— Кожны твор у прынцыпе — гэта адкрыццё. Я ва ўсялякім разе не прыхільнік колькаснага нарошчвання вершаў. Мне цікава расці, мне цікава адкрываць. I калі кожны верш — адкрыццё, то, мабыць, яшчэ большае адкрыццё, калі адкрываецца нейкі жанр. Калі ўпершыню пачалі падступацца версэты — я яшчэ ніводнага слова з іх не ведаў. Але форма пачала акрэслівацца. Я доўга эсперыментаваў, звужаў, пашыраў, дзяліў на пэўныя рады, але спачатку прыйшло адчуванне формы. I потым яна стала напаўняцца канкрэтыкай. Але асноўнае ўжо адбылося, асноўнае — адкрылася форма. I гэтая форма ўжо як своеасаблівая хваля — ну вось ёсць радыёхвалі, і на іх агучваюцца менавіта такія рэчы, такія думкі, такія настроі, такія вобразы. А ў кнізе прысутнічае, можна сказаць, некалькі такіх хваляў, некалькі дыяпазонаў. У межах іншага дыяпазону версэт не адбудзецца. Адбудзецца вершаказ, адбудзецца зном, адбудзецца паэма, пункцір — кожны жанр валодае пэўным сваім перыядам, пэўнай частатой, пэўнай хваляй.
— Цікава, дзе тая мяжа, на якой аўтар адчувае розніцу жанраў?
— А я тут ужо дазваляю самому вершу, каб ён гаварыў за сябе, каб ён адбываўся. Калі ён адбываецца, ён сам ведае, куды яму ісці, куды яму цячы. Калі ён заўпарціцца і не захоча адбывацца, я нічога не змагу зрабіць, колькі б ні сядзеў за сталом: дзень ці два. I таму заўсёды творчасць — гэта пэўным чынам супрацоўніцтва. У ім два пачаткі; аўтар, які арганізуе твор, і той самы твор, які — магчыма, тут трошкі метафізікі — загадзя прысутнічае, і ён захоча адгукнуцца на тваю прапанову, на тваё слова. А калі захоча, то трэба слухацца, што ён табе гаворыць, што ён хоча сказаць, як ён хоча ўвасобіцца.
— Алесь Сцяпанавіч, можна сказаць, цаглінкамі ўсіх літаратурных форм з'яўляецца слова. Цікава, хто з вас вядучы, а хто вядзёны?
— Яшчэ раз — гэта ўзаемны працэс, двухісны. Папершае, каб пачаць пісаць верш, трэба ўжо каб была нейкая нота, водгук, імкненне. Калі гэтага няма, то, значыць, няма той матэрыі, з якой можна працаваць. Але калі ты злавіў слова, атрымаў водгук з прасторы — ты ўжо ў межах пэўнага жанру. Ты творыш верш, але пастаянна ўдакладняеш гэты свой верш з тым самым узорам, скажам так, архетыпам, які даў табе гэты водгук.
— Вы сказалі, што кніга «Паляванне ў райскай даліне», пра якую ідзе ў нас з вамі гаворка, найбольш поўна прадстаўляе вас як аўтара розных літаратурных форм. Як вы лічыце, спалучэнне ўсіх гэтых форм і пераход унутранага аўтарскага адчування ў іх мае пэўнае суаднясенне з часам, з падзеямі? Проста з нейкім касмічным, калі хочаце, станам творцы?
— Я думаю, што рэчаіснасць — яна адзіная, але ў залежнасці ад чалавека, ад яго настрою, ад яго «зараджанасці» — яна можа адгукацца або адным, або другім сваім бокам, пэўнай сваёй нотай. Рэчаіснасць універсальная, у ёй прысутнічае адразу ўсё. Яна дазваляе чалавеку гаварыць так, як здолее чалавек. I мне цікавая размова з рэчаіснасцю ва ўсіх планах, ва ўсіх іпастасях. Чалавечае жыццё ў нечым вельмі адноснае, вельмі ўмоўнае, але якраз у гэтай умоўнасці і ствараецца такі непераўзыдзены глыбокі сэнс, які, можа, і з'яўляецца злепкам самой рэчаіснасці! I гэта самае каштоўнае ўрэшце, што чалавек можа набыць.
