— Яно становіцца быційным. У сваёй творчасці я таксама напачатку, як на маю думку, зрабіў моцны рывок з побытавага. Ну, скажам, у рамантычнае. Але, калі набылася адлегласць, дзякуючы гэтаму самаму рыўку, то і побытавае пераарганізавалася, стала ўспрымацца па-іншаму. Ёсць у мяне паэмы, якія называюцца «Паэма рыбіны», «Паэма спанечніка», «Паэма палявання» — яны створаны на побытавай матэрыі, на матэрыі лёсу, таму што і лёс адбываецца якраз у звычайнай рэчаіснасці, у побыце. Ёсць і вершаказы, пра якія мы ўжо з вамі гаварылі, і з іх творыцца нешта, што прысутнічае толькі ў побыце. Але галоўнае, што ў гэтым самым побытавым адбываецца і дзейсніцца чалавек. Ён нідзе не можа адбыцца: ні ў самым высокім, ні ў самым нізкім — ён адбываецца якраз у побытавым.
— Алесь Сцяпанавіч, а чаму вы звярнуліся як перакладчык да паэзіі Хлебнікава? Што роднаснае, сугучнае вам, знайшлося ў яго паэтыцы? Чаму захацелася адчуць той гук і перавесці хлебнікаўскую мелодыю ў беларускае слова?
— Я думаю, тут трэба ўдакладніць. Можа, гэта не зусім пераклады. Бо ёсць жа ў перакладчыцкай практыцы такія формы, якія называюцца наследаванні, перастварэнні або нават «з». Я пазначыў публікацыі з Хлебнікава прыназоўнікам «з». Лічыце, што «з» — таксама своеасаблівы жанр. Што да Хлебнікава, то, ведаеце, ён такі паэт, якога нават перакладаць немагчыма. Ён становіцца проста прапановай для сутворчасці. Кажуць пра перакладчыка прозы, што ён раб, пра перакладчыка паэзіі — што ён заўсёды спаборнік з аўтарам. То якраз Хлебнікаў дае такую магчымасць вельмі-вельмі паспаборнічаць з ім. і, карыстаючыся зноў жа яго вершам, яго модулем, у сваёй мове стварыць нешта адэкватнае, актывізаваць яе паводле тых прынцыпаў, законаў, якія прапануе верш Хлебнікава.
— Алесь Сцяпанавіч, мне хочацца зараз перайсці да апошняга раздзела кнігі «Паляванне ў райскай даліне». Ён пазначаны вамі як «Зномы».
— Мы і пачалі нашу гаворку, здаецца, з гэтага раздзела?
— Так, бо мне падалося, што тэму нашай сённяшняй размовы можа акрэсліць той зном, якім заканчваецца ваш зборнік (я згадвала яго напачатку). Новы аўтарскі жанр, што дае афарыстычнае тлумачэнне той ці іншай мастацкай з'яве, нават самому працэсу творчасці,— калі пастукаўся ў вашы, так бы мовіць, паэтычныя дзверы? Гэта пэўная рэакцыя на сённяшняе літаратурнае жыццё альбо інтуітыўнае прачытанне твора мастацтва паэтам-крытыкам?
