ліпец, можа, дасце ўкол, каб ён вытрымаў яшчэ адзін раунд? Адно адзін! На Захадзе допінгі — звычайная рэч!
Як урач зрабіць гэтага не магу! — катэгарычна адказаў доктар, шукаючы ў мяне пульс.
То што ж будзе? — спытаўся я ў трэнера шэптам.
Нічога. Усё прапала. Да наступнага года, мой дарагі, разумееш?
Давялося зразумець.
За сцяной увесь час стаяў страшэнны свіст і грукат. Прыбег пажарнік і закрычаў:
Пане трэнер, пане доктар, ідзіце хутчэй!
Што там яшчэ?
Цывільныя счапіліся з вайсковымі, Рынг разламваюць! Суддзяў б'юць! Ратуйце іх!
У чым справа?
Аб'явілі капрала пераможцам, вось яны ўсе і рынуліся на памост! Вяроўкі паразрывалі, прэнты выкручваюць! Капрала прыціс-нулі ў праходзе, здзерлі майку і піўной бутэлькай галаву расквасілі!
Доктар схапіўся ды паляцеў у залу.
Нічога,— вяла праказаў Левандоўскі.— Паліцыя сама навядзе парадак, там жа ёсць іх група... Янэк, ты плачаш?
Не...
Я адвярнуўся тварам да сцяны, а ў самога перад вачыма — вузкалобы, якому суддзя на рынгу паднімае руку ў знак перамогі.
Усе спадзяваліся, што пасля спаборніцтва ваявода прыме ў сябе пераможцаў. Мая фантазія ўжо малявала, што я, нібы той беларускі паэт мінулай восенню, сустракаюся ў ваяводы з Янкоўскім. А цяпер... На табе!
9
Хоць і няёмка прызнавацца ў такіх рэчах, але, як кажуць, з песні слоў не выкінеш. Пасля кожнай трэніроўкі ў мяне абуджаўся такі апетыт, што я адчуваў страшэнныя пакуты.
Грошы, якія прысылалі бацькі, цяпер ішлі на плату за курсы. Харчаваўся я тым, што прыходзіла ў пасылках з дому спачатку раз на тыдзень, а цяпер адзін раз у два тыдні. Я акуратна дзяліў усю ежу на чатырнаццаць частак, але ніколі не вытрымліваў. I сыты бываў адно першы тыдзень.
Часам на трэніроўцы, бачачы, як тыя, у каго шаўковыя майкі, трусы з кішэньчыкамі, модныя тапачкі, хрумстаюць з апетытам ша-калад ці халву, я адчуваў, як у мяне сцягвала сківіцы, па целе прабягалі дрыготкі, а скура рабілася вялай. Але я не паддаваўся і цешыў сябе — даб'юся свайго, ад'емся.