— На маю думку, рэчаіснасць, у якой знаходзіцца творца, пэўным чынам пераўтвараецца ім у прастору моўную, у прастору гукавую. Пытанне такое: адчуванне слова, адчуванне гуку — як выяўляе гэту рэчаіснасць?
— Па-мойму, творцы, паэта няма без адчування слова, без адчування гуку. У паэзіі гук — не проста гук, ён становіцца гукасэнсам. І сфера гукасэнсу яшчэ не вельмі намі абазнана, не спазнана. Мы ў ёй рухаемся, паводзімся, знаходзім сябе навобмацак. Але нават у такім побытавым штодзённым жыцці мы ўсё ж такі адрозніваем сэнс аднаго гуку ад сэнсу, які нясе, дапусцім, блізкі гук, але ўсё ж не той самы.
Звярніце ўвагу, калі немаўлятам даюць імёны, як людзі перабіраюць гэтыя імёны і кажуць: вось гэтае пасуе, гэтае не пасуе, хаця імёны могуць быць вельмі блізкія або разнавіднасцю аднаго і таго ж урэшце кораня. У гуку закладзены ўжо сэнс. Адзінае, што мы яшчэ як бы не адчуваем, не разумеем, які сэнс там закладзены. Вось нават і маё імя: Алесь, Аляксандр, Саня, Шура, Саша — урэшце адно і тое ж імя, але кожнае слова нясе ўсё ж такі розную сэнсавую нагрузку і інфармацыю на ўзроўні інтуіцыі, і нездарма кажуць, што сусветы ў касмагоніі тварыліся гукам, вібрацыяй. Спачатку было слова.
Я ў сваёй творчасці гуку надаю вялікую ўвагу. I менавіта з увагі да гуку, з патрэбы гуку стаць сэнсам, відаць, і ўзніклі такія мае аўтарскія жанры, як квантэмы і як вершаказы. Напрыклад, квантэма, якая гучыць так (у ёй гульня на гуках, але гукі якраз становяцца гукасэнсамі): «Руіны запарушваюцца. Рунь уваскрашае руны. Неба блізка». Унутры вызначаных рытмаў, а мы ведаем гэтыя рытмы па падручніках са школьных яшчэ гадоў: ямб, харэй, дактыль, амфібрахій, анапест — існуюць больш тонкія рытмы. I гэтыя рытмы спалучаны якраз з чалавечым голасам, з чалавечай інтанацыяй. Таму што адным і тым самым рытмам, нават калі і складоў будзе аднолькавая колькасць, у радку можна апісаць зусім розныя рэчы. Але адметнасць гэтым рэчам, гэтым творам надае якраз глыбокі рытм, спалучаны з голасам, з інтанацыяй. I ў вершы важны не сам па сабе рытм, а якраз інтанацыя рытму, колер рытму, я сказаў бы. Вершы, мабыць, і ўзнікаюць як патрэба гэтай інтанацыі прабіцца, выявіцца, сказаць пра сябе. Тут варта яшчэ назваць уголас слова, якое прысутнічае ў маіх развагах — гэта ўжо пачуццё, але пачуццё, якое думае, разумее. Гэта проста, мабыць, новы стан творчага мыслення.
А што да гукавой прасторы, то, на маю думку, яна і ёсць мова. Тысячагоддзямі людзі, шматлікія пакаленні ў мову ўкладалі ўсё сваё жыццё, укладаліся самі. I ў гэты палетак укладаецца ўся зямля і ўсё неба. Укладаецца космас. I, паверце, што ў космасе маюць вартасць не толькі нейкія новыя з'явы, новыя думкі, але важны і тыя асновы, якія напрацоўваліся за гэтыя тысячагоддзі. Космас жывы, і ён зацікаўлены ў беларускай мове.
— У высокафіласофскай паэзіі Разанава як дапамагае аўтару адчуванне філасофіі гуку? Гуку, як першай прыступкі да ўсёй паэтычнай прасторы, калі хочаце...