—Калі ў дачыненні да іншых жанраў можна казаць, што гэта паэзія філасофская, дык у дачыненні да зномаў, відаць, у першую чаргу выпадае сказаць, што ўсё ж такі гэта філасофія, але філасофія паэтычная. Тут жыве і вобраз, жыве і інтанацыя, жыве і гук. Зномы напачатку не мелі гэтакай назвы, ішлі як нататкі, нават як філасафемы. Зномы з'явіліся ўжо ў апошні час, калі рыхтавалася кніжка. З'явіўся адзін такі зном-назіранне, дзе я і гавару якраз пра такую з'яву, як зно. Зно — як мысліцельная рэчаіснасць, Дарэчы, потым у газеце «Культура» такі сшытак з'явіўся літаратурна-філасофскі, і слова «зно» туды перавандравала. Дык калі я толькі пачаў аб'яўляць зномы (а гэта канец 70-х гадоў), то мне казалі, ну навошта сціскаць літаральна ў адзін абзац тое, што можна разгарнуць у цэлы артьікул? А мне быў цікавы якраз адваротны працэс, каб думка, якая рассейваецца, разгортваецца на цэлы артыкул, каб яна сціснулася і прысутнічала амаль у якасці афарызму. Цікавай была гэта квінтэсенцыя. Тут, канечне, зноў мы сціснутыя, але якраз з гэтай сцісласці і вынікае новая якасць. Зномы значнае месца займаюць у кніжцы. Гэта ледзь не своеасаблівая кніжка ў кніжцы. Але яны назбірваліся з году ў год, і пытанняў не паўставала, ці рыхтаваць нешта асобнае, ці ўключыць у кантэкст іншых паэтычных жанраў. Я яшчэ раз пагартаў, паглядзеў і адчуў, што ўсё ж такі яны прыналежаць не толькі філасофіі, не толькі крытыцы, не толькі літаратуразнаўству, але і паэзіі, і я далучыў іх да чыста паэтычных жанраў.
— Яны сталі вельмі цікавым дапаўненнем да астатніх раздзелаў, нават пэўным падсумаваннем гэтага выдання. Мусіць, у гэтым і ёсць своеасаблівасць творцы, калі ён здольны спалучыць абсалютна розныя, на першы погляд, жанры, якія ў судзеянні набываюць новыя рысы і яшчэ больш высвечваюцца, як шматграннік, сваімі гранямі. У залежнасці ад таго, як падае праменьчык святла на іх, яны і даюць нам свой знак: сваё цяпло або, наадварот, халоднае рацыо, якое, дарэчы, усё роўна звязана з чалавечай цеплынёй. Алесь Сцяпанавіч, а што яшчэ можна ўгледзець на распрацаваным даляглядзе «Літаратурныя формы Разанава»?
— У свой час крытык Анатоль Сідарэвіч казаў, што ў беларускай паэзіі Разанаў сам накірунак і сам школа. Так да зномаў, калі карыстацца гэтай тэрміналогіяй, хутчэй адносіцца слова «школа». Гэта было ў той час, калі я распачынаў свой паход на засваенне новых паэтычных абсягаў. Я думаю, што гэты паход доўжыцца. Ён будзе доўжыцца, таму што недзе закладзены ў душы той няўрымслівы ген, які не хоча працаваць на колькасць, яму трэба нешта адкрываць, казаць тое, што дагэтуль не казалася. I ў «Мастацкую літаратуру» здадзены рукапіс новай кнігі, якая мае назву «Рэчаіснасць». Там будуць тыя самыя жанры, пра якія мы і сёння гаварылі, але будзе, можа, эксперыментальны, а можа, нават і дужа-дужа традыцыйны жанр: ён мае назву ўмоўную — узнаўленні. Я звярнуўся да нашай гісторыі, да гісторыі беларускай літаратуры і паглядзеў, якія мы бедныя і ў той жа час — багатыя. Бедныя таму, што не актывізавалі некаторыя пласты, якія засталіся ў гісторыі. А багатыя таму, што там столькі многа ўсяго, такое ёсць, што калі б гэта актывізавалася, увайшло ў сённяшні дзень, то, відаць, усе суседзі сказалі б, што беларуская літаратура — адна з самых багатых у Еўропе.
Я звярнуўся да тэкстаў, да постацяў старажытных аўтараў. Яны тады не пісалі так, як пішам мы цяпер, але тым не менш у іхняй сінкрэтычнай мове — ці гэта прадмова да нейкай кнігі, ці гэта слова святарскае, як казанне, як пропаведзь — у іхняй мове, вельмі насычанай, вобразнай, ужо прысутнічае паэзія. Мая роля была як бы ўзнавіць тое, што стваралася тады, сродкамі сучаснай беларускай мовы. Зрабіць пэўную рэстаўрацыю. Таму што тыя тэксты красамоўныя і даступныя толькі невялікаму колу даследчыкаў, знаўцаў. Мяняецца не толькі час, не толькі жанр, літаратура, але і сама мова. Тая мова, якая была арганічная і ўласцівая таму далёкаму часу, цяпер ужо становіцца амаль няўцямнай. Такі вось дыялог.
