Вольга Рудніцкая: Кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая
— Тое, што я люблю Беларусь і што мне не ўсё роўна, што з ёй адбываецца, я зразумела ў школе. Гэта быў цудоўны час адраджэння, калі толькі пачыналі выходзіць нацыянальныя падручнікі па гісторыі, калі мы вышуквалі ў новых часопісах і кніжках дадатковыя матэрыялы пра Гедыміна, Стэфана Баторыя, Бону Сфорца, Льва Сапегу. Гэтыя імёны зачароўвалі, рабіліся асновай тваёй свядомасці, твайго гонару і нават твайго штодзённага існавання.
Шмат у чым на такое стаўленне да гісторыі і на свядомае адчуванне сябе беларускай паўплываў бацька. У яго была моцная нацыянальная самасвядомасць. Таксама ён вучыў, што варта шукаць праўду.
А яшчэ ў нас была цудоўная настаўніца па гісторыі. Мы ведалі пра гісторыю Беларусі ўсё. Менавіта дзякуючы ёй словы «нацыянальная самасвядомасць» сталі аднымі з самых галоўных у маім жыцці. Ды і роднае Маладзечна заўсёды было горадам, у якім моцна адчуваўся дух свабоды і патрыятызму.
Пасля часта падарожнічала, шмат у якіх краінах атрымалася пабываць. Пабачыўшы свет, яшчэ больш запэўнілася, што кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая, і варта ганарыцца тым, што маеш. І мова нашая сапраўды, як казаў Багушэвіч, такая ж людская і панская, як французская, нямецкая ці іншая якая.
Аляксей Валабуеў: На мяне паўплывала пачуццё справядлівасці
— Я вучыўся ў школе па «бел-чырвона-белых» падручніках. Але пасля школы ўвогуле не цікавіўся беларушчынай. Не магу сказаць, што на маё вяртанне ў «бел-чырвона-белы» свет паўплывалі нейкія палітычныя падзеі. Калі казаць папросту, дык нельга было трываць далей несправядлівасць. А «Белоруссия» — гэта несправядлівасць.
На жаль, я не размаўляю ўвесь час па-беларуску. Гэта звязана і з працай, і са старымі знаёмствамі. Комплекс яшчэ да канца не пераадолены:) А моўны комплекс, бадай, самы цяжкі. Ён вымагае ці не найбольшых высілкаў, каб ад яго вызваліцца.
Зрэшты, мова — гэта яшчэ далёка не ўся беларушчына. Натуральна, тут я маю на ўвазе архітэктуру, музыку, жывапіс, скульптуру і шмат чаго яшчэ.
Я не магу сказаць, што асяродак свядомых беларусаў — гэта проста клуб па інтарэсах. Гэта як паралельны свет, які, што праўда, усё часцей перасякаецца са сваёй паралеллю.
Іван Осіпаў: Я знайшоў адабранае
— Я нарадзіўся ў 1985 годзе ў Гомелі, але вырас ў вёсцы Абакумы. У дванаццаць год пачаў захапляцца гісторыяй, археалогіяй. Дарэчы, у школцы беларуская літаратура і мова мне падабаліся больш за расейскую літаратуру і мову. Калі меў пятнаццаць год, у Абакумы прыехалі археолагі і я пайшоў да іх памочнікам. Аднойчы яны пачалі мяне распытваць, што я ведаю не толькі пра блізкія, але і пра аддаленыя ад нас мясціны? Менавіта тады я неяк у адзін момант адчуў, як моцна звязаны з маёй вёскай ды яе наваколлем. І з гэтага адразу заняўся краязнаўствам.
Яшчэ праз два гады я зразумеў, што гісторыя маёй вёскі — гэта частка вялікай гісторыі ўсёй Беларусі, якая настолькі ж мне блізкая, як і мясцовая гісторыя.
Але канчаткова я вырашыў, што я беларус, калі прачытаў кнігу Леаніда Дайнекі «След ваўкалака». І аж спалохаўся, калі зразумеў, колькі ведаў мне бракуе.
Тады я пачаў скупляць беларускія кнігі, беларускую музыку, каб запоўніць пустоцце ўнутры сябе, каб вярнуць тое, што ў мяне адабралі, а я знайшоў!
