— Сям’я мая расейскамоўная, і беларускамоўнага мэтаcкіраванага выхавання ніколі не было. Хутчэй закладаўся нейкі дух пярэчання. Калі б не ён, то, можа, існавала б сабе спакойна і не шукала прыгодаў на сваю псіхіку.
Мы жывем, ставім сабе пытанні, шукаем на іх адказы, спрачаемся з іншымі. Быць беларусам — гэта спрачацца са сваім расейскамоўным наваколлем. Быць беларусам — гэта адольваць свой шлях, які, магчыма, падштурхне іншых людзей рухацца да беларускасці.
Да пэўных рэчаў чалавек даходзіць сам, чытаючы кнігі, школьныя падручнікі. Пазней усе веды гуртуюцца ў нешта адно цэлае, і тады табе трэба вырашаць, хто ты ёсць і навошта? Для мяне апошнім штуршком да беларушчыны стаў пераезд на навучанне ў Менск, дзе з’явіўся беларускамоўны асяродак і з гэтага магчымасць перайсці на родную мову. У Рагачове, маім родным горадзе, гэта было б цяжка.
Жаданне быць беларускай — гэта, па-першае, маё жаданне быць сабой. Запаў у памяць выраз: «Чалавек можа цалкам рэалізаваць свае рэсурсы — інтэлектуальныя, маральныя, духоўныя, — толькі размаўляючы на роднай мове». Гэта былі словы выкладчыцы. Тады, на першым курсе, і пачаўся пераход на беларускую мову. Пры тым, што навучалася на расейскай філалогіі. Група была ў шоку. Першы дзень яны пыталіся, што са мной здарылася, другі дзень пасмейваліся, на трэці сказалі, што гэта ўжо не смешна, а цяпер прымаюць як факт.
Андрэй Саротнік: Супрацьпастаўляць сябе іншым
— Нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, быў узорным піянерам, але ўжо тады ўва мне прабіваўся беларускі нацыяналізм: беларускі сцяг праз яго арнамент я лічыў самым прыгожым са сцягоў СССР. У восем гадоў я ўжо ўспрымаў футбол як спаборніцтва, і калі «Дынама-Менск» гуляла ў фінале з «Дынама-Кіевам» і прайграла, то я плакаў, таму што прайгралі нашыя.
Дома ў нас была добрая бібліятэка. Я чытаў Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Вучыўся ў беларускай школе. Таму для мяне не стаяла пытання, ці беларуc я? Між іншым, у дзяцінстве чытаў беларускія, татарскія, туркменскія народныя казкі, але туркменам не стаў, а стаў беларусам.
Мне далі ў школе медаль, і ён з «Пагоняй», як і атэстат. Мусіць, з апошніх запасаў. У 1995 годзе, калі нацыянальную сімволіку змянілі на падобную да савецкай, я прыехаў у Менск вучыцца. Як любы вясковы хлопец, я адаптаваўся да асяродку: перайшоў на расейскую мову. А потым была вясна 1996 году, пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту. Студэнты — яны заўсёды пратэстуюць… Тады я і паспрабаваў вярнуцца да беларускай мовы, але цалкам не атрымалася. Цяпер карыстаюся, бывае, і расейскай.
Быць беларусам — гэта супрацьпастаўляць сябе расейскамоўным не ў тым, дык іншым сэнсе. Беларускасць найбольш заўважна праяўляецца праз мову, хаця гэта і не галоўная адмета.
Глеб Хамутоў: Я хацеў быць не як усе
— Падлеткам я адчуваў сябе большасцю: слухаў тое, што ўсе, глядзеў тое, што ўсе. Я разумеў, што гэта няправільна, што так не павінна быць. З гэтага пачаў шукаць нешта, што б мяне адрознівала ад большасці ў розных сферах жыцця. У беларускай мове найперш прывабіла яе пэўная элітарнасць.
Пошук альтэрнатывы прывёў да беларускамоўных кніг, людзей, музыкі і г. д. Неяк мяне запрасілі ў тусоўку, дзе ўсе размаўлялі на беларускай мове. А я не мог сказаць ані слова! Гэта мяне моцна засмуціла. Недзе ў 2007 годзе пачаў зрэдзьчас размаўляць па-беларуску.
Затым неяк у школе цэлы дзень гаварыў толькі на беларускай мове. У мяне паўжартам спыталі: «Ты цяпер заўсёды будзеш па-беларуску размаўляць?». Я тады падумаў: «А чаму б і не?» Той момант стаў для мяне катарсісам. З той пары і навярнуўся на мову. Для большасці маіх знаёмых гэта быў шок — мой пераход на беларускую.