— Якраз у падаснове прыгожага пісьменства і знаходзіцца гук. Гэта як, скажам, карані ў дрэва. Гук — гэта карані. А карані не любяць, каб іх мацалі, краталі, каб іх раскопвалі, выводзілі на святло — пакіньце ў спакоі карані, там, дзе яны знаходзяцца, - у цемры. Бо карані і самі выяўляюцца. Якім чынам? Праз тое ж самае дрэва: праз ствол, праз галіны, праз зялёнае лісце, праз кветкі, і калі кветка цвіце, то якраз тут і шукайце філасофію гэтых самых каранёў. I калі адбываецца твор, якраз у творы шукайце філасофію гуку. Ён, гук, прысутнічае вось такім апасродкаваным чынам. Але таму, што твор узнікае, што твор з'яўляецца — у гэтым якраз такая анталагічная філасофія гуку і праяўляецца, і прысутнічае.
— Алесь Сцяпанавіч, такія мініяцюрныя формы, як пункціры, што складаюць цэлы раздзел у новым зборніку «Паляванне ў райскай даліне», чым прывабліваюць вас як паэта? У чым іх хараство, іх асалода для творцы?
— Пункціры — гэта назіранне, думка, вобраз — тое, што заўважылася вакол сябе ў рэчаіснасці. Што пастукалася ў тваю душу, у свядомасць, што блізка падступілася. I грэба, каб зрок убачыў, а слых пачуў нешта істотнае, каб быў гатовы гэта ўспрыняць. Калі прыйдзе такое назіранне — тады яно можа стаць пункцірам.
Пункцір — гэта З, 4, 5, ну 6 радкоў ад сілы. Але ён валодае ўнутранай цэласнасцю і, мне думаецца, што маленечкі па аб'ёме пункцір па сутнасці сваёй нават большы, чым верш. Я недзе казаў пра гэта ці нават пісаў у зномах, што, калі верш — гэта як колас, як рунь, сцябліна, то пункцір — гэта зернейка. I калі паэма — цэлы колас, то ўсё ж такі адно зернейка — яно больш блізкае або сугучнае, або больш адпаведнае коласу, чым сама саломінка, сама сцябліна. I таму, мне думаецца, што нейкім чынам пункціры нагадваюць мікрапаэмы.
— I, можа быць, пункціры, складваючы гэту паэтычную аўтарскую мазаіку, аздабляюць яе пэўнымі іскрынкамі думак, настрою і ствараюць ледзь прыкметныя вехі творчай дарогі мастака?
— Безумоўна. Безумоўна, якраз гэтыя пункціры і заўважаюцца на дарозе. Седзячы дома, іх не напішаш. Трэба быць у дарозе, каб заўважыць тое, што адбываецца на дарозе.
— Гэта ёсць дыханне жыцця рэальнага?
— Так, рэальнага, таму што кожны чалавек непазбежна сустракаецца вось з гэтай матэрыяй. I яна яму блізкая, можа, як ніякая іншая.
— Я, зрэшты, хачу сказаць, што пункціры хораша прачытваюцца з вершаказамі. Чытач можа згадаць зараз папярэдні ваш зборнік...
— Маецца на ўвазе «У горадзе валадарыць Рагвалод»?
— Так, гэту кнігу склалі менавіта вершаказы і пункціры. I форма вершаказа на той час была прынята як адкрыццё, таму што ў беларускай паэзіі такога жанру раней не сустракалася. У зборнік «Паляванне ў райскай даліне» вы таксама ўключылі цэлы раздзел вершаказаў. Здавалася б: гэта форма вамі ўжо адпрацавана, ужо спазнаны вамі яе гук, музыка, мелодыка — і гэтае адчуванне, як вы любіце казаць, рэчаіснасці, бо ў вершаказах таксама побытавая аснова, у вершаказ уплятаюцца абсалютна рэальныя нейкія рэчы ці стан прыроды, ці адчуванне чалавека. То сёння на дарозе вершаказа што вам яшчэ сустракаецца?
