Мужык — пэўная велічыня, у вершы яна акрэсліваецца і азначаецца як тое, што ёсць. Што да свету, то ён азначаецца іншымі велічынямі — няпэўнымі, яны абагульняюцца найменнем «усе» і, суадносячыся з мужыком, выяўляюць і атэстуюць сябе як смех з яго, як знявага яго, як нешта, што мае да яго дачыненне і, не жадаючы мець, адцураецца ад яго.
Яны ў свеце, мужык на ўскрайку свету — у тутэйшасці, і ў гэтым сваім сегменце мае магчымасць водступу з апанаванага імі свету: чашчавіком у мінулае і чалавекам — у наступнасць, Праз прызму сваіх заняткаў і станаў мужык акрэсліваецца і абмалёўваецца з розных бакоў, а праз яе ўскосным чынам таксама акрэсліваюцца і абмалёўваюцца няпэўныя велічыні, але тая велічыня, што называецца чалавекам, застаецца як бы па-за азначэннем. Які ён, што ён, дзе — ён выходзіць за межы верша і за межы свету.
Сваёй мужычай істотай мужык зрошчаны з рэчаіснасцю, у якой ён жыве, а чалавечай — з той, якая мае настаць. Мужык адначасова ёсць і становіцца: ён становіцца, бо ён ёсць, і ёсць, каб станавіцца. Як асоба мужык не мае і не знаходзіць сэнсу ў сваім існаванні: яно бессэнсоўнае не таму, што яно цяжкае, а цяжкае якраз таму, што бессэнсоўнае. Але калі яно набывае іншую інтэнцыю, калі яно становіцца існаваннем для кагосьці (ці чагосьці), тады яно становіцца не-асабовым існаваннем, існаваннем самога гэтага кагосьці (ці чагосьці), і тады набывае сэнс.
Так, мужык яшчэ робіць усё, што вымагае ад яго яго мужыцкая доля, але ён ужо зрушаны са свайго месца, і таму, што зрушаны ён, зрушаны са свайго месца і свет.
Мужык — голас самога быцця. Яно знайшло ў мужыку адтуліну («дудку», «жалейку») — каб выявіцца адтуль, каб загучаць, каб здзейсніцца і каб стаць сэнсоўным. Адно выяўляючыся, яно набывае сэнс і, адно набываючы сэнс, яно адкрываецца чалавеку і дазваляе адкрывацца самому чалавеку, гэта азначае рабіцца тоесным самому быццю. Там, дзе свет смяецца і пагарджае, мужык пакутуе, думае, даследуе, чаму ўсё так адбываецца і адбываеццца менавіта з ім, і, вяртаючыся да зыходнай кропкі развагі, адкрывае ў сабе сябе.
Постаць мужыка — купалаўскага, багушэвічаўскага, коласаўскага, цётчынага — яшчэ не раз будзе прыцягваць пільную ўвагу даследчыкаў беларускай думкі, бо ён, мужык, не толькі першы герой новай беларускай літаратуры і не толькі першы яе паэт, але і першы яе сэнсатворца і вытлумачальнік сэнсу — герменеўтык.
ДАЙСЦІ ДА ПЕРШАГА СЛОВА МАЛІТВЫ
(Нататкі на палях вершаў Надзеі Артымовіч)
Танец захоплівае тых, што яму аддаюцца, як вір, і таму, што ён вір, ён забірае тых, што яму аддаюцца, з «чорнай зямлі» і ўздымае ў неба. Ён сцірае, пакідае па-за сабой іхнія імёны і абліччы, але ўзамен дае вялікае і недасяжнае; ён — тое вонкавае дзеянне, што растварае вонкавае ў руху, размыкае яго, што вызваляе з-пад яго ўлады крылатыя магчымасці; ён — рухомая дзейсная раўнавага, якая яднае зямлю і неба, і калі ён урэшце адпускае сваіх адданцаў, неба для іх становіцца страчаным небам, а зямля не набытай, а гэтаксама страчанаю зямлёй. Той, хто ў небе, смяецца і бачыць, што свет, у якім ён жыў, малы, той, хто на зямлі, смуткуе і бачыць, што свет вялікі.