Я максімаліст, таму не разумею людзей, якія лічаць, што размаўляць з усімі і заўсёды па-беларуску — гэта ўчынак. Разам з тым я ўсведамляю, што найлепей заахвоціць людзей да мовы, беларускай культуры можа толькі ўласны прыклад. Калі ты сам размаўляеш па-беларуску, калі ты паказваеш сваю ўнутраную сілу, людзі ідуць за табой. І тады важнай становіцца не толькі мова. Калі пры гэтым ты якасна робіш сваю працу, то людзі пачынаюць з павагай ставіцца і да беларускай ідэі.
Ксюша Юшына: Я аcэнсавана выйшла з інфармацыйнага вакууму
— У 1995 годзе маці аддала мяне ў беларускамоўны клас. З гэтага і пачалася мая беларускасць. Дома мне ніхто па-беларуску размаўляць не забараняў, усе паставіліся досыць прыязна, за што маім хатнім вялікі дзякуй.
Самае цікавае, што ў сваім выбары маці турбавалася не пра маю мову, а каб я не трапіла да злой класнай. Гэтая настаўніца літаральна «тэрарызавала» клас маёй на год старэйшай сястры, але працавала яна выключна з расейскамоўнымі вучнямі.
Вось так родная мова ўзяла мяне пад ахову ўжо з маленства. Дзіўная выпадковасць. Хаця не, нічога выпадковага не бывае.
Але працэс усведамлення сябе як часткі нацыі адбываўся ўжо ў пару майго сталення. Я аcэнсавана выйшла з расейскага інфармацыйнага вакууму, у якім раней знаходзілася, і беларуская мова пераможна запанавала ў маёй галаве.
Цяпер я ў сферы, вельмі далёкай ад усяго «беларускага», і хто мяне блізка не ведае, дык лічыць, што проста я навучалася на філфаку ці гістфаку. Але гэта ўсё ад стэрэатыпаў, а я вельмі люблю парушаць стэрэатыпы.
Быць беларусам для мяне — гэта ўсведамляць сябе часткай вялізнай сям’і, імя якой — беларусы. І тут нельга не сказаць пра мову.
Кожны сам абірае, на якой мове яму «любіць сваю Радзіму», і я не хачу нікога прымушаць, але ж калі мы жадаем захаваць сябе як нацыю, пагарджаць роднай мовай недапушчальна.
Для мяне тут самае галоўнае тое, што дзякуючы беларускай мове я знайшлася ў гэтым свеце і цяпер па-сапраўднаму адчуваю сябе шчаслівай.
Вераніка Бурак: Быць сабой
— Мае бацькі, прабабулі і прадзядулі паходзяць з Цэнтральнай Беларусі, таму я беларуска паводле паходжання.
Я не патрапіла ў дзіцячы садок, і маім выхаваннем займаліся прабабуля і бацька. Прабабуля нават не ведала рускай мовы, размаўляла на сумесі беларускай і польскай. У дзіцячыя і школьныя гады я шмат часу бавіла ў вёсцы — гэта таксама пакінула свой адбітак. На вёсцы я гаварыла па-беларуску ў знак пратэсту. Бо мясцовыя хлопцы і дзяўчаты перада мной пачыналі размаўляць па-расейску (натуральна, з беларускім гэканнем, дзеканнем, цеканнем). За такую «добрую» звычку я атрымала не вельмі добрую мянушку.
Мая цётка жыве ў Віцебску, і я да яе езджу ў госці. А яе сыну вельмі не падабаецца беларуская мова. Таму раней кожны раз, калі я прыязджала і ён ішоў са мной побач, я пачынала на чысцюткай беларускай мове гучна размаўляць на ўсю вуліцу. Ён уцякаў на іншы бок і крычаў, што не ведае мяне.
А яшчэ праз мову праяўлялася маё падлеткавае жаданне вылучыцца з натоўпу. Тых, хто размаўляе і жыве па-беларуску (думае па-беларуску, праяўляе сябе беларусам), у нас адзінкі, раўнуючы з астатнімі.
Бацькі да маёй беларушчыны ставіліся спакойна. Больш за тое, яны мяне падтрымлівалі і падтрымліваюць.
Але насамрэч усведамленне сябе як беларускі (а не пратэст, не жаданне вылучыцца з натоўпу), пачало фармавацца толькі ў старэйшых класах.