Дарагi мой сябра Адам, прывiтанне!
Атрымала твае лiсты. Вельмi ўзрадаваў i павесялiў намаляваны чорт Ладак. Ён страшны, i я крышачку спалохалася. Ты напiсаў, маўляў, ён можа ўсё. Вось я i загадала яму прынесцi майго Адама ў Татахозу. А ён, супастат чорны, адмовiўся. А што ты можаш? Ён нiчога не адказаў. Ён, бач ты, пакрыўдзiўся.
Я вось села пiсаць табе, а ён зiркае на мяне з-пад iлба. А цяпер вось папрасiў, каб упiсала ад яго прывiтанне.
Вар’яцтва нейкае навокал. Суцэльная дурната. Мая вёска нагадвае могiлкi. Людзi жывуць, каб зарабiць на хлеб, а хлеб зарабляецца з адной мэтаю — жыць. А на могiлках iх чакаюць падрыхтаваныя месцы. Можна i не жыць, дастаткова паставiць помнiк, ён засведчыць пра тое жыццё больш, чым некалi зароблены i тады ж з’едзены хлеб. Замкнёнае кола, з якога нiхто ў Татахозе не шукае выйсця.
А мiж намi жалезная заслона: нi ты нiколi не зможаш прыехаць да мяне, нi я да цябе. Мы жывём у адным сацыялiстычным лагеры, але ў розных бараках. І самавольны пераход з аднаго барака ў другi караецца смерцю без помнiка на могiлках.
Як ты лiчыш, цi можа нармальная дачка не любiць бацьку? Я не люблю тату. Да мацi ў мяне iншае стаўленне, але i яе не люблю. Прыкра, сорамна, крыўдна, але ж не магу сябе прымусiць палюбiць бацькоў. Яны выклiкаюць у мяне пачуццё агiды. Асаблiва раздражняе тата. У яго пачалi выпадаць зубы. Не ведаю прычыны, але выпадаюць яны чамусьцi ўночы. А на ранiцу, у час снедання тата кладзе на стол свой, цяпер ужо нiкому не патрэбны, жоўты, пракураны, доўгi зуб i гаворыць кожнага разу адно i тое ж...
Птушкi ў вырай паляцелi!
Паляцелi птушкi ў вырай!
Гэта прыпеў з венгерскай народной песнi, але пры чым тут гнiлыя выпалыя iклы?
Мацi кажа: я вельмi падобная да бацькi, мы аднолькавыя i таму не можам паразумецца. Мана. Не буду я класцi на стол свае зубы.
Да 14 гадоў у мяне зусiм не было праблем. Ва ўсялякiм разе, тых, што прыйшлi зараз. Для сябе я iх акрэслiла выразам шмат думаць. І пачала забараняць сабе думаць. Натуральна. Сядаю ў фатэль i пачынаю думаць пра тое, што не думаю... Пустэльня. Пустэча. Вецер.
Пясок. Сыплецца. Шархацiць. Шэпча. Цiша. Пустэльня. Хрыстос. Самота. Словы, словы, словы... Я паўтараю асобныя словы. За iмi ёсць матэрыя, але няма мяне, бо мне забараняецца складаць з iх сказы, дазваляецца толькi цiха прамаўляць. Шэпт супакойвае. Маё маленькае адкрыццё: супакойвае не столькi малiтва, колькi шэпт. Адсюль i жаданне многiх народаў малiцца на малазразумелых мовах. Вось такi занятак я вынайшла сабе. Дапамагае.
Часам нейкая драбнiца пачынае раздражняць мяне так, што жыць не хочацца. У падобны стан трапляе чалавек з запарушаным вокам. Маленечкая парушынка, а прымушае скурчыцца велiзарнае цела. Так i са мною. Бацькаў зуб паранiў абалонку маёй душы. Мне захацелася схапiць сякеру i адсекчы бацькаву галаву, каб абухом павыбiваць з яе доўгiя жоўтыя зубы, каб яны больш не з’яўлялiся на стале падчас снедання.
Ты сам, Адаме, папрасiў пiсаць шчыра. Выконваю пажаданне. Толькi бачыш цяпер, што гэтага лепш не рабiць.
Я не ведаю цябе. Мне цяжка здагадацца, што табе цiкава, што цябе хвалюе i непакоiць.
Сёння я не ў гуморы.
Адам, вельмi хочацца цябе ўбачыць!
Плакаць не буду.
Р. S. У жаночым часопiсе я прачытала, што венгры маюць вялiкую схiльнасць да самагубства, як i наогул усе народы з фiна-угорскай групы. Сапраўды так.
Татахоза. 1976. Жнiвень. 7.
Твая Агi.
* * *
Можа, дэ Сад i падлiчваў — колькi кропель асалоды тоiць у сабе запланаваны здзек, а я ведаю адно — шмат. І асноўная сакаўная слодыч не ў самiх кпiнах, а ў чаканнi свайго ўзвышэння над абранымi ахвярамi. Яны i думаць не думалi, i ведаць не ведалi. Яны спалi i цiхенька ўцягвалi ленiнградскае гнiлаватае паветра праз чатыры дзiрачкi ў двух насах i так жа цiха выпускалi адпрацаваны лёгкiмi газ. Яны ж былi ў гасцях, а таму не маглi сабе дазволiць сапцi. Як i я не мог рыпець спружынамi старога, купленага знарок для гасцей, цёткiтосiнага фатэля. Я ляжаў перад сном i думаў пра Музей рэлiгii i атэiзму, што месцiўся ў Казанскiм саборы. У думках абыходзiў экспазiцыю i ўважлiва разглядаў прылады для катавання.