Алесь Залескі: Паўплывала музыка
— Я нарадзіўся ў Растове-на-Доне, і калі не лічыць двух гадоў, калі гадаваўся ў бабулі ў Рэчыцы, увесь час жыў у Расеі. Бацькі мае расейскамоўныя. Не магу сказаць, што яны неяк паўплывалі на маю беларускасць. Дваццаць пяць гадоў свайго жыцця я адчуваў сябе расейцам і нават ганарыўся гэтым!
У канцы 2005 года я чарговым разам прыехаў з Піцера ў Рэчыцу на адпачынак, падчас якога звярнуўся да сябра-аднакласніка, каб той параіў мне які-небудзь беларускамоўны гурт — хацелася прывезці дадому якойсьці экзотыкі. У выніку набыў два CD гурта «Крама».
Спачатку я здзівіўся існаванню беларусаў, якія размаўляюць на роднай мове не таму, што адказваюць на занятках па беларускай літаратуры, а таму, што любяць яе. Ну і галоўнае — беларускамоўная музыка, бо я і ўявіць не мог, што яна ёсць і што ў яе такія разнастайныя стылі! Гэта было сапраўднае адкрыццё. Дзесьці праз два гады і мая першая песня на беларускай мове пад назвай «Пустэча» (гурт «Люэс») з’явілася ў сеціве.
Быць беларусам, усведамляць сябе беларусам — гэта адчуванне такога велізарнага шчасця, што больш нічога і не трэба, застаецца толькі памерці.
Віктар Казлоў: Мяне ўскалыхнула ідэя беларускай дзяржаўнасці
— У дзяцінстве ў мяне не было асаблівага адчування нейкай нацыянальнай прыналежнасці. Толькі бабуля і дзядуля размаўлялі на беларускай мове. Па-сапраўднаму я адчуў сябе беларусам толькі пасля вяртання з навучання ў Расеі. Гэта было ў 1991 годзе — акурат калі разваліўся Савецкі Саюз.
На радзіме мяне амаль адразу ўскалыхнулі ідэі нацыянальнай дзяржаўнасці, самабытная культура, беларуская мова. Мы разам з жонкай пачалі «ісці» да беларускасці. Я пачаў зноў вывучаць беларускую мову, хоць і вучыў яе ў школе, але як нешта непатрэбнае.
Што праўда, дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алене Мікалаеўне тады я палюбіў творы беларускіх літаратараў — Коласа, Купалы, Караткевіча, Крапівы…
Быць беларусам для мяне — гэта адчуваць, што беларусы — адзін з многіх народаў на Зямлі са сваёй самабытнай гісторыяй, традыцыямі і культурай. Ведаць, што шмат беларусаў змаглі запісаць сваё імя ў сусветную гісторыю — і ганарыцца гэтым.
Таня Анікеенка: Ведаць, што ты не самотны
— «Да пабачэння-пячэнне» — тое нешматлікае, што трымае мая галава яшчэ з дзіцячага садка. Відаць, гэтае самае «пячэнне», што так надзейна засела ў маіх звілінах і сталася адным з самых першых (калі не лічыць мамінага захаплення адраджэнскімі ідэямі падчас цяжарнасці мною) штуршкоў для майго пазнейшага ўсведамлення сябе беларускай.
Вядома, гэта жарт, але ж хто ведае, мо і ў ім ёсць частка праўды. Сапраўднае ж усведамленне з’явілася значна пазней. Вядома, і да гэтага было разуменне, што я належу да пэўнай нацыі, быў дзённік з абрысамі Беларусі, «дзяржаўны сцяг» і «дзяржаўны герб» над дошкаю ў класах, але…
Гэта быў дзявяты клас, я перайшла ў новую школу і патрапіла «ў добрыя рукі» да настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Іванаўны Чырковай. Пазней у мяне з’явяцца «свядомыя» сябры, адпаведныя памкненні і веды. Але галоўным чалавекам у маім уласным «беларускім адраджэнні» была менавіта Алена Іванаўна, з якой і пасля заканчэння школы засталіся цудоўныя адносіны.
Што ж такое быць беларусам? Гэта значыць — ведаць, што ты не самотны. Ты — частка вялікай сілы са сваёю культурай, сваім менталітэтам, сваёю гісторыяй, якую, зрэшты, ты сам і ствараеш.