А колькі за гэты час прамільгне ў яго перад вачыма вобразаў, успамінаў.
Мой праціўнік зноў наблізіўся ўпрытык. Карыстаючыся тым, што суддзі супакойвалі балельшчыкаў, ён цыркнуў мне слінай у вочы. Вузкалобы хацеў мяне асляпіць ці вывесці з раўнавагі, але я не аслеп і на зачэпку не паддаўся.
Ужо ваду пускаеш! — пакпіў я толькі.
Тады ён прымяніў трук неспадзяваны. Калі мы сышліся трэці раз, Рыжы замахнуўся правым сярпом, знарок абмінуў цэль, а потым, нібы адводзячы назад руку, трэснуў мяне локцем у пераносіцу. Ну, з мяне было дастаткова!
Ва мне абудзілася страшэнная злосць. I я з усяе моцы ўдарыў вайскоўца ў дыяфрагму.
Ух! — выдыхнуў ён і адступіў, выставіўшы доўгія ручышчы, як упоры, каб трымаць мяне на дыстанцыі. Але я быў дужэйшы і цяпер умеў карыстацца сваёй сілай.
Гу-у-у!— зараўла аўдыторыя, калі Рыжы першы раз апынуўся на брызенце ў накдаўне.
У куток!— пагнаў мяне суддзя, бачачы, што я ўжо раз'юшыўся.
Суддзя стаў адлічваць секунды, а я толькі стаяў і не верыў сваім вачам: няўжо гэта ў мяне пад нагамі валяецца ненавісны Рыжы?
Валяўся ён!
Не падабаюцца мне твае фіялетавыя плямы,— кінуў знізу Левандоўскі.— Нібы ў саракагадовай бабы на вятру!..
Глупства! — адмахнуўся я рукавіцай.
Толькі спакойпа! Толькі, прашу цябе, не пары гарачкі, не зазнавайся! — маліў трэнер.
Ладна, як яно ўжо бу-удзе!..
Сем, восем... Но, пайшоў, бокс! — загадаў суддзя капралу, калі той быў ужо на нагах.
Але тут прагучаў гонг, і мы пайшлі адпачываць. Аб'явілі пачатак другога раунда, і ў зале закрычалі:
Куды Рыжы ідзе, глядзіце!
Гарыла, пашлі каго прынесці падушкі, каб мякчэй было падаць табе!
Волат, не шкадуй яго, бэнцні ў сківіцу яшчэ раз! Толькі адзіны раз!
Болек, пся крэў, дзе твая форма?! — патрабавальна раўлі вайскоўцы.
Морду набіць табе мала!..
Рыжы раззлаваўся, перастаў валодаць сабой і бяздумна палез на мяне, абдаючы хваляй церпкага поту. Ага, гатоў, галубок!..
Да канца другога раунда я адводзіў сваю душу. За кароткі час капрал падаў некалькі разоў. То на пяцёрцы паднімаўся, то на тройцы, то на двойцы, то стаяў нават на каленях — я гульню гэтую знарок цягнуў, каб нацешыцца.
Дзэн-н! — нечакана прагучаў гонг.
Ладна, у трэцім раундзе цябе даканаю.
Во, глядзі сюды! — сказаў я Рыжаму і ткнуў нагой у месца, дзе калісьці я першы раз упаў на брызент.— Ляжаш тут зараз як міленькі!
Але са мной пачало адбывацца нешта нядобрае.
Неспадзявана заімгліліся вочы. Спачатку я падумаў, што гэта ад поту, і падаўся ў куток на адпачынак. Ды раптам мяне апанавала дзіўная млявасць, зала з людзьмі загойдалася. На хвіліну здалося, што я лячу ў паветры і мне надзвычай хораша, а нешта салодкае ды цёплае разліваецца па жылах. Потым стала ціха, і я ўжо не чуў, як грымнуўся на памост.
8
Апрытомнеў я ў гардэробе. Нада мной схіліліся людзі.