Гусі не звязваюцца зямлёй і не раствараюцца ў небе: яны ўвасабляюць саму нашу, увасобленую інакш, а таму паланёную чалавечую існасць. Гусі ляцелі? Так. Гусі адляцелі? Так. Але тое, што мы гэта перажылі і ўведалі, пакідае нам нейкае, жыццёва істотнае сведчанне, аб саміх нас.
Асаблівасць слязы ў тым, што яе нельга ўбачыць: калі яна чужая — яна кропля вільгаці, калі свая — скажэнне, якое размывае абрысы акрэсленага свету.
Сляза — не аб'ект: яе нельга бачыць, але і не суб'ект: ёй нельга бачыць. Яна — іхняе сумяшчэнне, віртуальная сфера новага зроку.
Карціны тысячагадовай гісторыі, не пераломленыя праз гэтую сферу, сляпыя, і як бы многа іх ні было, яны не набліжаюць таго, хто іх бачыць, да разумення, што яны азначаюць і што азначаецца імі, не ўпускаюць у сваю таямніцу.
Убачаная сляза, як сляза на іконе,— знак цуду і сведчыць пра ўнутраную відушчасць таго, каму яна адкрываецца.
Тое, што ёсць,— цуд, які яшчэ належыць убачыць?!
Час, які паказваюць гадзіннікі і аб якім сведчаць календары,— нічыйны. Варажба мае справу з часам, пазначаным лёсам,— з асабовым часам. Аднак усё тое, што становіцца асабовым, сваім, становіцца разам з гэтым «расстайным» — падлеглым расставанню: у ім яно акрэсліваецца і выяўляецца і, застаючыся на месцы, ідзе з тым, хто ідзе. Сваё мае прыкмету універсальнасці і неўміручасці: снег не турбуецца, што ён растане, а вясна не спяшаецца надыходзіць, бо яна і так ужо ёсць.
«Белы сон» — нібы люстэрка: выяўлены варажбой, ён бачыць і ведае тое, чаго не бачыць і не ведае асоба («адзінокае дрэва»), хоць яно, «адзінокае дрэва», і ўвасабляе сабой тое, што бачыць і ведае сон. У «белым сне» няма ніякіх рэалій, ён — іхняя поўная адсутнасць, ён па-за месцам і па-за часам, і ў той жа час — ён сама відушчасць, якая ўсё бачыць, а таму ўсё мае ў сабе. Але, маючы, не супадае, а кантрастуе з усім («маўчыць чорнае карэнне»), Каб пераканацца ў ісціннасці варажбы, належыць кожны раз звярацца з часам, а, пераканаўшыся, думаць і перадумваць, як цяпер быць. Думанне і перадумванне — гэта тое, што чалавек мусіць рабіць сам, і якраз праз думанне і перадумванне чалавек апынаецца самому сабе сваім.
Выбеленая фігура — не белая фігура: яна спрошчаная, яна схематычная, яна пакінутая, але «чырвонае слова», што з яе раптам выбягае, — каляровы згустак шматколернага жыцця. Яно не простае і не складанае, і не запалоньваецца ніякімі наўмыснымі геаметрычнымі пабудовамі.
У жыцця няма схем, але гэгыя схемы ёсць у адносінах да жыцця, у навуцы аб жыцці: навука не можа распазнаваць жыцця, не распадабняючы яго, не актывізуючы ў ім схемы.
«Выбеленая фігура» гаворыць на мове навукі, «чырвонае слова» — на мове паэзіі, навука бярэ ў прыяцелі класіфікацыю, паэзія — гармонію, навука, каб бачыць, карыстаецца рыштаваннямі («дошкамі»), паэзія радуецца неспасціжнаму. На якой мове мусяць гаварыць узаемапаразуменне і згода?
Прыяцелі — т в а е.
Паўсляпыя люстры, манатонныя галасы, глухія вершы сведчаць пра той «паўстан», у якім змяшаліся, зблыталіся і не набылі свайго выяўлення сутнасныя пачаткі. Пераламаная фраза: «гавару не» — сінтагма гэтага «паўстану»: каб дыягнаставаць яго, яна пераймае яго паводзіны.