У спадчыне заўсёды існуюць два пачаткі: колішні, калі чалавек нешта зрабіў, сказаў, напісаў — і цяперашні, калі наш з вамі сучаснік слухае, разумее, актывізоўвае той пачатак, той тэкст, тую постаць. Без гэтага другога полюса, без актыўнага цяперашнягэ пачатку і спадчына немагчыма, яна ператвараецца ў суму музейных экспанатаў. А мы ж мелі і высокую паэзію, літаратуру. I таму ёсць у будучай кнізе цэлыя пласты гэтых узнаўленняў: і Кірыла Тураўскі, і Францішак Скарына, і Мялецій Сматрыцкі, і Васіль Цяпінскі і іншыя, яны гучаць як нашы сучаснікі.
— Жывая паэзія, якая ідзе ў сённяшні дзень і звязвае чытача, увогуле нашага сучасніка з гісторыяй, з мінуўшчынай.
— I, мяркуючы па тых тэкстах, можна сказаць, што ў нас ёсць і высокая тэалогія і глыбокая паэзія.
— Гэта цікава. Тады яшчэ ў працяг пытанне: гістарычная мажлівасць паэзіі і гістарычнае ў паэзіі?
— Хоць гісторыя адзіная, але кожны чалавек, і творца ў тым ліку (а можа, найперш ён), усталёўвае з гісторыяй свой дыялог, Абжывае па-свойму, актывізуе ў ёй тыя пласты, якія яму найбліжэй, кліча з гісторыі тыя постаці, якія яму зараз нешта кажуць. Нават у сучаснасці, цяпер, у сённяшнім дні ў нас ёсць зноў-такі свае знаёмствы, свае адносіны да людзей, ёсць свая ўлюбёная тапаграфія. I гісторыя зноў-такі чалавекам успрымаецца і клічацца праз прызму сучаснасці, праз прызму таго, хто ён ёсць цяпер. Мае гутаркі з гісторыяй ужо таксама маюць сваю гісторыю. У колішнія часы гэта былі вершы: і «Арышт Кастуся Каліноўскага», і «Папярэджанне», дзе паўставаў вобраз Ефрасінні Полацкай. Цяпер гэта згаданыя вышэй узнаўленні, а нядаўна з'явілася новая рэч — паэма «Усяслаў Чарадзей», яна друкавалася ў часопісе «Крыніца».
Увогуле, скажу, што, мабыць, у апошнія часы, у найбольш такія інтэнсіўныя часы з жыцця нашага грамадства мяняецца кантэкст гісторыі, нават мера кантэксту гэтай самай гісторыі. Што да мяне, дык я раптам пачаў пачувацца, што я жыхар Вялікага княства Літоўскага.
— Цудоўнае пачуванне!
— I гэтае адчуванне дапамагае мне ўваходзіць, скажам, у кантэксты іншых народаў як свайму чалавеку. Проста жыхар Беларусі — я не маю ўваходу ў тыя самыя кантэксты. У Еўропе і па-за межамі яе мяне вельмі кепска ведаюць, амаль не ведаюць. Але калі я станаўлюся жыхаром Вялікага княства Літоўскага, я папросту ўваходжу ў Еўропу і мяне там, так сказаць...
— Прымаюць як свайго.