— На гэтай дарозе сустракаюцца самі вершаказы. Таму што, я думаю, з вершаказамі не так усё проста: напісаў некалькі, паказаў, што яны ёсць, і досыць. Тут прадбачыцца цэлы пласт, цэлая з'ява. Па сутнасці, вершаказы — своеасаблівы эпас, мазаіка эпасу. Эпасу трохі незвычайнага, які спалучаны якраз з побытам, у першую чаргу з сялянскім, з усім нашым наваколлем. У гэтым наваколлі ёсць шмат з'яў, прадметаў. I кожны прадмет, кожная з'ява, якая мае сваю назву, сваё слова, сваё паняцце — яны, па сутнасці, хочуць агучыцца, яны хочуць расказаць пра сябе. Я ім даю магчымасць — яны расказваюць пра сябе. А мне застаецца толькі быць вельмі пільным і не сапсаваць гэтага расказу, гэтага апавядання. Можна сказаць, што ў вершаказах я вынайшаў нейкі свой спосаб рыфмоўкі, такую рыфму, якую я сам называю дамінантнай. Дамінантная рыфма — гэта тое імя, тая назва, якія маюць рэч, прадмет, з'ява. I ўвесь вершаказ падпарадкоўваецца, слухаецца гэтага ключавога слова, Ці гэта збан, ці грыб, ці павуціна, ці гузік, ці дуга, ці дзіда... У слове заўсёды прысутнічае таямніца. У ім закадзіравана нешта вельмі істотнае, цэлы пласт рэчаіснасці. Вершаказы па меры магчымасці расшыфроўваюць гэты код, дазваляюць слову, каб яно расказала, з кім яно сябруе, як яно адчувае іншыя словы. I, дарэчы, не толькі ў межах адной мовы, беларускай. Часам вершаказы выходзяць на такія памежжы, дзе пачынаюць адгукацца блізкія словы з іншых моў. Але хоць словы і вельмі блізкія па гучанні, а па сэнсе і зусім як бы тыя самыя, тым не менш, у кожнага слова ў сваёй мове ёсць свая розніца. I паколькі гэтае слова ў сваёй мове — гэта розніца адчуваецца і назапашваецца.
— А ўзаемадзеянне атрымліваецца?
— Безумоўна, атрымліваецца. Таму што гэта пэўным чынам як родзічы, як сваякі, якія апынуліся ў розных краях, ужыліся ў свае абставіны, краявіды, у сваё наваколле, але, аднак жа, яны адзін аднаго пазнаюць здалёк.
— Алесь Сцяпанавіч, калі вершаказ мае такую унікальную здольнасць вырастаць з побытавага, а Уолт Уітмен сцвярджаў (як вы згадвалі на пачатку гаворкі), што нават меню снедання паэта абавязкова адаб'ецца на яго вершы, а Ганна Ахматава ў свой час пісала: «Когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда», то як сутыкаюцца, на вашу думку, высокае і паўсядзённае ў мажлівасцях паэзіі, мастацкага слова?
— У старажытнага мудраца Гермеса Трысмігіста ў яго «Смарагдавай скрыжалі» ёсць такое азначэнне: «Тое, што ўнізе, падобна таму, што ўверсе. А тое, што ўверсе, падобна таму, што ўнізе». Урэшце, рэчаіснасць адзіная. I няма рэзкага размежавання паміж тым, што ўверсе і што ўнізе. I як толькі хто-небудзь хоча, каб гэта мяжа рэзка ўсталявалася — тут адбываецца вялікая трагедыя. Адбываецца вялікае непаразуменне. I трэба тады космасу, прыродзе прыкладваць свае намаганні, каб зноў усталявалася тая ўнутраная раўнавага, дынамічная раўнавага, якая заўсёды існуе паміж высокім і нізкім. I якраз у побытавым (а побытавае, дарэчы, я не зводжу да нізкага, якраз у побытавым сустракаецца высокае і нізкае). Там і цэласныя натуры, і цвітуць душы, і людзі даюць імёны рэчам. Згадайце, усе ўспаміны з маленства звязаны якраз з побытавым. Але таму, што гэтае побытавае асветлена такім непаўторным каляровым святлом — яно становіцца...
— Самым высокім.