Мне спадабалася жалезная маска з даўжэзным доўгiм носам, на якi насаджвалi кавалак смажанага мяса, каб закутая ў кайданы ахвяра памерла з голаду, бачачы страву i чуючы водар смажанiны. Падобных прылад было шмат, поўныя сутарэннi, i ўсе яны належалi каталiцкай iнквiзiцыi. Зрэшты, i праваслаўная царква мела ў музеi адпаведны звярыны твар. На сценапiсе ў пякельным полымi гарэлi Леў Талстой i Мiхаiл Лермантаў. У класiкаў расейскай лiтаратуры былi акуратныя, нiбыта перамаляваныя з энцыклапедыi, тварыкi. Быў у Музеi рэлiгii i атэiзму адзiн беларускi твар, i нават не твар, а толькi профiль — на маленькiм фотаздымку, пад якiм стаяў подпiс: «Гiтлер вiтае здраднiка савецкага народа Абрамовiча, якi абвясцiў незалежнасць беларускай праваслаўнай царквы». На здымку Гiтлер усмiхаўся; мусiць, думаў пра блiзкае аб’яднанне Еўропы. Абрамовiч таксама ўсмiхаўся, мусiць, думаў пра доўгае жыццё беларускага фашызму. Абодва трымалiся за таўсцезную кнiгу. Хто каму дорыць цi перадае — няясна. Што за кнiга — невядома. Можа, Бiблiя, а можа, i «Мая барацьба».
З размовы пра аўтакефалiю беларускай царквы я i пачаў гутарку з Валодзем Бортнiкам. У яго стрыечны брат служыў папом, таму тэма зацiкавiла, Бортнiк нават сказаў... Мог i сапраўды быць факт суверэнiзацыi царквы. Але размова пра рэлiгiю была шырмаю, мяне зусiм не цiкавiў Гiтлер з Абрамовiчам, мяне хвалявала, як адрэагуе пара з несапраўдным каханнем на пару з каханнем сапраўдным. Цi спраўдзiцца мая надзея на ўзвышэнне. Спраўдзiлася. Бялькевiч звяла, згарнулася, як зрэзаная лiлея без вады. А я з садысцкай радасцю зазначыў, што прынiзiў сяброў. І апраўдваў сябе тым, што чалавека нельга прынiзiць да таго часу, пакуль ён сам не пажадае прынiжэння. Я меў поўнае перакананне — Бортнiк i Бялькевiч жадалi прынiжэння. А iнакш нашто ён паўсюль расказваў пра вельмi iнтымныя рэчы. А яна прынiжала яго капрызамi i бясконцымi патрабаваннямi. А я прынiзiў iх абаiх, бо побач з дохлым ценем мiнулай любовi паставiў жывое каханне з першага погляду.
Я атрымаў задавальненне, а ўсе астатнiя не цiкавiлi мяне, нават Агi, з якой у нейкiх кавярнях, на нейкiх паркавых лаўках я парастрасаў, параскiдаў, праўсмiхаўся тры наступныя днi. І зусiм нечакана для сябе працверазеў i ўбачыў — сяджу на чыгуначным вакзале адзiн.
У пачакальнi нiхто не спаў, бо мiлiцыянты забаранялi. Як толькi нехта заплюшчваў вочы, яны абавязкова падыходзiлi i патрабавалi дакументы. Гэта ў мiлiцыянтаў было накшталт гульнi-забаўкi, каб служба шпарчэй iшла.
Цётцы Тосi я сказаў, што з’язджаю ўранку, каб не хвалявалася. І яна, мусiць, не перажывала, а цiха, спакойна спала ў ленiнградскай камунальнай кватэры. А я не мог заснуць з-за мiлiцыянтаў. Ночы падзяляюцца на два станы: адзiн — калi хочаш спаць, а табе не даюць, а другi — калi не можаш заснуць. Спаць хацелася страшэнна. Я ўзяў сумку i пайшоў уздоўж перона, уздоўж пакгаузаў, паўз нейкiя склады, пералезшы праз паркан, знайшоў пад iм кардонныя скрынi з-пад халадзiльнiкаў i заснуў на iх, паклаўшы пад галаву сумку. Мне нiчога не прыснiлася. Звычайна ў мяне каляровыя сны яркiя i вельмi прывязаныя да сапраўднасцi, але нi разу ў мой сон не завiтала венгерка Агi Ляхоцкi. Перад тым як трапiць на вакзал, мы развiталiся, яна зайшла ў iнтэрнат, i больш я нiколi не бачыў Агi, якую пакахаў з першага погляду. Яна плакала, а я не плакаў. Агi была вельмi лёгкая на слёзы. Яна была лёгкая на ўсё — словы, пачуццi, лiсты, слёзы.
* * *
Дарагi Адам!