— Прымаюць і ведаюць. Гэта трошкі жарт, але ў гэтым жарце ёсць і доля праўды і свой сур'ёз. Нам трэба ствараць яшчэ асновы. Скажам, тая ж літаратура. Гавораць, гэта працэс, рэчышча. Але калі яшчэ не створаны асновы, то гэты працэс можа апынацца гакім хісткім і ўвогуле аказацца пад пагрозай. Я што маю на ўвазе? Павінны быць актывізаваны, створаны, даствораны, а можа і пераствораны некаторыя асновы, з якімі самаідэнтыфікуецца народ, народная свядомасць. I тут яшчэ мы маем вялікую патрэбу і ў гістарычных творах, і ў сваім эпасе. Эпас таксама бывае вельмі розны. Ён можа быць створаны і на аснове гістарычных падзей, і на аснове фальклору. А ўрэшце эпасам можа быць і ўзноўленая сума тых самых твораў, пісьмовых твораў, якія ў нас ужо ёсць, але якія ляжаць у нашых запасніках, у нашай спадчыне. Вось калі будуць створаны гэтыя асновы, тады пагрозы нацыянальнаму існаванню, відаць, не будзе. Яна не пасмее падступіцца тады да народа.
— Пытанне апошняе. Апесь Сцяпанавіч, на пачатку нашай размовы вы казалі, што творца заўсёды на пэўным шляху, што менавіта шлях вызначае яго жыццё, яго сутнасць. У такім разе, вы — як падарожнік гэтага шляху — як сёння сябе пачуваеце?
— Яшчэ раз: адрозненне шляху ад усталяванай дарогі, якую можна вызначыць і планаваць далёка наперад, у тым, што шлях — гэта заўсёды жывы дыялог. Жывы дыялог з тымі самымі рэаліямі рэчаіснасці, з тым самым сённяшнім днём, які заўсёды нечым адрозніваецца ад учарашняга, ад папярэдняга, Я дазваляю... Дазваляю, каб гэты дыялог адбываўся. I не хачу глушыць тыя самыя тонкія галасы, якія ўваходзяць у гэты дыялог, у гэту размову. Бо калі я сваёй воляй, сваім голасам нешта вызначу або прадвызначу — тыя тонкія галасы і тыя самыя тонкія сферы скажуць: ну а навошта тады мы? А паэзія якраз мае справу з рэчаіснасцю ва ўсім яе маштабе. I тонкая рэчаіснасць там займае вельмі і вельмі істотнае месца.
—Хай доўжыцца ваш шлях, і дзякуй вялікі за гэтую гутарку.
ЖЫТА I ВАСІЛЁК
Слова пра Максіма Багдановіча
Такое ўражанне: Максіма Багдановіча чытаюць і перачытваюць не толькі прыхільнікі і знаўцы паэзіі, але і сам час, самі падзеі — нібы забыліся нешта і намагаюцца ўспомніць — звяртаюцца да яго за падказкаю і парадай.
Дзіўна, але цяпер, калі крычаць і заяўляюць аб сабе далёка не паэтычныя рэчы, калі беларуская рэчаіснасць стурзана супярэчнасцямі, ён актуальны больш чым хто іншы, ён, пра якога мы кажам, што гэта паэт чыстай красы. Дык што ведае Максім, чаго не ведаем мы? Што памятае, чаго не памятаем мы? I што — якія токі, якія сілы, якія вобразы — жывяць гэтую актуальнасць?
Думаю, адказ тоіцца ў самой з'яве красы, увасобленай Максімам Багдановічам у сваіх творах: яна той непаўторны «згук», на які адгукаецца беларускае светаадчуванне, яна той адмысловы знак, праз які беларускае распазнае, што яно беларускае. З'ява красы і з'ява Беларусі ў творчасці Багдановіча зродненыя і неаддзельныя адна ад адной, як зоркі-двайняткі. «Каторыя так блізкі паміж сабой і так суцэльна зліваюць сваё святло, Што нам здаюцца адною зоркаю»,— як пісаў ён сам. Усё прыгожае ў яго беларускае і гаворыць па-беларуску, а беларускае, у сваю, чаргу, прыгожае і гаворыць аб слаўным, аб шчырым, аб запаветным і, само па сабе, аб прыгожым.
Можна перакроіць межы краіны — і каардыната геаграфіі мусіць згаджацца з дадзенымі акалічнасцямі;