Утрываліўшыся і зрабіўшыся нормай чалавечага бытавання, «паўстан» навучыў чалавека не адказваць за самога сябе.
Той, хто не прымае гэтакай нормы, хто прагне быць спраўджаным і сапраўдным, апускаецца на «паўпрыступкі» ніжэй — і, быццам нажу, падстаўляючы сваё горла ветру, плыве на «замкнуты востраў». Замкнуты - значыць дастаткова пэўны і дастаткова існы. Але, магчыма, у выніку гэта ўздым на «паўпрыступкі» вышэй.
Здзяйсненне дазваляе адчуць глыбіню рэчаіснасці і гаварыць аб тым, што вынік у ёй існуе і пасля прычыны, і адначасова з прычынай, і да прычыны. Але — у сваім пласце, у падаснове існавання. Летнія, не ўзгодненыя з вынікам, учынкі, аформяцца ў шлях, які, мінуўшы плады і збор пладоў, пастукаецца ў «корань восені». У набалелы корань: у ім утварылася і выспела тое, што не сумяшчаецца з праяўленым светам паверхні,— герметычная прастора. Як сэрца жывой істоты венамі лучыцца з целам, гэтак, суадпаведная сэрцу, герметычная прастора лучыцца з рэчаіснасцю, аднак (што істотна!) венамі самой жывой істоты дзейнай асобы верша. У свеце, абумоўленым паверхняй, жыццё не з'яўляецца альтэрнатывай смерці, яно становіцца такім у тым «сардэчным» свеце, куды смерць не мае доступу. Невідочна, як плод з карэннем, з ім лучыцца верш.
Р. S.
Летняя пара мае ўсё і лёгка ўсё траціць. У гэтай шчодрай лёгкасці яе асаблівасць. Яна непазбежная і небяспечная для асобы, што застаецца пасля яе. Тады, калі страчваецца сама лёгкасць, вынік пачынае вяртацца да пачатку, да «кораня» — крытэрыю і меры. Корань у восені, і ён набалелы, а восень сама. Сама настолькі, што ў «набалелы корань» даводзіцца стукацца. Набалелы — бо лёгкасць была занадта лёгкаю, стукацца — бо разам з лёгкасцю асоба страціла і ключы, каб увайсці проста самой. Корань набалелы — і замкнёны (глыбока), і як раней з яго ўзыходзілі жыватворныя токі і ўводзілі асобу ў лета, так цяпер узыходзіць набалелае, што, як арыядніна нітка, прыводзіць асобу туды, дзе яна стукаецца самім сваім сэрцам. Калі перарываюцца капіляры, застаюцца вены, калі перарываюцца вены, з невядомай глыбіні ўзыходзіць невядомая ісціна — смерць. Аднак цяпер асоба сама скіравана ў гэтую глыбіню — у невядомае выйсце, да той «кроплі жыцця», у якой смерць перайначваецца і смяецца.
Там вершу адкрываецца нешта, што бачыцца сном, але што глыбейшае за сон.
У вершы дзейсніцца варажба рэалій. Усё скранулася, усё займела скрытае значэнне. Мы пазнаём знаёмае, аднак знаёмае ўжо не пазнае нас і не звяртае на нас увагі. Яно жыве сваім жыццём і асягае сваю мэту. Якую — мы яшчэ не ведаем, але калі яно асягне яе — даведаемся. Мы сочым за чыімсьці лёсам, і той, каго ён закране, таксама яшчэ сочыць за ім, як за чыімсьці.
Аднак «іграюць белыя лічбы» і, каб некуды і для нечага паспець, «мчыцца мчыцца конь зялёны», і ўжо акрэслілася месца з кодавым найменнем «вадапой». «Матчына крыніца» — пост-варажбоўная рэальнасць. Недзе глыбей за самую варажбу, яна ёсць, але які конь туды даімчыць? Тое, што наваражыла варажба — здзейснілася. Аднак апошняе слова застаецца ўжо не за ёй. Калі думка, што «завешана на матчынай яблыні», яблыняй прымецца, тады яна стане жывою і стане зноў жывым той, хто яе сюды скіраваў.