Яны ахоўваюць сваю таямніцу ад якіх-кольвек цэтлікаў. Але гэта якраз і правакуе даць азначэнне. Самае простае з якіх: «О, беларус пайшоў».
Так, беларус. А ты хто? Пытанне, якое можа траўмаваць іншага чалавека, бо ён разумее, што дзесьці нешта прапусціў ці памыліўся, калі праз сваю рацыянальнасць абіраў сабе самаазначэнне. А часцей — пазбываўся самаідэнтыфікацыі.
І тады беларус ператвараўся ў трактар «Беларус». Дакладней, імітаваў з сябе машыну, як на сто працэнтаў рацыянальную і функцыянальную рэч. Аднак тут ёсць нюанс — трактарамі кіруюць, і кіруюць людзі.
А чалавек — гэта яшчэ і пачуцці: любоў і нянавісць, памкненні і ўчынкі, мары і планы, рух — жыццё.
І калі чалавек абіраў для сябе ролю безасабовага трактара, ён аўтаматычна аддаваў свой лёс у чужыя рукі.
І толькі з тымі, хто адкрыў і захаваў у сабе цуд, зрабіць нічога нельга. Бо імі немагчыма кіраваць.
6. Логіка
— Севярын, а ты расеец ці беларус? — дурное пытанне як на розум трох-чатырохгадовага хлопчыка. Я нарадзіўся ў Беларусі, бацька мой беларус. І дзед такі самы. Я, праўда, тады не ведаў, што прадзед мог быць і ліцвінам, і палякам. Але, народжаныя да бальшавікоў, са сваімі дзецьмі на такія тэмы не размаўлялі. Ад граху далей.
Нязручныя пытанні задаваў пасля я. «Мама, а чаму мы жывем у Беларусі, а па-беларуску мала хто гаворыць?». Ну вось як у 1979 годзе патлумачыць малому пра сталінскія рэпрэсіі, у тым ліку супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, пра татальную хрушчоўскую русіфікацыю, пра будаванне камунізму, дзе будзе толькі адна — расейская — мова?
«Так атрымалася, сынок». Зрэшты, бацькі ад самага нараджэння чыталі мне кніжкі, напісаныя беларускай мовай: «Сымон-музыка», «Рабінзон Круза», «Маленькі прынц»…
Але ж мы ўсяляк адрозныя ад іншых. Па-першае, назва. Слова «Беларусь» я бачыў перыядычна. Вось універмаг, вось магнітафон, вось трактар. Цяпер цяжка ўявіць, але тады ўсе гаварылі «Белоруссия».
Зрэшты, і «Белоруссия» — адрознасць. Вось які ў нас арыгінальны сцяг — з арнаментам. З ім старэйшыя хлопцы ідуць на футбол.
А вось касцёл. Гэта таксама адметнасць. Штосьці з далёкіх часоў іншай цывілізацыі. А вось мы паехалі ў Заходнюю Беларусь, і я ўпершыню дазнаюся, што ёсць людзі, якія жылі не пры савецкай уладзе. Гэта шок. Я размаўляю з тымі, хто памятае тую іншую цывілізацыю, дзе не было піянераў, і дзе дзяцей не лаялі за слова «я» замест «мы».
А вось я ў свае сем гадоў еду ў Грузію. Сяло Натанэбі, за некалькі кіламетраў ад той самай фабрыкі, дзе вырабляецца «Чай № 2». Мне цяжка гуляць з мясцовымі дзецьмі: ніхто з іх не разумее па-расейску!
А вось зусім побач з Менскам — Вільня. Іншыя літары, іншыя словы. Міне яшчэ не адзін год, калі я дазнаюся пра ВКЛ.
А вось украінскія цукеркі з зразумелымі, але адрознымі словамі на абгортцы. А вось дзеці прыехалі з Польшчы ў наш піянерскі летнік. З сацыялістычнай краіны, але апранутыя прыгажэй.
Паўсюль савецкая ўлада, аднак ва ўсіх штосьці сваё, адметнае.
І ў нас нібыта сваё, але чамусьці не па-беларуску.
Дзіцячая логіка — самая жалезная. Я выстаўляю бацькам прэтэнзію: чаму я не гавару па-беларуску? А бацька мне падкідае «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Я зачаравана пачынаю сам вучыць новыя, часам незразумелыя, словы.
Лагічны ланцужок замыкаецца. Праз колькі гадоў я стану больш дарослым, завярбуюся на раскопы Святадухаўскай царквы ў Менску. Там мяне будзе афармляць на працу кіраўнік раскопаў: «Дзе вучышся, ці ёсць дазвол ад бацькоў, ці ёсць медычная даведка?».
У мяне язык не павернецца адказаць на пытанні па-расейску. Упершыню ў жыцці я ў публічнай сітуацыі загаварыў па-беларуску. Мяне ўважліва слухаў Зянон Пазняк.
7. Бабулі і дзядулі
— Якая там беларуская мова? Панапрыдумляюць! Мы так заўжды гаварылі, і не было аніякай Беларусі, — баба Аня абураецца тэатральна, насамрэч смяецца.
Другая палова 1970-х. Цэнтральная Беларусь. У вёсцы Дусаеўшчына практычна ўсе гавораць прыроднай беларускай мовай, дзе «гарадскіх» трасяначных словаў ва ўжытку зусім няшмат.
100 км ад Менску, і ты трапляеш у іншы свет. Мы прывозім смачны гарадскі хлеб, а вязем дадому пальцам пханыя каўбасы і вэнджаныя кумпякі.
У Менску нейкі час я кажу з беларускім вымаўленнем, якое пагардліва клічуць «говором». Пагарда мне незразумелая. Але досыць хутка я вяртаю старыя — расейскія — наладкі ў маўленні.
Праз трыццаць гадоў у фотаконкурсе кампаніі «Будзьма беларусамі!» адна намінацыя завецца «Людзі Беларусі». Большасць герояў фотаздымкаў — старыя вяскоўцы.
Парадаксальным чынам людзі, якія адмаўляліся ад сваёй беларускасці на карысць «тутэйшай» ці «гарадской» самаідэнтыфікацыі, неўпрыкмет для сябе перададуць сваім унукам тое важнае, што немагчыма стварыць з нуля. Повязь з часам і зямлёй.
Колькі разоў я чуў ад старых пра тое, што яны проста людзі, а не беларусы. Пра неразуменне каштоўнасці мовы, якую «ў місу не насыплеш». Колькі наслухаўся кпінаў з гарадскіх, «якім няма чаго рабіць», як толькі вучыць «простую мову».
Але менавіта гэтыя людзі ад зямлі засталіся адзіным звяном бесперапыннай повязі з мінулым. Бо іншыя звёны — культура і адукацыя — былі амаль знішчаныя ідэалагічным напалмам, які не раз за ХХ ст. накрываў краіну.