Божа мілы! У мяне так была распаласавана калашына, што віднелася лытка. З чаравіка брыдка вытыркалася шэрая ануча.
Халера! — спыніўся я заклапочаны.
Штаны ў мяне былі адны.
Трэба зашыць, як ён пойдзе так?— добразычліва вырашыла цётка Антося.— Данка, прынжі чорных нітак з камоды, счаплю кавалеру!
Зараз! — паненка ахвотна і, як мне здалося, вельмі добразычліва кінулася ў пакой.
Што вы, я тут побач жыву! — пракрычаў я ёй услед.
Але паненка не вярнулася.
Мне зрабілася горача.
Выпусціце мяне, калі ласка, там сабака! — узмаліўся я, яшчэ не могучы паверыць, што ўсё гэта здарылася наяве, што пацярпеў такі правал.
Хадзем! — зжалілася цётка.
Я ўжо даўно быў не рады, што пачаў авантуру. Крочыў за слу-жанкай прыніжаны, пакрыўджаны, нібы ў генералавым доме на мяне наплявалі.
«I куды ты лезеш? Каторы раз атрымліваеш па носе, навошта табе гэтыя фокусы?» — гаварыў ва мне нехта разважлівы.
Але зараз жа мяне апанавала злосць.
«Ну, пачакай жа ты, буржуйка!..» — сціснуў я кулакі.
5
Па тагачаснаму звычаю, калі салдаты неслі палкавы сцяг, мужчыны павінны былі здымаць галаўныя ўборы. Але я ніколі не здымаў. А каб не трапіць у каталажку, вайсковыя часці абмінаў здалёк або прапускаў іх, схаваўшыся ў краму ці за вароты.
I трэба ж было так здарыцца, каб, выходзячы з генеральскага дома, я наткнуўся на салдат. Наперадзе калоны неслі палкавы сцяг. На чале — афіцэры з шаблямі, вынятымі з ножнаў і прыстаўленымі да пляча. Мужчыны на тратуарах паздымалі капелюшы і кепкі. Уцячы куды-небудзь? Дудкі! Хавацца на гэты раз не буду, няхай валакуць на пастарунак.
На мяне ўжо шыкаў нейкі тып з капелюшом у руках, а я ўпарта крочыў наперад.
Ой, пане, здыміце шапку!— папярэдзілі ўстрывожаныя жанчыны.
Я — хоць бы што. Калона пабліжалася.
Здэйм чапкэ, галгане!— выскачыў да мяне з калоны маладзенькі паручнік. У яго руках бліснула шабля.
Раззлаваны афіцэр не жартаваў; але на мяне ўжо глядзелі ўсе: прысутнасць людзей акрыляла, і цяпер я, вядома, зняць шапкі аніяк не мог. Інстынкт самаабароны падказаў словы:
А мне трэба туды...
Хі-хі-хі-хі! — засмяяліся ў натоўпе.
Я пасыльны з ліцэя, пусціце, мушу пакет тэрмінова занесці Маліноўскім!..— паўтарыў я з нейкай дзіцячай упартасцю і ажно сам паверыў, што сапраўды трэба ісці туды, а мяне вось не пускаюць.
Афіцэр палічыў мяне за прыдурка.
Ідыёт! — паручнік з усяе моцы ўдарыў мяне тыльнём шаблі па плячы і збіў шапку.
Не паднімаючы яе з тратуара, я падаўся далей. Было няёмка, што прыкідваюся дурнем. Ад злосці захацелася плакаць. Як адпомс-ціць за здзек? I на памяць мне прыйшоў сабор Свята Духа.
Мітрапаліт варшаўскі Дзіяніс, выслугоўваючыся перад панскім урадам, загадаў папам чытаць пропаведзі і пець малітвы ў царквах па-польску. Праваслаўная Вільня заварушылася. Сёння раніцой да маёй гаспадыні прыходзілі багамолкі. Цёткі вандравалі па хатах і падбівалі людзей, каб перашкодзіць папам выканаць ганебны загад мітрапаліта. Убачыўшы ў мяне на сцяне партрэт Дастаеўскага, старыя падумалі, што гэта ікона, і памаліліся на Фёдара Міхайлавіча, толькі таму я і звярнуў на іх увагу. Цяпер жа ў іхнім пратэсце я ўба-чыў тое, чаго якраз патрабавала мая душа. Я накіраваўся ў сабор на вячэрню.
А там ужо пахла бурай. Звычайна пустую залу бітком напоўніў народ. Людзі з пагрозай шушукаліся, нервова чакалі малебства. Ля алтара няўпэўнена тоўпіліся маладзенькія попікі.